Сельскі сход. Не заставайцеся раўнадушнымі

Важнае Улада

У гарпасёлку Наваельня прайшоў сельскі сход пад кіраўніцтвам старшыні раённага Савета дэпутатаў Аляксандра Бараноўскага з удзелам намесніка старшыні райвыканкама, дэпутата раённага Савета дэпутатаў Вадзіма Бяляткі, у час якога абмеркавалі пытанні бяспекі жыццядзейнасці, папярэджанне пажараў і гібелі людзей на іх, а таксама іншыя актуальныя праблемы.

Начальнік Дзятлаўскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Сяргей Казушчык пазнаёміў прысутных са статыстыкай пажараў, якія адбыліся ў раёне, расказаў аб асноўных прычынах іх узнікнення і мерах прафілактыкі. На жаль, у новым годзе на Дзятлаўшчыне таксама зафіксаваны пажары, у тым ліку з гібеллю людзей на іх. Па-ранейшаму самай частай іх прычынай застаецца п’яная цыгарэта.

Сяргей Сяргеевіч расказаў, што з 1 лютага ў Беларусі стартуе прафілактычная акцыя “Бяспека ў кожны дом”, нагадаў пра важны для кожнага домаўладання прыбор – аўтаномны пажарны апавяшчальнік, на рахунку якога нямала ўратаваных жыццяў. Таксама ён заклікаў сур’ёзна ставіцца да патрабаванняў пажарнай бяспекі і тлумачыць іх дзецям.

Аб новаўвядзеннях у правілах паводзінаў на вадзе і лёдзе расказаў старшыня раённай арганізацыі АСВОД Сяргей Шпакоўскі, таксама ён зрабіў анонс мерапрыемстваў на новы купальны сезон.

Інфармацыю аб стане злачыннасці ў раёне за мінулы год давёў начальнік АУС райвыканкама Вадзім Шчурскі. Агульная іх колькасць знізілася, аднак першае месца ў топе, таксама як і па рэспубліцы, займаюць крадзяжы асабістай маёмасці, прычым значны працэнт іх здзейснены ў стане алкагольнага ап’янення. Вадзім Васільевіч узняў па-ранейшаму актуальную тэму інтэрнэт-махлярства, звароты аб якім кожны тыдзень паступаюць у райаддзел, заклікаў грамадзян быць пільнымі і не прадастаўляць незнаёмцам персанальныя даныя.

 

Работнікі Дзятлаўскага раёна газазабеспячэння і раённай газэнергаінспекцыі яшчэ засяродзілі ўвагу на бяспецы ў абыходжанні з газавымі і электрычнамі прыборамі, нагадалі, што падключэнне газавай апаратуры могуць ажыццяўляць толькі спецыялісты, а складаная тэхніка ў доме патрабуе спецыяльнага абыходжання.

Балючую, вострую і, на жаль, актуальную тэму ўзнялі прадстаўнікі аддзела адукацыі і сацыяльна-педагагічнага цэнтра. Гэта хатні гвалт, пакіданне дзяцей з ненадзейнымі людзьмі, а таксама нестварэнне належных бытавых умоваў для выхавання непаўналетніх. І тут знакам бяды выступае алкаголь і людзі, якія да яго нераўнадушныя. Гарачыльныя напоі становяцца каталізатарамі для распальвання скандалаў у сем’ях, мяняюць дабрабыт на антысанітарныя ўмовы.

Аляксандр Бараноўскі падвёў вынік сустрэчы, падкрэсліўшы, што ў пытаннях бяспекі дробязяў не бывае:

– Часам нам здаецца, што мы ўсё ведаем, усё разумеем. Але, як у народзе кажуць, да бяды нядоўга. І задача спецыялістаў, якія сёння выступалі, засцерагчы вас ад няправільных і рызыкоўных крокаў.

Таксама Аляксандр Станіслававіч адзначыў, што ў лютым жыхароў раёна разам з усімі беларусамі чакае адзіны дзень галасавання, дзе яны змогуць выбраць адразу дэпутатаў усіх узроўняў. У час датэрміновага галасавання выбарчая камісія будзе працаваць з 12 да 19 гадзін, а значыць, мясцовыя жыхары могуць прагаласаваць нават у час свайго абедзеннага перапынку або пасля работы.

Вадзім Бялятка нагадаў прысутным, што неразборлівасць у карыстанні сацыяльнымі сеткамі, наўмысная ці выпадковая падтрымка экстрэмісцкіх рэсурсаў можа пагражаць праблемамі з законам. Ён папрасіў быць уважлівымі і не давяраць, а правяраць інфармацыю з ненадзейных крыніц.

Старшыня Новаяльнянскага сельвыканкама Людміла Радзевіч заклікала землякоў не заставацца раўнадушнымі да праблем суседзяў і рэагаваць на здарэнні, відавочцамі якіх яны сталі.

Усе ўдзельнікі сустрэчы атрымалі памяткі з правіламі пажарнай бяспекі ад супрацоўнікаў Дзятлаўскага РАНС.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: