Акцыя “Дзятлаўшчына гераічная” стартуе ў лютым

Свежыя навіны Спорт і турызм

Сёлета наш народ адзначае 80-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, і ў сувязі з Планам падрыхтоўкі і правядзення мерапрыемстваў, зацвержаным Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, сектар спорту і турызму Дзятлаўскага райвыканкама распрацаваў акцыю “Дзятлаўшчына гераічная”, а Дзятлаўскі раённы турыстычны інфармацыйны цэнтр – турыстычныя маршруты па мясцінах, звязаных з падзеямі мінулай вайны на Дзятлаўшчыне.

Памяць дзятлаўчан пра воінаў і мірных жыхароў, якія загінулі ў гады вайны, увекавечана ў помніках і абелісках, што сустрэнуцца турысту на маршрутах “Знаёмцеся – Дзятлава”, “Дарогамі Дзятлаўшчыны”, “Партызанскай сцежкай па Ліпічанскай пушчы”, “Шчара – рака партызанская”. Раённая грамадска-палітычная акцыя “Дзятлаўшчына гераічная” накіравана на далучэнне насельніцтва, гасцей, турыстаў, моладзі да знаёмства з гісторыяй гераічнага мінулага раёна як часткі Беларусі, увекавечвання памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны.

Турыстычны інфармацыйны цэнтр прапаноўвае турыстам аднадзённыя і двухдзённыя праграмы, туры ваенна-патрыятычнай накіраванасці, у час правядзення якіх паслугі будуць аказваць розныя суб’екты турыстычнай індустрыі.  Праграмы прадугледжваюць таксама наведванне  Дзятлаўскага краязнаўчага музея і школьных музеяў, дзе шырока прадстаўлена ваенная тэматыка. Так, музей “Гісторыі і культуры народаў Дзятлаўшчыны” ў гімназіі №1 распавядзе пра трагедыю яўрэйскага народа на дзятлаўскай зямлі, музей “Дзеці ліхалецця” ў Новаяльнянскай сярэдняй школе раскажа пра дзяцей палітэмігрантаў, якія ў гады Вялікай Айчыннай вайны сталі ахвярамі нацыстаў, а музей “Гісторыі Дзятлаўшчыны”сярэдняй школы №1 пазнаёміць з цікавымі фактамі з жыцця Герояў Савецкага Саюза Я.Я.Фогеля і П.Г.Пятрова.

Падчас экскурсій турыстаў чакаюць інтэрактыўныя праграмы каля помніка І.Ю.Філідовічу і ў доміку паляўнічага ў Вензавецкім лясніцтве, дэгустацыя салдацкага хлеба і салдацкай кашы, забаўляльная праграма каля вогнішча, песні ваенных гадоў і шмат што іншае.  А вось другі кірунак будзе пралягаць праз аграсядзібу “Каля дуба”, дзе турыстаў ветліва сустрэнуць не толькі гаспадары, але і артысты Дварэцкага дома культуры з інтэрактыўнай праграмай ваеннай тэматыкі.

Акрамя таго, акцыя “Дзятлаўшчына гераічная” прадугледжвае правядзенне некалькіх міні-акцый.

Старт акцыі запланаваны на 22 лютага.

Звяртайцеся ў Дзятлаўскі турыстычны інфармацыйны цэнтр па тэлефоне 32-5-58.

Будзем рады сустрэчы як з групамі турыстаў, так і з сем’ямі дзятлаўчан і гасцей раёна.

Алена АБРАМЧЫК,
спецыяліст па турызме Дзятлаўскага турінфацэнтра

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga