Караткевіч прапануе павялічыць дзяржпадтрымку адукацыі і медыцыны

Улада

Таццяна Караткевіч прапануе павялічыць дзяржаўную падтрымку адукацыі і аховы здароўя. Аб гэтым кандыдат у прэзідэнты Беларусі заявіла 30 верасня ў час сустрэчы з выбаршчыкамі Брэста, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

«Хачу падкрэсліць галоўнае: усё, што мы прапануем у гэтых сферах, гэта вярнуць якасць і даступнасць паслуг, якія яны прадастаўляюць. Але так, каб у нас ва ўсіх былі аднолькавыя магчымасці — у тых, хто жыве ў Мінску, Ваўкавыску, Івацэвічах, Брэсце. Для гэтага, мы лічым, трэба павялічыць дзяржаўную падтрымку гэтых вельмі важных сфер жыццядзейнасці. Сёння яны атрымліваюць разам 14 працэнтаў ад бюджэту, пры гэтым столькі ж ідзе на ўтрыманне дзяржаўнага апарату. Мы лічым, можна адшчыпнуць ад кіраўнікоў, якія атрымліваюць высокія зарплаты, і даць падтрымку тым дзеячам, якія вучаць і лечаць нас і нашых дзяцей», — сказала Таццяна Караткевіч. Прапанову сустрэлі апладысментамі.

Кандыдат азнаёміла выбаршчыкаў з асноўнымі палажэннямі сваёй перадвыбарнай праграмы, агучыла сваё бачанне вырашэння актуальных праблем грамадства, «каб дапамагчы выйсці краіне з крызісу», а таксама адказала на пытанні з залы. Гаворачы аб эканамічных рэформах, Таццяна Караткевіч выказала думку, што «заканадаўства ў адносінах да эканомікі павінна быць больш устойлівым і дружалюбным». «Самае простае, што мы можам зрабіць, і на гэта не трэба дадатковых грошай, гэта даць свабоду прыватнай ініцыятыве, магчымасць маладым людзям, людзям з вопытам рэалізаваць свае дзелавыя ідэі. Для гэтага трэба ўпарадкаваць наша заканадаўства ў сферы бізнесу, даць магчымасць працаваць, плаціць падаткі, ствараць новыя рабочыя месцы», — сказала кандыдат.

30 верасня адбылася 33-я агітацыйная сустрэча Таццяны Караткевіч з выбаршчыкамі ў якасці кандыдата ў прэзідэнты. За час выбарчай кампаніі яна ўжо наведала 70 гарадоў краіны і трэці раз прыязджае ў Брэст. Два папярэднія візіты былі звязаны з этапамі фарміравання ініцыятыўнай групы і збору подпісаў. Яна падзякавала прысутным у зале абласнога Палаца культуры прафсаюзаў выбаршчыкам і сказала, што для яе вялікі гонар быць кандыдатам у прэзідэнты Беларусі.

У час гутаркі з журналістамі, Таццяна Караткевіч паведаміла, што ў яе планы ўваходзіць наведванне 50 гарадоў у статусе кандыдата на пасаду кіраўніка дзяржавы. Паводле яе слоў, праблем і пытанняў на сустрэчах з выбаршчыкамі закранаецца вельмі шмат. «Яны датычацца якасці жыцця ў рэгіёнах, аплаты працы. Пытанне пенсій таксама вельмі актуальнае. Як малады палітык, я рада сустрэцца з кожным чалавекам, які прыйшоў на маю сустрэчу. А такіх людзей шмат, і з кожным днём іх становіцца больш», — адзначыла кандыдат у прэзідэнты.

Logo BelTA



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *