Якой летась была сітуацыя са злачыннасцю?

Важнае Здарэнні і бяспека

У 2023 годзе пракуратурай Дзятлаўскага раёна разам з праваахоўнымі органамі прымаліся меры, скіраваныя на ўмацаванне законнасці і правапарадку.

У цэлым сітуацыя заставалася стабільнай, аднак па некаторых напрамках у далейшым яна патрабуе больш пільнай увагі. У параўнанні з 2022 годам на 10 % (з 229 да 206) знізілася агульная колькасць зарэгістраваных на ўсіх суб’ектах уліку злачынстваў.

Не былі зафіксаваны ў 2023 годзе згвалтаванні, вымагальніцтвы, разбоі, з 3 да 1 знізілася колькасць рабаўніцтваў, з 4 да 2 – хуліганстваў, 7 да 2 – угонаў, 15 да 11 – махлярстваў. Менш на 20 выпадкаў стала злачынстваў, учыненых у стане алкагольнага ап’янення.

Аднак з 14 да 21 адзначыўся рост колькасці цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў па лініях усіх службаў, у тым ліку забойстваў (з 1 да 2), з 14 да 18 павялічылася колькасць злачынстваў, учыненых у грамадскіх месцах. Зарэгістравана 2 выпадкі хатняга гвалту, па якіх узбуджаны крымінальныя справы, а годам раней такіх не было ўвогуле. З 15 да 17 вырасла колькасць злачынстваў, учыненых групай асобаў.

Аналіз дазваляе зрабіць выснову, што комплекс арганізацыйна-прафілактычных мерапрыемстваў, праведзены ў 2023 годзе органамі дзяржаўнага кіравання, праваахоўнымі, кантралюючымі і іншымі суб’ектамі прафілактыкі, спрыяў недапушчэнню рэзкага росту злачыннасці і захаванню законнасці. Разам з тым пракурорскія праверкі сведчаць аб недахопах работы па некаторых кірунках дзейнасці.

Для прафілактыкі па прэвентыўных артыкулах пракуратурай узбуджана 10 крымінальных спраў: 2 – за пагрозу забойствам; 6 – за нанясенне лёгкіх цялесных пашкоджанняў; па адной – за менш цяжкія цялесныя пашкоджанні і за катаванне. Да адміністрацыйнай адказнасці ў мэтах прафілактыкі былі прыцягнуты 30 сямейных агрэсараў, 23 – аб’яўлены афіцыйныя папярэджанні. На выязных пасяджэннях суда з удзелам пракурора разгледжана 11 крымінальных справаў і адна грамадзянская.

Скаардынаваная дзейнасць праваахоўных органаў дала свае вынікі: з 74 да 44 знізілася колькасць злачынстваў, учыненых раней судзімымі асобамі, з 80 да 68 – крадзяжоў.

Віталій ЮРГО,
пракурор Дзятлаўскага раёна

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga