Моладзь і выбары. Грамадская актыўнасць “вырастае” з моладзевага парламента

Важнае Грамадства Падзеі

Каля 200 удзельнікаў сабрала першае пасяджэнне моладзевага парламента VII склікання пры Гродзенскім абласным Савеце дэпутатаў.

У састаў дэлегацыі Дзятлаўшчыны, якая накіравалася ў абласны цэнтр, уваходзілі старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Бараноўскі, каардынатар дзейнасці моладзевага парламента Ірына Мішчанка, старшыня моладзевага парламента пры Дзятлаўскім раённым Савеце дэпутатаў, член моладзевага парламента пры Нацыянальным сходзе Рэспублікі Беларусь Вікторыя Тыць і маладыя дэпутаты з ліку навучэнцаў школ раёна Станіслаў Якаўчык і Аляксандра Якшук.

На пасяджэнні, якое праходзіла пад кіраўніцтвам старшыні абласнога Савета дэпутатаў Алены Пасюта, расказалі аб важным новаўвядзенні: з гэтага года парламент будзе складацца з дзвюх палат: вучнёўскай і палаты студэнцкай і працоўнай моладзі. Гэта паспрыяе захаванню пераемнасці: першы вопыт маладыя дэпутаты атрымаюць яшчэ за вучнёўскай партай, прадоўжаць яго ва ўніверсітэтах, а затым змогуць рэалізаваць сваю грамадскую актыўнасць ужо на працоўных месцах. Дарэчы, Прынёманне першым у Беларусі вырашыла ўвесці падобную структуру.

– Менавіта ў школе закладваюцца асновы самакіравання. Безумоўна, нам неабходна рыхтаваць моладзь да будучага жыцця, каб вырасталі сапраўдныя грамадзяне нашай краіны, разумелі, у чым іх роля ў палітычнай сістэме дзяржавы. Асаблівасць новага склікання ў тым, што дэпутаты з ліку студэнцкай і працоўнай моладзі змогуць стаць памочнікамі дэпутатаў абласнога Савета. Прыемна ўсведамляць, што на змену нам прыйдзе цудоўная моладзь, гатовая даваць вынікі для развіцця нашага грамадства, – патлумачыла такое рашэнне Алена Пасюта.

На сустрэчы члены моладзевага парламента з рэгіёнаў прадставілі свае праекты і ініцыятывы, якія збіраюцца рэалізаваць за час паўнамоцтва. Праекты былі на самыя розныя тэмы: ад развіцця валанцёрскага і грамадзянска-патрыятычнага руху да прадпрымальніцтва і міжнароднага супрацоўніцтва – ад членаў вучнёўскай палаты. Не менш шырокае кола дзейнасці прапаноўвала студэнцкая і працоўная моладзь: адукацыя, экалогія, развіццё аграпрамысловага комплексу, многае іншае.

Выступілі перад аўдыторыяй і маладыя дзятлаўчане. Станіслаў Якаўчык расказаў, як у школе № 3 горада Дзятлава па ініцыятыве вучнёўскага самакіравання было створана турыстычнае агенцтва “#УРОК, або Узнавать_Родину_Обязан_Каждый” па вывучэнні і павышэнні турыстычнай прывабнасці малой радзімы. Аляксандра Якшук з Новаяльнянскай сярэдняй школы прадставіла праект аб вядомай зямлячцы, заслужанай настаўніцы БССР Аляксандры Шаўчук – “Лёс настаўніка ў лёсе роднага краю”. Не менш важную тэму – захавання гістарычнага мінулага – у сваім праекце “Генацыд – наш боль і памяць” узняла педыятр Дзятлаўскай ЦРБ Вікторыя Тыць.

Прыемным момантам сустрэчы стала ўрачыстае ўручэнне юным дэпутатам іх пасведчанняў аб членстве ў моладзевым парламенце Гродзенскай вобласці.

Ірына СТЫРНІК
Фотаздымкі прадастаўлены членамі раённай дэлегацыі

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: