Чалавек, які пакінуў след на зямлі

Важнае Хто крылы расправіў на роднай зямлі

Балюча ўсведамляць, што чалавек, якога ты ведаў на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў, сябраваў, разам працаваў, нават сядзеў шэсць гадоў у адным кабінеце, больш не патэлефануе, не раскажа пра выпускнікоў і іх дасягненні, не пахваліць цябе за твае поспехі, не дасць параду, не развесяліць сваім арыгінальным «англійскім» гумарам.

Чалавек адышоў у лепшы свет, раптоўна, неяк неспадзявана і недарэчна, нібы птушка сарвалася з галіны, узнялася ў неба і беззваротна згінула ў аблоках.


Яе больш няма з намі, але памяць пра дабрыню, спагадлівасць, шчодрасць Тэрэзы Феліксаўны Кіслай яшчэ доўга будзе жыць у сэрцы. Гэта ж яна заўважыла вялікія здольнасці да англійскай мовы у маіх дзяцей, сына нават рыхтавала да алімпіяд, вазіла на вобласць, дзе ён займаў прызавыя месцы, а дачцэ дапамагла зразумець, што англійская мова абавязкова спатрэбіцца ў жыцці. Гэта яна ўзняла на такую вышыню работу кафедры англійскай мовы ў гімназіі №1 горада Дзятлава, што мне як завучу не трэба было ні кантраляваць, ні штосьці раіць. Усё самае перадавое, самае прагрэсіўнае і тэхналагічнае апрабіравала загадчыца кафедры са сваімі настаўнікамі, якія слухалі яе і вучыліся ў яе, настаўніка-метадыста, выдатніка адукацыі. Гэта яна стала першым рэпетытарам па англійскай мове ў Дзятлаве яшчэ ў тыя часы, калі пра цэнтралізаванае тэсціраванне і гаворка нават не вялася. Гэта ў многім дзякуючы ёй настаўнікі англійскай мовы гімназіі мелі такі высокі метадычны і прадметны ўзровень, што адна з іх – Інэса Зубрыліна – стала ў 2011 годзе настаўнікам года Беларусі. Карпатліва, уедліва, строга рыхтавала Тэрэза Феліксаўна сваіх вучняў, многія з якіх паўтарылі яе лёс у прафесіі, а многія сталі перакладчыкамі, праграмістамі з дасканалым валоданнем англійскай мовы, менеджарамі, эканамістамі, юрыстамі. Яе помняць, бо любілі і адносіліся з павагай да строгага кантролю. Ёй тэлефанавалі на святы і ў дзень нараджэння, ёй прысылалі кветкі як прывітанне з далёкіх краін, куда паразляталіся выхаванцы, нібы птушаняты, з цёплага гнязда «другой маці».

Асабіста мяне лёс звёў з Тэрэзай Феліксаўнай Кіслай у 1991 годзе, калі мая сям’я пераехала ў Дзятлава, а я пайшла працаваць карэспандэнтам у раённую газету «Перамога», а па сумяшчальніцтве – настаўніцай беларускай мовы і літаратуры ў СШ № 3 горада Дзятлава. Выкладала толькі ў двух выпускных класах, прычым выпусціла адных, а на наступны год мне зноў далі выпускнікоў. Было цяжкавата, бо ў такіх выпадках некаторы час патрабуецца на адаптацыю, знаёмства з вучнямі, вывучэнне іх патэнцыялу. І тут прыйшла на дапамогу Тэрэза Феліксаўна – яна заўсёды брала пад крыло маладых, апякала, а калі-нікалі і абараняла перад начальствам. З таго часу мы і пасябравалі.

А потым, у 2003 годзе, разам перайшлі працаваць у толькі створаную Дзятлаўскую гімназію, нас пасадзілі ў адзін кабінет на першым паверсе. Пасады былі новыя, завуч па замежных мовах і завуч па навукова-метадычнай рабоце, дапамагчы разабрацца не было каму, і з лёгкай рукі Раісы Аляксандраўны Ганчарэвіч, намесніка начальніка раённага аддзела адукацыі, мы паехалі па лепшых гімназіях рэспублікі набірацца вопыту. Наведалі Ліду, Баранавічы, Мінск. Так хацелася зрабіць нашу гімназію гонарам горада і раёна, узорнай навучальнай установай, лепшай сярод лепшых. Алімпіяды і канферэнцыі з гімназіямі-суседкамі, творчы конкурс «Інтэлектуал гімназіі», новы музей, стварэнне навуковага таварыства гімназістаў «Эверэст», новай кафедральнай сістэмы метадычнай работы. Жыццё віравала ў гімназіі, цікавае, пазнавальнае, інтэлектуальнае, патрэбнае і вучням, і педагогам. І заўсёды лепшым памочнікам і дарадцам у любой справе была яна, Тэрэза Феліксаўна. Мы разумелі адзін аднаго з паўслова. Пасядзім, абмяркуем – і пайшлі дзейнічаць.

Асобна, чырвоным радком, хочацца сказаць пра пераможцаў абласных і рэспубліканскіх алімпіяд, якіх падрыхтавала Тэрэза Феліксаўна Кіслая. Іх шмат, усіх і не пералічыш, многія сталі пазней студэнтамі лінгвістычнага ўніверсітэта. Пра нашу Тэрэзу Феліксаўну ведалі выкладчыкі, а калі чулі, што студэнт з Дзятлава і яго рыхтавала Кіслая, ён набываў адразу нейкі новы, прывабны статус, бо вузаўскія выкладчыкі былі ўпэўнены, што падрыхтоўка ў яго дасканалая.

І апошнія гадзіны жыцця настаўніцы былі аддадзены дзецям. Напярэдадні яна займалася з вучнямі, была бадзёрая, строгая і патрабавальная, як заўсёды.
Тэрэзы Феліксаўны ўжо некалькі тыдняў няма з намі. Для многіх яе адыход стаўся шокам, для іншых – шчымлівым болем. І думаецца, няма такога настаўніка і вучня на Дзятлаўшчыне, чыё сэрца не адгукнулася б пачуццём смутку – пражыла ж усяго семдзесят гадоў. Так, усяго семдзесят, але пражыла годна, як сапраўдны чалавек і прафесіянал з вялікай літары, пакінула на зямлі значны след – вучняў і прадаўжальнікаў сваёй пачэснай справы.

Алена АБРАМЧЫК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: