У дэталях. Народ мае права вырашаць свой лёс

Важнае Грамадства

Усебеларускі народны сход – сімвал беларускай дзяржаўнасці.

Вопыт нашай краіны ў частцы фарміравання новага прамога інстытута народнай дэмакратыі, такога як УНС, можна назваць унікальным не толькі на постсавецкай прасторы, але і на міжнароднай арэне ў цэлым.

Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал pravo.by, дае азначэнне “Усебеларускага народнага сходу”, дзе называе яго “вышэйшым прадстаўнічым органам народаўладдзя Рэспублікі Беларусь, які вызначае стратэгічныя кірункі развіцця нашай дзяржавы і грамадства, забяспечвае непахіснасць канстытуцыйнага ладу, пераемнасць пакаленняў, грамадзянскую згоду”.

Кампетэнцыя гэтага “народнага форуму” акрэслена главой 31 Канстытуцыі нашай краіны і Законам “Аб Усебеларускім народным сходзе”, які быў прыняты 7 лютага 2023 года.

Названымі прававымі актамі вызначаны састаў УНС, усяго 1200 дэлегатаў, у лік якіх уваходзяць: дзеючы Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь; прэзідэнт, які спыніў паўнамоцтвы па заканчэнні тэрміну прэзідэнцтва або ў выпадку рашэння аб адстаўцы; прадстаўнікі заканадаўчай, выканаўчай, судовай улады; мясцовых Саветаў дэпутатаў; грамадзянскай супольнасці. Тэрмін іх паўнамоцтваў – 5 гадоў.

Важна памятаць, што, згодна з новым заканадаўствам, Усебеларускі народны сход склікаецца на першае пасяджэнне Цэнтральнай выбарчай камісіяй не пазней, чым праз 60 дзён пасля выбараў дэпутатаў. Паколькі для фарміравання абноўленага саставу VII Усебеларускага народнага сходу неабходна будзе ў Адзіны дзень галасавання, 25 лютага 2024 года, выбраць як дэпутатаў мясцовых Саветаў, так і Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, а гэта паспрыяе ў далейшым і фарміраванню Савета Рэспублікі, члены якога таксама ўваходзяць у УНС. Грамадскія аб’яднанні, якія пажадаюць удзельнічаць у фарміраванні УНС, на законных падсавах таксама змогуць вылучыць сваіх дэлегатаў. Значыць, фарміраванне УНС ажыццявіцца ў рамках аднаго электаральнага цыклу, што будзе зручна для выбаршчыкаў і значна зменшыць нагрузку на эканоміку.

Ужо ў канцы красавіка 2024 года павінен быць скліканы Усебеларускі народны сход па тых правілах, якія пазначаны ў нормах Канстытуцыі і Законе аб УНС.

Чым гэты канстытуцыйны орган важны для нашай дзяржавы? Тым, што будзе выпрацоўваць стратэгію развіцця Беларусі, разглядаць актуальныя пытанні, якія наспяваюць у беларускім грамадстве і можа выконваць функцыю стабілізатара, каб не дапусціць якіх-небудзь небяспечных рашэнняў.

Для забеспячэння дзейнасці УНС плануецца стварыць Прэзідыум (пастаянна дзеючы калегіяльны орган для аператыўнага вырашэння пытанняў, якія ўваходзяць у кампетэнцыю сходу) і Сакратарыят (рабочы орган ). У састаў Прэзідыума, які вылучаецца на першым пасяджэнні форуму, увойдуць 15 чалавек, у тым ліку старшыня УНС і яго намеснікі, якія будуць выконваць свае паўнамоцтвы на прафесійнай аснове, іншыя дэлегаты – без адрыву ад працоўнай дзейнасці.

Пасяджэнні Усебеларускага народнага сходу будуць праходзіць не радзей за адзін раз у год, яго Прэзідыума – не радзей за адзін раз у 6 месяцаў.

Форум мае права зацвярджаць асноўныя кірункі ўнутранай і знешняй палітыкі, ваенную дактрыну, канцэпцыю нацыянальнай бяспекі, праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь, заслухваць Прэм’ер-міністра аб выкананні гэтых праграм, а таксама мае права заканадаўчай ініцыятывы, можа разглядаць пытанне аб легітымнасці выбараў, прымаць рашэнне аб зняцці Прэзідэнта з пасады пры сістэматычным ці грубым парушэнні ім Канстытуцыі або ўчыненні дзяржаўнай здрады, іншага цяжкага злачынства.

Рашэнні УНС будуць прымацца большасцю ад поўнага саставу і стануць абавязковымі для выканання, змогуць адмяняць прававыя акты, іншыя рашэнні дзяржаўных органаў, якія супярэчаць інтарэсам нацыянальнай бяспекі, за выключэннем актаў судовых органаў.

Значыць, Усебеларускі народны сход будзе не толькі стабілізатарам грамадства і краіны, але і дзейсным механізмам народаўладдзя, паколькі ў яго ўвойдуць прадстаўнікі розных сацыяльных груп.

Падрыхтавала Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga