ГрадусПлюс. Свабодная вакансія

Важнае Грамадства

Хто з нас хоць аднойчы не сутыкаўся з прапановай аб выгадным працаўладкаванні? На прасторах сацыяльных сетак патрэбныя ўсе спецыяльнасці: ад работнікаў у інтэрнэт-магазіна – да менеджараў і праграмістаў.

Хуткая вучоба, занятасць пару гадзін у дзень, стабільна высокі даход і ніякай рызыкі – запэўніваюць працадаўцы. Як правіла, такія аб’явы выклікаюць толькі паблажлівую ўсмешку, маўляў, ну-ну, ці ўсё ў вас так добра?..

Але актыўныя рэкрутары ідуць далей і прапануюць работу ўсімі даступнымі спосабамі. Напрыклад, у лістоўках, якія цудоўным чынам з’яўляюцца разам з перыядычнай прэсай у паштовых скрынях. Адна з апошніх, якая патрапіла мне на вочы, расказвала аб вакансіі адміністратара-пакаёўкі для вядзення кватэрнага бізнесу ў нашым горадзе (без удакладнення, якім канкрэтна населеным пункце), магчыма падпрацоўка. З інфармацыі аб наймальніку – толькі нумар тэлефона.

Не надта празрыстая схема і спосаб найму, улічваючы, што, каб падаць падобную аб’яву, напрыклад, у раённай газеце “Перамога”, усе без выключэння заяўнікі абавязкова паведамляюць свае даныя, нумар пасведчання аб рэгістрацыі і прадастаўляюць пацвярджальныя дакументы.

Каб высветліць, хто, каго і для чаго насамрэч наймае, патэлефанавала па нумары ў лістоўцы. Адказаў нейкі Яўгеній, адразу пацікавіўся, з якога горада званок, распытваў пра мяне як саіскальніка, аднак інфармацыю пра фірму, куды набіраюць персанал, удакладняць не спяшаўся. Толькі “ціснуў” на аўтарытэт: буйная кампанія ў Мінску, кватэры ў многіх гарадах Беларусі, вялікая каманда, больш за 100 чалавек, аўтарытэтнае кіраўніцтва… Ніякай падрабязнай інфармацыі, канкрэтыкі  і размовы аб гарантыях. Астатняе, маўляў, пры асабістай сустрэчы ў час падпісання дагавора. У выніку з боем усё-такі ўдалося даведацца назву фірмы (калі яна праўдзівая і мяне не падмануў суразмоўца). Якая-ніякая інфармацыя пра яе дзейнасць знайшлася на прасторах інтэрнэта. Але засталося незразумелым, навошта ў наш час, калі паўсюль дзейнічаюць махляры, падбіраць персанал такім дзікунскім, заведама нелегальным спосабам?

З гэтым пытаннем дапамагла разабрацца намеснік начальніка аддзела па працы і занятасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Ірына Баравік:

– Згодна з заканадаўствам наймальнікі абавязаны на працягу пяці дзён па вызваленні свабоднай вакансіі апавясціць органы па працы і занятасці аб наяўнасці працоўных месцаў. Неабавязкова паведамляць інфармацыю толькі ў тым выпадку, калі адшукваюцца работнікі на перспектыву. Калі гэта індывідуальны прадпрымальнік або фірма, у любым разе ўказанне рэквізітаў у рэкламнай аб’яве абавязковае. З другога боку, усе, хто мае патрэбу ў рабоце, могуць без уцягвання ў нелегальныя схемы напрамую звярнуцца ў органы па працы і занятасці, дзе мы пастараемся падабраць месца кожнаму. На сёння ў раёне больш за 530 афіцыйных вакансій, па кожнай з якіх будзе заключаны працоўны дагавор з запісам у працоўную кніжку. Калі няма магчымасці прыехаць да нас або хочацца разабрацца самастойна, дастаткова зайсці на партал “Рэспубліканскі банк вакансій”, дзе ёсць актуальныя прапановы працаўладкавання па ўсёй Беларусі.

Наталля АВЯРЧУК   

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga