На Дзятлаўшчыне прадаўжаецца чарада сустрэч, у час якіх кіраўніцтва раёна знаёміць працоўныя калектывы і насельніцтва з сацыяльна-эканамічнымі вынікамі і асаблівасцямі выбарчай кампаніі-2024.
Старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Бараноўскі і начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Вольга Рагачова на гэты раз выступілі перад жыхарамі гарадскога пасёлка Наваельня.
– У адзіны дзень галасавання 25 лютага ў вашым пасёлку будзе працаваць выбарчы ўчастак у Новаяльнянскай сярэдняй школе, яшчэ адзін, закрыты, будзе арганізаваны ў туббальніцы, – акцэнтавала ўвагу Вольга Рагачова. – Кожны мясцовы выбаршчык для галасавання атрымае 4 бюлетэні, бо, акрамя дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, абласнога і раённага Саветаў дэпутатаў, вам належыць выбраць яшчэ дэпутатаў мясцовага Савета. Ужо з 17 снежня пачнецца вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты, якое прадоўжыцца да 15 студзеня 2024 года. Вылучаць іх могуць палітычныя партыі, працоўныя калектывы і грамадзяне шляхам збору подпісаў. Памятайце, што зборам подпісаў могуць займацца толькі члены ініцыятыўнай групы, якія павінны пры сабе мець адпаведнае пасведчанне і дакумент з фотаздымкам, які сведчыць асобу. Выбаршчык павінен сам паставіць дату і распісацца. Подпісы могуць збірацца на пікетах, дазволеных мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі, або па месцы жыхарства ці работы выбаршчыкаў. Пры гэтым не дапускаецца ўдзел адміністрацыі, прымус, узнагароджанне, раздача інфармацыйных матэрыялаў аб кандыдатах у дэпутаты.
– Магчыма, не ўсе з вас яшчэ ведаюць, што па выніках сацыяльна-эканамічнага развіцця за 2022 год Дзятлаўскі раён быў занесены на Рэспубліканскую дошку гонару, – нагадаў Аляксандр Бараноўскі. – Гэта значыць, ён быў прызнаны адным з 5 лепшых у краіне сярод 118 раёнаў. У гэтым годзе Дзятлаўшчына ў цэлым палепшыла свае мінулагоднія вынікі, што сведчыць аб яе паспяховым развіцці. За студзень-верасень 2023 года па раёне атрымана 39,9 мільёна рублёў чыстага прыбытку – 91 % да аналагічнага мінулагодняга перыяду. У няпростых умовах санкцыйнага ўздзеяння паказчыкі работы прадпрыемстваў маюць станоўчую дынаміку, развіццё адбываецца практычна па ўсіх сектарах эканомікі, што дазволіць унесці станоўчы ўклад у паляпшэнне жыцця. Калі спыніцца канкрэтна на Наваельні, то робіцца праектна-каштарысная дакументацыя на рамонт паліклінікі, мяркуецца зрабіць яе і на інтэрнат па вуліцы Дзятлаўскай, які будзе пераабсталяваны ў арэнднае жыллё, ужо распачаты работы па рэканструкцыі мясцовага рынка, у 2024 годзе будуць адрамантаваны яшчэ і дзве дваровыя тэрыторыі шматпавярховай забудовы.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga