Дзелавы панядзелак. На нарадзе: падкормка азімых і навядзенне парадку на зямлі

Важнае Улада

Камфорт і бяспека ў навучальных установах, сітуацыя ў сельскай гаспадарцы, работа назіральных камісій, электаральная кампанія – гэтыя і іншыя тэмы былі ў цэнтры ўвагі ўдзельнікаў штотыднёвай нарады ў старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага.

Да фінішу – рукой падаць

У аўторак пачнецца датэрміновае галасаванне. На нарадзе абмеркавалі, як будзе арганізавана бяспека грамадзян падчас галасавання, гандлёвае абслугоўванне, культурная праграма.

Участковыя камісіі пачалі працаваць ужо з 9 лютага. З гэтай даты і да асноўнага дня галасавання, гэта значыць да 24 лютага, кожны грамадзянін, які пражывае не па месцы прапіскі, можа звярнуцца ў камісію з просьбай унесці яго ў спісы для галасавання па месцы жыхарства. Для гэтага неабходна прад’явіць дзеючы дагавор найму жылога памяшкання, пашпарт або ID-карту.

Узгадалі, што датэрміновае галасаванне пачнецца 20 і завершыцца 24 лютага. Выбарчыя ўчасткі ў гэтыя дні будуць працаваць з 12 да 19 гадзін без перапынку.

Адзіны дзень галасавання пройдзе 25 лютага. У гэты дзень аддаць свой голас за кандыдатаў у дэпутаты можна будзе з 8 да 20 гадзін без перапынку.

Класная работа

Падрыхтоўка ўстановаў адукацыі да 2024-2025 навучальнага года стала яшчэ адной тэмай для абмеркавання. Здаецца, часу шмат, аднак аб’ектыўна правесці рамонтныя работы ў школах можна толькі ў даволі сціслы перыяд – канікулярны, пры гэтым яшчэ “абмінуць” летнікі, якія будуць там функцыянаваць.

– Правядзенне закупак, выбар падрадных арганізацый і іншыя арганізацыйныя моманты – гэта доўгі працэс, таму ўжо і пачынаем. Сёння мы вызначылі канкрэтныя планы па рамонтных відах дзейнасці ва ўстановах адукацыі, набыцці абсталявання, перааснашчэнні харчблокаў, крыніцы фінансавання запланаваных работ, – падкрэсліў кіраўнік раёна. – Гэта нашы дзеці, і ім вучыцца павінна быць камфортна.

Андрэй Садоўскі выказаў спадзяванне, што гатоўнасць навучальных установаў да старту заняткаў, забеспячэнне бяспекі навучэнцаў, іх харчаванне, арганізацыя падвозу (дарэчы, штогод за кошт сродкаў раённага бюджэту набываецца па адным новым школьным аўтобусе) – усе гэтыя пытанні будуць вырашаны своечасова.

РОСы на палях

– Умовы надвор’я зімы гэтага года прымушаюць у значнай меры пераглядаць тэрміны многіх тэхналагічных аперацый у аграноміі. Ужо сёння РОСы павінны быць у палях, час уносіць сульфат амонію пад азімыя рапс і зерневыя, – даў заўвагу аграрыям кіраўнік раёна. – Не спыняйце назапашванне іншых мінеральных угнаенняў, кантралюйце іх захаванасць ад свабоднага доступу ў сховішчы і ад уздзеяння атмасферных ападкаў, наладжвайце тэхналогію іх дастаўкі на палі.

На асаблівы кантроль упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Андрэй Уладзіміравіч паставіў рамонт тэхнікі і сферу жывёлагадоўлі. На сёння тэхагляд прайшлі 118 адзінак тэхнікі (39 % ад агульнай колькасці). Па 8 энерганасычаных трактарах, 7 пасяўных агрэгатах не завершаны рамонтныя работы.

Усё будзе ў парадку

Добрых важных спраў на Дзятлаўшчыне ў 2023 годзе прайшло нямала. Гэта знос пустуючых і старых дамоў, увядзенне зямлі ў сельгасабарот, пасадка дрэваў, рамонт вулічна-дарожнай сеткі, устаноўка малых архітэктурных формаў, кантэйнераў для смецця і многае іншае. За ўсімі гэтымі напрамкамі стаіць асноўная задача – навядзенне парадку на зямлі. Добраўпарадкаванне тэрыторый і навядзенне парадку прадоўжыцца і ў 2024-м.

Старшыня райвыканкама паставіў задачу камунальнай службе раёна прааналізаваць і, дзе неабходна, у першую чаргу правесці веснавую ачыстку тэрыторый, рамонт або разбор пашкоджаных па розных прычынах аб’ектаў, якія знаходзяцца на балансе ЖКГ. Таксама Андрэй Уладзіміравіч адзначыў, што чакае ініцыятывы ад службы на бягучы год з выразным планам рэалізацыі новых праектаў па добраўпарадкаванні, упрыгажэнні населеных пунктаў раёна.

Ірына КАМАРОВА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: