Кніжная паліца. Фаварыты ў часопісным свеце

Культура і адпачынак Свежыя навіны

Дзятлаўская раённая бібліятэка прапануе вашай увазе шырокі выбар часопісаў на любыя тэмы:

“Добры сусед” – карысны часопіс для гаспадара дома і захавальніцы ачага, дапаможа прыняць правільнае рашэнне, дасць слушныя парады на ўсе выпадкі жыцця, падзеліцца цікавымі ідэямі, рассмяшыць і прагоніць нуду;

“Домашний” – часопіс для тых, хто хоча зрабіць сваё жыццё больш камфортным і ўтульным, хто глядзіць на свет з аптымізмам і знаходзіць зачараванне ў кожным пражытым дні;

“Ксюша. Для тых, хто вяжа” – гэта сучасныя мадэлі для вязання на спіцах і кручком для ўсіх узростаў, для прафесіяналаў і пачынаючых;

“Ксюша. Для аматараў рукадзелля” – для тых, хто мае пэўныя навыкі ў рукадзеллі. Публікуюцца мадэлі рознай ступені складанасці ў традыцыйных і новых тэхніках: вышыўка, вязанне, пляценне з пацерак, лепка і іншыя;

“Кудесница” – раскрые сакрэты прыгажосці, гармоніі сямейных адносінаў, моды і стылю;

“Народны доктар” – падкажа народныя і традыцыйныя метады лячэння і прафілактыкі розных захворванняў, пазнаёміць з духоўнай старонкай;

“Наша кухня” – кулінарнае выданне для аматараў здзіўляць родных смачнай і карыснай ежай;

“Аднак жыццё” – гісторыі пра рэальных людзей, добрыя парады, цікавыя факты і нават навуковыя артыкулы;

“Падзяліся парадай” – у часопісе вы знойдзеце карысныя парады на ўсе выпадкі жыцця;

“Сваты” – парады па здароўі, кулінарныя рэцэпты, падказкі гаспадару і рукадзельніцам, кансультацыі медыкаў, юрыстаў, псіхолагаў, цікавыя гісторыі з жыцця, анекдоты;

“Такія справы” – выдатнае выданне для ўсёй сям’і: гісторыі любоўныя і містычныя, кар’ерныя і жыццёвыя, пра дачу, дом, здароўе і ўсё, што хвалюе большасць людзей;

“1000 парадаў” – падказкі на ўсе выпадкі жыцця, а яшчэ мноства хітрасцяў і карысных дробязяў, якія палегчаць вашы паўсядзённыя клопаты;

“Гаспадар” – дапаможнік для ўсіх садаводаў, агароднікаў, тых, хто клапоціцца аб сваіх участках і дачах;

“Я на пенсіі” –  пра незвычайныя гісторыі звычайных людзей, апавяданні пра лёсы зорак кіно і эстрады, гістарычныя асобы, дачныя парады, майстар-класы па ўладкаванні дома, участка, па рукадзеллі.

Часопісы для вольнага часу дзяцей:

“Чароўны” – гэта часопіс для сучасных дзяўчынак: усё самае цікавае: постары любімых куміраў, гісторыі іх поспеху, апошнія навінкі моды і прыгажосці, парады псіхолага, як прыгатаваць смачную вячэру, зразумець асновы камп’ютарнай магіі і раскрыць у сабе талент пісьменніка, паклапаціцца пра любімага гадаванца;

“Вясёлка” – часопіс на роднай мове для малодшых школьнікаў, проза і паэзія класікаў і сучасных аўтараў, малюнкі таленавітых мастакоў, анонсы найлепшых кніжных выданняў для дзяцей;

“Страказа” – тут увесь спектр пытанняў, якія цікавяць сучасную дзяўчынку-падлетка: школьнае жыццё, мода, прыгажосць, навіны знакамітасцяў, старонка рэцэптаў і іншае;

“3/9 Царства + Непаседа” – папулярны часопіс для дзяцей ад 6 да 14 гадоў. Героі яго жывуць у незвычайным Трыдзявятым царстве, дзе казка мірна суседнічае з сучаснасцю. Тут апавяданні, казкі, коміксы, жарты, загадкі, галаваломкі, настольныя гульні;

“Фантазёры” – класны часопіс для дзяцей старэйшага дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту. Гэта не толькі казкі і гісторыі, але і шмат заданняў на развіццё логікі, кемлівасці і дробнай маторыкі. У выданні ёсць коміксы, рэбусы, галаваломкі, гульні-брадзілкі, крыжаванкі і іншыя заняткі, якія пацешаць, захопяць і навучаць маленькіх чытачоў;

“Юны ратаўнік” –  часопіс для дзяцей і падлеткаў, навучае асновам бяспекі жыццядзейнасці, пашырае кругагляд і творчую актыўнасць сваіх чытачоў.

Чакаем вас у нашай бібліятэцы. Выбірайце выданні на свой густ і па інтарэсах.

Алена ВЯЛІЧКА,
бібліятэкар аддзела абслугоўвання і інфармацыі

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga