Яркі агеньчык працоўнай моладзі – “Святкі.by”

Галоўнае Культура і адпачынак

26 студзеня працоўную моладзь Дзятлаўшчыны зноў сабрала свята знаёмстваў і гумару —  моладзевы агеньчык “Святкі.by”.

Штогадовая сустрэча маладых спецыялістаў ладзіцца з ініцыятывы раённых камітэта ГА “БРСМ”, Цэнтра культуры і народнай творчасці і прафсаюзных арганізацый. Мерапрыемства ўяўляе сабой “сплаў” народных традыцый і сучасных формаў моладзевага адпачынку і заўсёды прыносіць удзельнікам цікавыя сюрпрызы і мора пазітыву.

Што і на гэты раз вечарына будзе багатай на жарты, творчасць, весялосць, конкурсы і танцы, прысутным паабяцалі вядучыя – Алена Касцюк, Ганна Калмыкова, Чэслаў Свіб.

– Прыемна бачыць вас вялікімі кампаніямі, мяркую, да канца вечара вы ўсе аб’яднаецеся разам, – павітала прысутных першы сакратар раённага камітэта ГА “БРСМ” Кацярына Хілімончык. – Няхай гэта сустрэча стане запамінальнай, дапаможа вам адпрачыць душой і думкамі. Заўсёды будзьце такімі ж пазітыўнымі, няхай у рабоце і жыцці ўсё атрымліваецца.

– Такія мерапрыемствы збліжаюць, – адзначыла галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Марына Абрамчык. – Кожнаму з вас на працоўным месцы жадаю праслаўляць малую радзіму, кар’ернага росту і не баяцца памыляцца, бо на памылках вучацца.

Эстафету пажаданняў прадоўжыў старшыня раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Уладзімір Казак:

– Стала добрай традыцыяй праводзіць сустрэчу “Святкі.by”. Гэты агеньчык для маладых спецыялістаў ладзіцца кожны год. Яго задача, каб вы пазнаёміліся, некаторыя нават знаходзяць тут другую палавінку. На працягу гэтага года мы праводзім прафсаюзныя сходы, канферэнцыі, будзем уносіць змяненні ў калектыўныя дагаворы, каб у вас быў стымул затрымацца на першым рабочым месцы. Спадзяюся сустрэцца з вамі яшчэ не раз. Усім удачных дарог, упэўнена ісці да сваіх мэтаў – толькі наперад.

Акунуцца ў народныя калядныя і святачныя традыцыі прысутным дапамаглі пытанні ад вядучых. На гэтым жартоўныя іспыты не скончыліся: госці рахункавалі агульны ўзрост усіх, хто сабраўся за кожным столікам і выбіралі “самы малады”, хорам спявалі песні са словам-заданнем, адрасавалі адзін аднаму кампліменты.

Вясёлыя конкурсы прадоўжыліся на танцполе, дзе гледачы вылучалі самыя пластычныя і прыгожыя танцавальныя пары. Сапраўднай інтрыгай для ўдзельнікаў “Святак.by” стала прапанова зазірнуць у будучыню, выцягнуўшы скрутачак з прадказаннямі, а затым паслухаць гараскопы па выданых кожнаму лічбах ад работнікаў культуры.

Безумоўна, вішанкай на торце стаў “экзамен” на акцёрскае майстэрства – казачна-музычнае выпрабаванне “Як Цар з Царыцай сваю дачку замуж выдавалі”. Нявеста аказалася вельмі пераборлівай, але скончылася ўсё хэпі эндам, а сустрэчу прадоўжыла вясёлая дынамічная дыскатэка.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: