Па тэме з аналітыкай. У ЗАГСе ці праз суд?

Важнае Грамадства

Тэма: як, згодна з беларускім заканадаўствам, ажыццяўляецца скасаванне шлюбу?

У народзе кажуць: сем разоў адмерай – адзін адрэж. Таму, перш чым рашыцца на такі кардынальны крок у сваім жыцці, як скасаванне шлюбу, мужу і жонцы неабходна задумацца аб псіхалагічных наступствах разводу, асабліва калі ёсць дзеці. Менавіта для непаўналетніх раcстанне бацькоў з’яўляецца балючым і стрэсавым, выклікае пачуццё безабароннасці, страты цэласнасці сям’і, гнеў з-за немагчымасці паўплываць на сітуацыю, а ў далейшым можа сур’ёзна адбіцца на здольнасці стварыць уласную сям’ю.

Аднак калі складаную сітуацыю можна вырашыць толькі такім чынам, трэба ведаць, як адбываецца працэс скасавання шлюбу. Тлумачэнні на гэты конт даюць спецыялісты.

Начальнік аддзела ЗАГС райвыканкама Кацярына Ваніслаўчык:

– З 2013 года аддзелу ЗАГС прадастаўлена права скасавання шлюбу па спрошчаным парадку па ўзаемнай згодзе мужа і жонкі, якія не маюць спрэчак аб маёмасці і агульных непаўналетніх дзяцей. Наяўнасць жа дзіцяці ў аднаго з іх, бацькам, маці або ўсынавіцелем якога другі не з’яўляецца, не можа служыць падставай для адмовы спрошчанага скасавання шлюбу ў ЗАГСе.

Заява аб рэгістрацыі скасавання шлюбу можа быць пададзена ў аддзел ЗАГС па месцы рэгістрацыі па месцы жыхарства мужа ці жонкі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Спатрэбіцца наступны пакет дакументаў: сумесная заява мужа і жонкі; пашпарты ці іншыя дакументы, якія сведчаць іх асобы; квіток аб аплаце дзяржаўнай пошліны (4 базавыя велічыні); пасведчанне аб заключэнні шлюбу. Для падачы заявы і дакументаў неабходна асабістая прысутнасць мужа і жонкі ў аддзеле ЗАГС. Пры немагчымасці аднаго з іх прыйсці, спатрэбіцца яшчэ і яго пісьмовая заява аб рэгістрацыі скасавання шлюбу пры яго адсутнасці, аднак подпіс на ёй павінен быць папярэдне засведчаны кіраўніком органа ЗАГС з пячаткай з выявай Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь. Сапраўднасць подпісу можа быць засведчана і натарыусам ці іншай службовай асобай, якой заканадаўча дадзена права на падобныя натарыяльныя дзеянні.

У заяве муж і жонка павінны пацвердзіць узаемную згоду скасаваць шлюб, адсутнасць агульных непаўналетніх дзяцей і спрэчак аб маёмасці і што ім растлумачана права на ўдзел у інфармацыйнай сустрэчы з медыятарам. Скасаванне ажыццяўляецца ў прысутнасці абоіх, калі іншае не ўстаноўлена заканадаўствам, ва ўзгоднены тэрмін, але не раней чым праз месяц і не пазней чым праз два з дня падачы заявы. Калі адзін па ўважлівых прычынах не можа прыйсці ў ЗАГС, то па пісьмовай просьбе дзень і час пераносяць у межах максімальнага тэрміну рэгістрацыі скасавання шлюбу. Калі ж муж і жонка, якія скасоўваюць шлюб, не з’явіліся ў ЗАГС на працягу двух месяцаў з дня падачы заявы і не назвалі прычыну – заява страчвае сілу.

Старшыня суда Дзятлаўскага раёна Вадзім Дуброўскі:

– Фактычнае спыненне адносінаў не з’яўляецца спыненнем шлюбу, незалежна ад часу раздзельнага пражывання. У судовым парадку скасоўваюцца шлюбы паміж мужам і жонкай, якія маюць непаўналетніх дзяцей, у тым ліку ўсыноўленых сумесна; пры адсутнасці дзяцей, калі адзін з бакоў не згодны на скасаванне; калі ёсць спрэчка аб маёмасці.

Для выканання заканадаўства аб шлюбе і сям’і і абароны правоў і інтарэсаў дзяцей пры разглядзе спраў аб скасаванні шлюбу суд прымае вычарпальныя меры па прымірэнні мужа і жонкі і захаванні сям’і: даецца абавязковы 3-месячны тэрмін для прымірэння, які не можа быць скарочаны, а па яго заканчэнні можа быць прадастаўлены і дадатковы, да 6 месяцаў, па просьбе бакоў, аднаго з іх або з ініцыятывы суда. Без прадастаўлення тэрміну для прымірэння шлюб скасоўваецца па заяве аднаго з бакоў, калі другі ў законным парадку прызнаны без вестак адсутным; недзеяздольным; асуджаны за злачынства да пазбаўлення волі не менш як на тры гады. Заканадаўствам устаноўлена недапушчальнасць скасавання шлюбу ў час цяжарнасці жонкі або да дасягнення дзіцём узросту трох гадоў без пісьмовай згоды таго з бацькоў, з якім яно пражывае. За скасаванне судом шлюбу спаганяецца дзяржаўная пошліна ў памеры 4 базавых велічыняў, а паўторнага – у 8 базавых велічыняў.

Лічбы раённай статыстыкі

У судзе скасавалі шлюб у 2020 годзе 48 пар, 37 з якіх мелі непаўналетніх дзяцей; у 2021 годзе – 52, з іх 44 з дзецьмі; у 2022 годзе – 45, з іх 35 з дзецьмі; сёлета за 5 месяцаў – 18, з іх 14 з дзецьмі. Большая колькасць шлюбаў распадаецца пры ўзросце мужа і жонкі ад 30 да 40 гадоў.

У аддзеле ЗАГС былі зарэгістраваны скасаванні шлюбу: у 2020 годзе – 8; у 2021 годзе – 11; у 2022 годзе – 10; сёлета за 5 месяцаў – 4. Большасць разведзеных мелі ўзрост ад 46 да 50 гадоў, мужчыны ў сярэднім – 44 гады, жанчыны – 41 год. Максімальная працягласць шлюбу за гэты перыяд складала 41 год 2 месяцы 17 дзён, мінімальная – 1 год 9 месяцаў 2 дні.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga