Ачысцілі ў хрышчэнскай вадзе душу і цела

Галоўнае Грамадства

Праваслаўныя вернікі Дзятлаўшчыны сустрэлі свята Хрышчэнне Гасподняе (Богаяўленне) малітвай і акунаннем у палонцы.

19 студзеня на верхнім возеры горада Дзятлава сабраліся мясцовыя жыхары, прадстаўнікі духавенства, каб здзейсніць сумесную малітву і асвяціць іардань.

Малебен правялі благачынны Дзятлаўскай царкоўнай акругі іерэй Іаан Кісель і клірык сабора святых навамучанікаў і спаведнікаў Царквы Рускай Аляксей Сцепановіч. Айцец Іаан павіншаваў усіх са святам Богаяўлення:

– У гэты дзень мы ўспамінаем пра тое, як Гасподзь наш Ісус Хрыстос, перш чым выйсці на пропаведзь, прыняў хрышчэнне ў рацэ Іардан. У старажытнасці ў іудзеяў была традыцыя здзяйсняць рытуальнае абмыванне для ачышчэння ад грахоў. Хрыстос бязгрэшны, але ён прыняў удзел у гэтым рытуале, каб паказаць шлях сапраўднага жыцця кожнаму з нас. Шлях гэты пачынаецца з таінства хрышчэння, якое аднойчы ў жыцці прымае чалавек, прадаўжаецца пакаяннем у сваіх грахах, да якога мы павінны звяртацца пастаянна. Памылка, калі чалавек думае, што акунуўшыся ў вадохрышчанскую палонку, ён выпрасіць у Бога адпушчэнне грахоў. Сапраўднае ачышчэнне заключаецца ў вызваленні сваёй душы, калі чалавек не проста каецца, але выпраўляе сваё жыццё.

Іаан Кісель пажадаў землякам моцнага здароўя, дабрабыту, душэўнага спакою і любові, каб жыццё было светлым і шчаслівым, а кожны дзень – напоўнены добрымі і светлымі падзеямі.

Каб умацаваць духоўныя і фізічныя сілы, перахрысціўшыся, дзятлаўчане акуналіся ў палонку, некаторыя мылі асвечанай вадой твар. Удзельнікаў таінства абмывання падтрымалі валанцёры раённай арганізацыі Таварыства Чырвонага Крыжа, якія прапанавалі тым, хто акунаўся, цёплыя пледы і ўсім удзельнікам мерапрыемства – гарачы духмяны чай. Каб бяспецы і здароўю грамадзян нішто не пагражала, побач дзяжурылі фельчары хуткай дапамогі, ратаўнікі ў спецвопратцы і супрацоўнікі АУС райвыканкама, прадстаўнік раённай арганізацыі АСВОД.

 

Тыя, хто ў гэты святочны дзень акунуўся ў хрышчэнскую ваду, падзяліліся эмоцыямі.

Вольга Дзямідава:

– Другі год запар прыходжу на возера ў свята Хрышчэння, каб акунуцца. У гэтым годзе я тут з групай падтрымкі – дачкой  Карынай. Мне вельмі падабаецца гэтая традыцыя. Усё вельмі прыгожа, па-святочнаму, рада, што сёлета паспела на малебен. Усё выдатна, уражанні самыя яркія – цёпла, радасна, лёгка на душы. Спадзяюся на наступны год паўтарыць.

Аляксандр Кібінь:

– Стараюся кожны год на Вадохрышча акунуцца ў асвечанай палонцы. Сёння прыехалі сюда разам з жонкай. Калі выходзіш з вады, адчуванні супер! Такі кайф для арганізма, што не перадаць словамі. Мароз і вецер не адчуваюцца, тым больш, што нас акружылі клопатам, прапанавалі коўдру і чай.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga