Каб згубная залежнасць не зламала жыццё

Грамадства Свежыя навіны

Напярэдадні вясновых канікулаў у рамках мерапрыемстваў, якія супрацоўнікі міліцыі праводзяць сумесна са спецыялістамі службаў прафілактыкі для папярэджання ўжывання і збыту наркотыкаў у падлеткавым асяроддзі, у кінатэатры “Спадарожнік” горада Дзятлава адбылася сустрэча з навучэнцамі 8-11 класаў гарадскіх школ і гімназіі.

Да пачатку размовы непаўналетнім прадэманстравалі відэастужку “Эйфарыя зла”.

Начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх АУС Дзятлаўскага райвыканкама Віктар Петрукевіч расказаў аб прававых наступствах супрацьпраўных учынкаў, звязаных з незаконным абаротам наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналагаў, іх вырабам, перапрацоўкай, набыццём, захоўваннем, перавозкай або перасылкай. Патлумачыў, што такія незаконныя дзеянні караюцца крымінальнай адказнасцю і абмежаваннем волі на значныя тэрміны. Спыніўся і на патрабаваннях адміністрацыйнага заканадаўства. Ён заклікаў навучэнцаў таксама быць уважлівымі ў інтэрнэт-прасторы, дзе сустракаецца нямала прапановаў аб лёгкіх заробках ад адміністратараў наркашопаў. Як правіла, такое “супрацоўніцтва” прыводзіць закладчыкаў не да ўзбагачэння, а на лаву падсудных.

Інструктар-валеолаг Дзятлаўскага райЦГЭ Наталля Юрэня патлумачыла, чаму падлеткі з’яўляюцца катэгорыяй рызыкі і схільныя да ўцягвання ў супрацьпраўную дзейнасць, звязаную з незаконным абаротам наркотыкаў. Сярод асноўных матываў, якія кіруюць непаўналетнімі, яна назвала цікаўнасць, імкненне да новых уражанняў, уплыў моладзевай субкультуры, жаданне быць прынятымі кампаніяй, пошук пазбаўлення ад непрыемнасцяў, жаданне прадэманстраваць “даросласць”. Падкрэсліла, што дзеці найчасцей не ўсведамляюць, якую страшную небяспеку для жыцця і здароўя тояць у сабе псіхатропы. Задача дарослых – растлумачыць гэта і папярэдзіць, што згубная залежнасць можа настаць ужо з першых “дозаў”.

Пра карысныя альтэрнатывы баўлення вольнага часу на канікулах хлопчыкам і дзяўчынкам расказалі намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама Святлана Залучан і першы сакратар раённага камітэта ГА “БРСМ” Кацярына Хілімончык. Моладзевы лідар адзначыла, што ўжо з 25 сакавіка да работы прыступяць першыя студатрадаўцы з ліку старшакласнікаў, а працаваць яны будуць на базе РУП ЖКГ.

Ірына СТЫРНІК
Фотаздымкі прадастаўлены арганізатарамі сустрэчы

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga