ГрадусПлюс. “Бар” пад адкрытым небам

Важнае Грамадства

Прыемна, што гэту рубрыку ў газеце “Перамога” не проста чытаюць, але і звяртаюцца ў рэдакцыю па дапамогу ў вырашэнні надзённых праблем.

Так, у горадзе мяне сустрэла жыхарка вуліцы Леніна райцэнтра са словамі:

– Напішыце пра нас, можа, дапаможа …

Праблема аказалася банальная, але чамусьці пакуль не вырашаная. Амаль у цэнтры Дзятлава размешчаны будынак, у якім цяпер знаходзіцца магазін “Тавары для дома”. За яго фасадам невялікі праход да кацельні, палоска зямлі, шырынёй метра два, за якой ідзе прыватная тэрыторыя.

– Не так даўно будаўнікі райспажыўтаварыства вялі тут работы па пракладванні сетак камунікацыі, капалі, а будаўнічыя матэрыялы да канца не прыбралі, – расказвае дзятлаўчанка. – Ды гэта яшчэ паўбяды.

Па яе словах, невялікі “апендыкс” за магазінам упадабалі аматары гарачыльных напояў – цэлы “кругласезонны” бар пад адкрытым небам! П’юць, тару тут жа пад ногі кідаюць, яшчэ і свае натуральныя патрэбы спраўляюць, не адыходзячы ад месца. І ўсё гэта ледзь не пад вокнамі жанчыны і іншых суседзяў. А ў цёплае надвор’е, калі зямля падсыхае, увогуле дыхаць немагчыма. На момант нашай размовы карціна на тым месцы была больш чым пераканальная: праблема ёсць і патрабуе вырашэння.

Як аказалася, будынак дагэтуль знаходзіцца ва ўласнасці Дзятлаўскага філіяла Гродзенскага аблспажыўтаварыства. Таму пытанне аб выхадзе з дадзенай сітуацыі мы адрасавалі яго дырэктару Мікалаю Гародку.

– Мы правялі інспекцыю і ўпэўніліся, што праблема сапраўды існуе, – адзначыў Мікалай Віктаравіч. – Неаднаразовае прыбіранне смецця на гэтым участку не дало доўгатэрміновага эфекту. Будаўнічыя работы былі завершаны, таму матэрыялы, якія засталіся пасля іх, будуць утылізаваны ў бліжэйшы час, а на праблемным участку ўстановім агароджу. Што тычыцца распіцця спіртных напояў у грамадскім месцы, якое дазваляюць сабе некаторыя грамадзяне, папрашу суседзяў быць пільнымі, паведамляць аб гэтым у аддзел унутраных спраў райвыканкама.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga