Каб праблемы не раслі, як снежны ком

Важнае Улада

На базе Жукоўшчынскага сельвыканкама пад кіраўніцтвам яго старшыні Валерыя Верамейчыка прайшло пасяджэнне савета грамадскага пункта аховы правапарадку, сумешчанае з выязным пасяджэннем пастаянна дзеючай камісіі райвыканкама па каардынацыі работы па садзейнічанні занятасці насельніцтва.

Намеснік старшыні райвыканкама, дэпутат раённага Савета дэпутатаў Вадзім Бялятка нагадаў прысутным аб асаблівасцях электаральнай кампаніі-2024 і змяненнях у выбарчым заканадаўстве, заклікаў быць актыўнымі грамадзянамі сваёй краіны – прыйсці на выбарчыя ўчасткі. Закрануў і тэму экстрэмізму.

Асаблівую ўважлівасць параіў праяўляць у інтэрнэт-прасторы, дзе нямала дэструкцыйнага кантэнту і экстрэмісцкіх каналаў, актыўнасць на якіх (лайкі, дызлайкі, перапосты) – гэта парушэнне дзеючага заканадаўства.

У саставе выязной камісіі была таксама намеснік начальніка аддзела па працы і занятасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Ірына Баравік.

Асноўнага ў гэтай мясцовасці наймальніка – КСУП “Жукоўшчына” –  прадстаўляў кіраўнік гаспадаркі Васіль Алясюк.

А таму ў беспрацоўных жыхароў сельскага савета, якіх паклікалі на пасяджэнне для правядзення індывідуальнай прафілактычнай работы, была рэальная магчымасць даведацца аб актуальных вакансіях і выбраць для сябе найбольш прыдатную. Праўда, як патлумачыў старшыня сельвыканкама Валерый Верамейчык, у большасці грамадзян, запрошаных на сустрэчу, была зусім іншая праблема – прыхільнасць да алкагольных напояў, з-за якой вынікалі і ўсе астатнія – сямейныя канфлікты, запазычанасці за камуналку і па розных плацяжах, сацыяльная ненадзейнасць сем’яў, прагулы, парушэнні грамадскага парадку, супрацьпажарнай бяспекі ў домаўладаннях. Усяго размова адбылася з пяццю чалавекамі, хаця запрашэнні атрымала больш жыхароў.

Парадавала, што сярод прыйшоўшых былі і такія, хто ўпэўнена стаіць на шляху выпраўлення. Яны пачулі толькі падбадзёрваючыя словы і пажаданні.

На жаль, у дваіх грамадзян былі запазычанасці за “выгоды цывілізацыі”. Калі адзін з іх працуе і ўжо з наступнай зарплаты, магчыма, выправіць сітуацыю, то другі “перабіваецца” выпадковымі заробкамі. Яму прапанавалі наведаць аддзел занятасці. Як стала вядома, у мужчыны ёсць вадзіцельскае пасведчанне, а такія работнікі ў гаспадарцы заўсёды запатрабаваны. На жаль, ні ён, ні яшчэ адзін беспрацоўны жыхар сельсавета, з якім адбылася прафілактычная гутарка, па накіраванне на работу пакуль не прыехалі. Нарэшце, гэта “класічная” сітуацыя, калі для адказных спецыялістаў і людзей, не занятых у эканоміцы, час цячэ па-рознаму. Многія мяркуюць, што вакансія будзе іх чакаць і месяц, і два, і тры, аднак на яе можа вельмі хутка знайсціся той, хто рэальна імкнецца працаваць.

Намеснік старшыні райвыканкама Вадзім Бялятка параіў усім запрошаным на пасяджэнне не назапашваць жыццёвыя праблемы, каб яны не нарасталі, як снежны ком, а вырашаць усё своечасова.

Ірына СТЫРНІК  

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: