З верай у сябе і Айчыну

Галоўнае Грамадства

У Гродне прайшоў III абласны ваенна-спартыўны злёт “Памяці героя верныя”, адкуль ваенна-патрыятычны клуб “Мужнасць” Казлоўшчынскай сярэдняй школы нашага раёна вярнуўся з дыпломам прызёра і персанальнымі ўзнагародамі.

Удзельнікі каманды атрымалі віншаванні і прызы ад дырэктара школы Ігара Данільчыка на ўрачыстай школьнай лінейцы.

Разам з нашымі землякамі ў абласным злёце прынялі ўдзел 12 каманд установаў агульнай сярэдняй і дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі з 9 раёнаў Гродзенскай вобласці. У праграму спаборніцтваў увайшлі агляд строю і песні, стральба, разборка-зборка аўтамата, сілавая падрыхтоўка, ваенна-спартыўная эстафета, віктарына па гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і конкурс прэзентацый.

Каманду Казлоўшчынскай сярэдняй школы прадставілі навучэнцы 9 і 11 класаў, іх падрыхтоўкай займаліся настаўнік дапрызыўнай падрыхтоўкі і фізічнага выхавання,  кіраўнік ваенна-патрыятычнага выхавання Святаслаў Буяк, завуч па выхаваўчай рабоце Галіна Хілімончык, педагогі школы Аксана Яфімік, Ірына Ламака, бібліятэкар Іна Цімафейчык.

– Ужо трэці год мы прымаем удзел у патрыятычных абласных злётах, да гэтага таксама рыхтаваліся грунтоўна, былі ўпэўнены ў сваіх сілах,  – расказала Галіна Хілімончык. – Дамашнім заданнем было падрыхтаваць візітную картку каманды – творчае музычна-тэатралізаванае выступленне ў свабодным жанры, у час якога мы расказвалі аб сваёй дзейнасці. Наш дэвіз “Мы верым у сябе і Айчыну” вызначыў напрамак дзейнасці клуба. А гэта ўдзел у вахце Памяці, аперацыі “Абеліск”, акцыі “Герояў памятаем, герояў шануем”, экспедыцыі “Дзе загінулі мае землякі”, конкурсе “Успомнім іх пайменна” і іншых мерапрыемствах гістарычнай і патрыятычнай скіраванасці. Завяршылі выступленне танцавальным сцяг-шоу “Мы, маладыя, надзея краіны”, на маю думку, гучна заявіўшы пра сябе, што журы ацаніла ў выніку дыпломам ІІ ступені.

Акрамя прадстаўлення каманды, нашы патрыёты паказалі выдатныя вынікі ў іншых дысцыплінах, заваяваўшы 1-е месца ў стральбе, 2-е – у эстафеце і 3-е – у страявой падрыхтоўцы. Пра складнікі поспеху каманды і тое, чаго не хапіла ў выступленні, расказаў кіраўнік клуба “Мужнасць” і галоўны трэнер Святаслаў Буяк.

– Святаслаў Уладзіміравіч, якія эмоцыі ад выступлення вашых падапечных?

– Перапаўняе пачуццё вялікага гонару за нашых вучняў, за Дзятлаўшчыну. Мы выступалі на абласным узроўні, дзе на каманду глядзелі са здзіўленнем і захапленнем, сталі сур’ёзнымі сапернікамі нават для кадэцкіх класаў, якія займаюцца ваеннай падрыхтоўкай кожны дзень. Касцяк клуба “Мужнасць” – сённяшнія адзінаццацікласнікі, якія ўдзельнічаюць у такіх злётах трэці год запар, да іх дадаліся вучні 9 класа. Па ўмовах конкурсу ўдзельнікі павінны мець асноўную групу здароўя, што ў сённяшні час не такая частая з’ява. Вялікую работу правялі па страявой падрыхтоўцы, гэта дало добры вынік, хаця элементы былі больш складаныя, чым у мінулым годзе. Чакана нам не было роўных у стральбе, крыху не хапіла падрыхтоўкі ў сілавым конкурсе і віктарыне па гісторыі Беларусі, ёсць над чым працаваць. На мой погляд, усё задуманае атрымалася, аднак паўплывала хваляванне.

Удзельнікі каманды падзяліліся ўражаннямі ад злёту.

Уладзіслаў Сегіневіч:

– Я разам з аднакласнікамі ўдзельнічаў у этапе па стральбе, было не вельмі складана, бо трэніруемся ў школе не адзін год, ведаем тэхніку. Як толькі выйшлі на агнявы рубеж, адразу атрымалі пытанне ад журы, якое ўбачыла нашу стойку: “Вы, напэўна, займаецеся стральбой?”. Галоўнае адрозненне было ў тым, што мы рыхтаваліся на звычайных вінтоўках, а на спаборніцтвах былі электронныя аўтамат і мішэнь.

– Ці моцна хваляваўся?

– За гады практыкі навучыўся “выключаць” хваляванне ў рашаючы момант, нездарма мяне клічуць у камандзе “спакойны, як трактар”. У стралка рука павінна быць цвёрдай і ўпэўненай, пры самым нязначным ваганні куля пойдзе ў “малако”.

Ілона Трахімовіч і Дар’я Мазоль:

– Конкурс быў вельмі атмасферны, пакінуў яркія ўражанні. Хвалююча было ўдзельнічаць у такім спаборніцтве нароўні з хлопцамі. Больш за ўсё спадабалася эстафета, асабліва зборка і разборка аўтамата: рукі балелі, але прыемна, што ўсё атрымалася. На куражы паказалі страявую падрыхтоўку, дзе ўся каманда працавала зладжана, як адзін механізм. Крыху крыўдна, што з-за нюансаў мы спыніліся за крок ад тройкі лідараў, аднак на гэты раз чацвёртае месца таксама ўзнагароджвалася нароўні з прызавымі. Шкада развітвацца з гэтым рухам, але свой вопыт мы перадалі малодшым таварышам, упэўнены, яны яшчэ пакажуць клас!

Наталля АВЯРЧУК
Фота аўтара, з архіва каманды

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: