У райвыканкаме. Рухаемся наперад. Абароты не збаўляем

Важнае Улада

Сумеснае пасяджэнне райвыканкама і сесіі раённага Савета дэпутатаў, на якіх былі разгледжаны вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця і як склаўся бюджэт раёна ў 2023 годзе, вызначаны прыярытэтныя напрамкі дзейнасці на 2024 год, правялі старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі і старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Бараноўскі.

Асобна прагучала тэма падрыхтоўкі сельскагаспадарчых арганізацый Дзятлаўскага раёна да правядзення вясновых палявых работ.

Праводзячы кароткі аналіз мінулага года, старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі адзначыў, што, нягледзячы на санкцыйны ціск, пошук новых рынкаў збыту, удалося захаваць станоўчую дынаміку ў развіцці раёна.

– Па выніках 2022 года Дзятлаўскі раён быў занесены на Рэспубліканскую дошку Гонару. А 2023 год дзятлаўчане завяршылі яшчэ лепш, – падкрэсліў Андрэй Уладзіміравіч.

Больш падрабязна з аналізам па кожнай сферы дзейнасці агучыла справаздачу намеснік старшыні райвыканкама Вольга Жэлезоўская.

У 2023 годзе ў сельскай гаспадарцы выраблена валавой прадукцыі ў  супастаўных цэнах 2022 года на суму 168,0 мільёна рублёў. Тэмп росту склаў 103,1 %. Рост звыш 100 % забяспечаны ўсімі сельскагаспадарчымі арганізацыямі камунальнай формы ўласнасці і адкрытымі акцыянернымі таварыствамі за выключэннем ААТ “Граніт-Агра”.

Тэмп росту валавой прадукцыі галіны жывёлагадоўлі склаў 105,0 %, у тым ліку вытворчасці малака – 111,3 %, прадукцыі вырошчвання буйной рагатай жывёлы – 107,6 %, свіней – 69,6 %. Малака ў раёне выраблена 66 787 тон, што вышэй за ўзровень 2022 года на 11,3 %. Надой на адну карову за 2023 год склаў 6271 кілаграм, што на 662 кілаграмы больш, чым за 2022 год. Сярэднясутачная прыбаўка буйной рагатай жывёлы павялічылася на 53 грамы і склала 627 грамаў. Па стане на 1 студзеня 2024 года пагалоўе буйной рагатай жывёлы павялічылася на 193 галавы, у тым ліку кароў малочнага статка на 41 галаву.

Пагалоўе свіней на 1 студзеня 2024 года склала 16 922 галавы, зменшылася на 1793 галавы да аналагічнага перыяду 2022 года.

У сельскагаспадарчых арганізацыях раёна валавы збор збожжавых і зернебабовых культур у вазе пасля дапрацоўкі склаў 71 тысячу тон пры ўраджайнасці 37,4 цэнтнера з гектара, у тым ліку кукурузы на зерне – 20,1 тысячы тон пры ўраджайнасці 76,1 цэнтнера з гектара.

У 2024 годзе плануецца забяспечыць тэмп росту валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі ў супастаўных цэнах на ўзроўні 107,1 %.

Індэкс фізічнага аб’ёму вытворчасці прамысловай прадукцыі па наборы тавараў-прадстаўнікоў за 2023 год склаў 110,7 % пры заданні 104,8 %.

Забяспечылі выкананне паказчыкаў бізнес-планаў па ІФА ААТ “Новаяльнянскі камбінат хлебапрадуктаў” (114,5 % пры плане 102,0 %), ААТ “Дзятлаўская сельгастэхніка” (534,1 % пры плане 131,6 %), Дзятлаўскі філіял ААТ “Молочный Мир” (105,4 % пры плане 100,4 %).

Не забяспечылі, як адзначыў на пасяджэнні кіраўнік раёна, па важкіх прычынах: ААТ “Дзятлаўскі лікёра-гарэлачны завод “Алгонь” (86,8 % пры плане 101,0 %), ААТ “Дварэцкі льнозавод” (88,5 % пры плане 101,0 %), Дзятлаўскае РУП ЖКГ (96,8 % пры плане 101,8 %).

За 2023 год па Дзятлаўскім раёне прыцягнута 1063,0 тысячы рублёў інвестыцый у асноўны капітал. Тэмп росту склаў 128,2 % у супастаўных цэнах да 2022 года.

Характарызуючы вынікі выканання бюджэту раёна ў 2023 годзе начальнік фінансавага аддзела райвыканкама Ірына Жэгала адзначыла, што выкананы ўсе планавыя паказчыкі па паступленні даходаў. Па функцыянальнай структуры асноўную долю ў выдатках бюджэту (72,7 %) займаюць выдаткі на сацыяльную сферу. На яе фінансаванне накіравана за 2023 год 44 940,2 тысячы рублёў, што складае 70,1 % ад удакладненых гадавых прызначэнняў. Гэты факт красамоўна дэманструе, што сацыяльная арыентаванасць бюджэту – не проста словы, а рэальныя справы. Крэдыторская запазычанасць па бюджэце Дзятлаўскага раёна на 1 студзеня 2024 года адсутнічае. Кансалідаваны бюджэт за 2023 год выкананы з прафіцытам.

Андрэй Садоўскі падкрэсліў, што ў 2024 годзе значная частка сродкаў бюджэту будзе накіравана на рамонт жылых дамоў, навучальных установаў, дарог, паляпшэнне інфраструктуры населеных пунктаў, будаўніцтва новых аб’ектаў.

– У год якасці мы павінны вырасці ў плане якасці тавараў і паслуг, а галоўнае – якасці жыцця нашых людзей. Гэта патрабуе яшчэ больш адказных адносінаў да працы, граматнай расстаноўкі прыярытэтаў і эфектыўнага расходавання бюджэтных сродкаў. У цэлым арыентуемся на максімальную аддачу ад усіх сфер народнай гаспадаркі, – рэзюмаваў кіраўнік раёна.

Па пытанні пасяджэння па падрыхтоўцы да правядзення вясновых палявых работ першы намеснік старшыні райвыканкама – начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Віталій Шулейка далажыў, што ў сельскагаспадарчых арганізацыях раёна забяспечанасць насеннем яравых збожжавых і зернебабовых культур складае 133,7 %, для падсеву шматгадовых траў гаспадаркі маюць 22,3 тоны насення або 49,5 % да патрэбы.

Пад яравую сяўбу ўраджаю 2024 года ўнесена і заарана 52 тысячы тон арганічных угнаенняў на плошчы 900 гектараў. З восені пад зябліва ўнесены калійныя ўгнаенні ў аб’ёме 1280 тон дзеючага рэчыва на плошчы 8600 гектараў і 211 тон дзеючага рэчыва фосфарных угнаенняў на плошчы 4600 гектараў.

Гатоўнасць сельскагаспадарчай тэхнікі складае: трактароў, усяго – 91 %, у тым ліку энерганасычаных – 82 %; плугоў і глебаапрацоўчых машын – 88 %; камбінаваных глебаапрацоўчых і глебаапрацоўча-пасяўных агрэгатаў – 79 %; сеялак і бульбасаджалак – 88 %; машын для ўнясення ўгнаенняў – 87 %.

Андрэй Садоўскі запатрабаваў ад кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў своечасовага набыцця і ўнясення ў глебу ўгнаенняў, неабходных для першых вясновых падкормак. Паабяцаў асабіста папрысутнічаць на другім этапе праходжання тэхаглядаў сельскагаспадарчай тэхнікі. Станоўча старшыня райвыканкама адзначыў работу па падрыхтоўцы тэхнікі да палявых работ КСУПаў “Хвінявічы” і “Войневічы”.

Напрыканцы пасяджэння старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Бараноўскі падвёў вынік сумеснай работы дэпутацкага корпусу і выканаўчай улады ў 2023 годзе:

– Паспяховае развіццё раёна шмат у чым залежыць ад цеснага ўзаемадзеяння дзвюх галін улады: выканаўчай і прадстаўнічай. У нашым раёне склалася сістэма стабільных і эфектыўных узаемаадносінаў органаў мясцовага кіравання і самакіравання. Усе разгледжаныя дэпутатамі пытанні і прымаемыя рашэнні носяць актуальны характар і накіраваны на далейшае паступальнае развіццё раёна, паляпшэнне жыцця людзей.

Ірына КАМАРОВА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: