Хату на замок ці пад відэаназіранне?

Важнае Здарэнні і бяспека

Летам многія любяць прыязджаць на малую радзіму ў вёску, дзе прыгожыя краявіды, свежае паветра, можна схадзіць у лес па грыбы і ягады.

На жаль, бываюць выпадкі, калі замест шчаслівых выхадных гаспадароў “доміка на прыродзе” чакае расчараванне. Ужо з парога яны прыкмячаюць, што ў іх адсутнасць нехта “пагаспадарыў” у жылых памяшканнях, адкуль зніклі самыя дарагія і запатрабаваныя рэчы.

Як абараніць сваю маёмасць ад злодзея, калі няма магчымасці жыць у вясковым доме пастаянна?

На пытанне адказвае следчы раённага аддзела Следчага камітэта Вольга Жыбко:

– Па-першае, дбайны гаспадар заўсёды праверыць спраўнасць усіх замыкальных прылад у доме і гаспадарчых пабудовах, закрые вокны на кручкі і шыльды, а найлепш – установіць на іх жалезныя рашоткі. Прысядзібны ўчастак таксама можна абнесці надзейнай агароджай, а веснічкі замыкаць.

Па-другое, жаданне нажыцца на чужой маёмасці добра “ахалоджвае” сістэма відэаназірання з папераджальнымі надпісамі на бачных месцах. Калі ж для чалавека такое ноу-хау занадта дарагое, то на крайні выпадак можна паставіць муляжы камер.

На дапамогу дачнікам амаль заўсёды гатовы прыйсці суседзі, калі яны ёсць. Вяскоўцы патэлефануюць і раскажуць, што адбываецца на вашым участку і ў доме, ці спрабавалі туды трапіць незнаёмцы.

Калі ж вёска маланаселеная і паблізу пастаянных жыхароў няма, варта часцей наводзіць парадак і абкошваць тэрыторыю вакол дачы: так будзе стварацца ўражанне, што гаспадары тут жывуць ці вельмі часта прыязджаюць.

Яшчэ адна дзейсная мера – не пакідаць на дачы інструмент і бытавую тэхніку, дарагія рэчы, а прывозіць іх з сабой і затым зноў забіраць дахаты.

Самае надзейнае – скарыстацца платнай паслугай па ахове жылых дамоў і кватэр. Для гэтага можна звяруцца ў аддзел Дэпартамента аховы па месцы жыхарства.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga