Будучыня ёсць або З цэнтра – у цэнтр

Грамадства Свежыя навіны

Для пераемнасці і міжведамаснага ўзаемадзеяння 4 сакавіка была арганізавана сустрэча з бацькамі выпускнікоў 2023-2024 навучальнага года Дзятлаўскага раённага цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі.

З законнымі прадстаўнікамі асаблівых дзяцей сустрэліся спецыялісты аддзялення сацыяльнай рэабілітацыі, абілітацыі інвалідаў Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна Алена Калюцік і Інэса Стырнік.

У час размовы загадчыца Алена Калюцік спынілася на мэтах і задачах аддзялення, азнаёміла прысутных з асноўнымі формамі работы з інвалідамі, якія практыкуюцца ў цэнтры, пералічыла мерапрыемствы, што традыцыйна ладзяцца з наведвальнікамі і скіраваны на сацыяльную адаптацыю і рэабілітацыю.

Сустрэчу з бацькамі прадоўжыла экскурсія па аддзяленні.

Спецыялісты падкрэслілі, што пераход выпускнікоў ЦКРНіР на сацыяльнае абслугоўванне ў ЦСАН Дзятлаўскага раёна азначае змену іх статусу, акружэння і месца рэгулярнага знаходжання. У жыцці такія дзеці не маюць шырокіх кантактаў з навакольнымі, бо найчасцей адчуваюць цяжкасці ў камунікацыі, перамяшчэнні, не заўсёды адэкватна ўспрымаюць жыццёвыя сітуацыі. Менавіта па гэтых прычынах так важна забяспечыць пераемнасць і міжведамаснае супрацоўніцтва паміж цэнтрамі, а таксама ўстановамі адукацыі і сацыяльнага абслугоўвання ў пытаннях суправаджэння і аказання дапамогі інвалідам, павышэння якасці іх жыцця.

Святлана РАНЦЭВІЧ,
сацыяльны педагог Дзятлаўскага раённага ЦКРНіР

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga