З рабочым візітам Дзятлаўшчыну наведаў Андрэй Мацюшэнка

Важнае Улада

12 сакавіка ў Дзятлаўскім райвыканкаме начальнік галоўнага экспертна-прававога ўпраўлення Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь Андрэй Мацюшэнка правёў прамую тэлефонную лінію і асабісты прыём грамадзян.

Зваротаў ад дзятлаўчан не паступіла. Разам з тым Андрэй Юр’евіч расказаў аб праблеме, якая часта хвалюе беларусаў.

– Думаю, гэта тэма актуальная і для Дзятлаўшчыны – стан дарогаў, – зазначыў Андрэй Мацюшэнка. – Сапраўды, людзі жадаюць, каб яны былі асфальтаванымі і максімальна добраўпарадкаванымі. Аднак аднамомантна ўсё зрабіць не атрымаецца, аб чым нядаўна ў сваім выступленні вёў гаворку кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка. Зразумела, што першачарговую ўвагу трэба звяртаць на найбольш запатрабаваныя, сацыяльна значныя ўчасткі, напрыклад, па якіх дзеці дабіраюцца ў школы і дзіцячыя сады, каб па такіх дарогах непаўналетнія маглі камфортна даехаць. Ёсць і іншыя ўчасткі, што дастаўляюць непрыемнасці людзям каля іх жылых дамоў. Для добраўпарадкавання такіх можна заказаць грэйдар, прывезці і падсыпаць гравій. Бо калі потым будаўнічыя работы прадоўжацца, то праведзены рамонт змарнуецца. Бюджэтныя грошы павінны выкарыстоўвацца эфектыўна і планава.

Безумоўна, падобныя пытанні можна вырашаць і праз грамадскія абмеркаванні з жыхарамі, каб людзі маглі ўнесці пэўную частку грашовых сродкаў, з астатнімі дапаможа мясцовая ўлада. Плюс яшчэ – дарога дарозе розніца: не заўжды і гэта прымальна. Важна ўлічваць стан грунту, правесці адпаведную экспертызу. Каб не склалася так: сёння асфальт паклалі, заўтра пайшоў дождж – і яго размыла. Зразумела, дзе патрэбен просты рамонт, яго можна выканаць і так, а капітальнае дарожнае будаўніцтва праводзіць толькі з праектам.

У рамках рабочага візіту Андрэй Мацюшэнка таксама наведаў ААТ “Дзятлаўская сельгастэхніка”.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga