Школьны мерыдыян. Новы год – час цудаў

Грамадства Свежыя навіны

Удзельнікі клуба аматараў кнігі “МалышОК” Круцілавіцкай сярэдняй школы сабраліся на чарговую сустрэчу напярэдадні святаў, каб пазнаёміцца з выставай “Зімовыя казкі”, але здзівіліся, калі не ўбачылі на ёй ніводнай кніжкі.

Аказалася, гэта Баба Яга нашкоднічала: схавала ўсе кніжкі ад дзяцей, але пакінула падказкі на навагодніх шарах. Выходзячы з ёй на сувязь, дзеці выконвалі навагоднія заданні, пасля чаго атрымлівалі падказку, дзе знайсці  кніжку. Адшукаць казку пра Снежную каралеву дапамагла сама казачная гераіня, якая завітала ў бібліятэку. Яна правяла з дзецьмі міні-віктарыну па казцы Х. К. Андэрсэна “Снежная каралева”, павіншавала з надыходзячымі святамі, пачаставала салодкімі прысмакамі і заклікала да чытання кніг і новых сустрэч з казачнымі героямі.

Напярэдадні навагодніх святаў у рамках правядзення рэспубліканскай акцыі “Нашы дзеці” валанцёры гэтай школы наведалі сацыяльна-педагагічны цэнтр горада Дзятлава. Дзеці павіншавалі выхаванцаў з надыходзячымі святамі, уручылі ім падарункі.

Акрамя гэтага,навучэнцы 4 класа падарылі выхаванцам дашкольных груп навагоднія ёлачныя ўпрыгожванні, якія зрабілі сваімі рукамі. Чацвёртакласнікі пажадалі малодшым сябрам моцнага здароўя, поспехаў ва ўсіх справах, добрага настрою і шчаслівых Калядаў і Новага года.

Духоўныя сустрэчы

Напярэдадні Калядаў і Новага года ў сярэдняй школе №1 горада Дзятлава прайшла сустрэча навучэнцаў 10-х класаў з духоўным настаўнікам айцом Іаанам Кісялём. Класная гадзіна на тэму “Каляды і калядны пост. Што мы пра гэта ведаем”  адбылася ў форме дыскусіі.

Навучэнцы падзяліліся сваімі ведамі пра свята Нараджэння Хрыстова, гісторыю яго ўзнікнення і пра сямейныя традыцыі святкавання. Дыскусіравалі аб тым, якое значэнне мае калядны пост у жыцці кожнага верніка-хрысціяніна.  Святар павіншаваў усіх прысутных са святамі, пажадаў моцнага здароўя, міру і душэўнага спакою.

Таццяна САНЮК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga