На этапе вылучэння кандыдатаў

Важнае Улада

На Дзятлаўшчыне прадаўжаюцца сустрэчы кіраўніцтва раёна і дэпутацкага корпусу з працоўнымі калектывамі і насельніцтвам па месцы жыхарства.

Людзям расказваюць аб асаблівасцях электаральнай кампаніі 2024 года і выніках сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна за 2023 год.

 

Старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Бараноўскі і начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Вольга Рагачова сустрэліся з калектывам Новаяльнянскага дзіцячага сада.

– Крыху больш за месяц засталося да выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу восьмага склікання і мясцовых Саветаў дэпутатаў дваццаць дзявятага склікання, якія пройдуць у новым фармаце – у адзіны дзень галасавання 25 лютага, – нагадала Вольга Рагачова. – Да 15 студзеня доўжыцца этап вылучэння кандыдатаў у дэпутаты. Суб’ектамі вылучэння праз збор подпісаў могуць выступаць палітычныя партыі, працоўныя калектывы і грамадзяне. Збор подпісаў маюць права ажыццяўляць члены ініцыятыўнай групы, якія пры сабе павінны мець адпаведнае пасведчанне і дакумент, што сведчыць асобу, з фотаздымкам.

З 31 студзеня па 24 лютага будзе праходзіць прадвыбарчая агітацыя. Кандыдаты ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў змогуць выступаць па тэлебачанні і радыё, удзельнічаць у тэледэбатах, надрукаваць у сродках масавай інфармацыі свае перадвыбарчыя праграмы, а кандыдаты ў дэпутаты мясцовых Саветаў – размясціць іх на сайтах адпаведных выканаўчых і распарадчых органаў у спецыяльнай рубрыцы. Датэрміновае галасаванне пачнецца 20 і прадоўжыцца да 24 лютага. На ўчасткі ў гэтыя дні можна прыходзіць з 12 да 19 гадзін, працаваць яны будуць без перапынку.

– У 2023 годзе эканоміка Дзятлаўшчыны працавала паспяхова, – спыніўся на выніках сацыяльна-эканамічнага развіцця Аляксандр Бараноўскі. – Тэмп росту прадукцыі прамысловых прадпрыемстваў да ўзроўню 2022 года склаў 109,7 %, экспарт тавараў – 134 %, тэмп росту інвестыцый, прыцягнутых у асноўны капітал, – 128 %, намінальная заработная плата работнікаў раёна павялічылася на 17,9 %.

Агучыў Аляксандр Станіслававіч і іншыя актуальныя лічбы, падкрэсліў, што прыкметна па вытворчасці малака “плюсуе” жывёлагадоўля раёна, уведзена ў эксплуатацыю адна і будуюцца яшчэ дзве новыя сучасныя фермы. Станоўчыя змены адбываюцца і ў самім гарпасёлку Наваельня: за прыклад можна ўзяць капрамонт у мясцовай школе і адкрыццё на яе тэрыторыі варкаўт пляцоўкі. Калі эканоміка будзе працаваць паспяхова, да лепшага прадоўжыць мяняцца і наша жыццё.

Напрыканцы сустрэчы, паколькі трымаюцца мінусавыя тэмпературы і ёсць снежнае покрыва, госці нагадалі работнікам дзіцячага сада яшчэ і пра забарону выхаду на тонкі лёд і неабходнасць захавання мераў бяспекі пры катанні на цюбінгах.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: