Акцыя “Нашы дзеці”. Свята прыходзіць з сябрамі

Важнае Грамадства

У Дзятлаўскага раённага цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі шмат сяброў і шэфаў, што ў чарговы раз даказвае дабрачынная навагодняя акцыя “Нашы дзеці”.

 

У рамках яе 26 снежня ва ўстанове для выхаванцаў і іх бацькоў прайшоў навагодні ранішнік, які, вядома ж, не абышоўся без гасцей і падарункаў. На свята завіталі ваенны камісар Дзятлаўскага раёна Генадзь Суравец, начальнік раённага аддзела Дэпартамента аховы Сяргей Кулеш, міліцыянер-кінолаг групы затрымання ўзвода міліцыі гэтага аддзела Андрэй Жэгалік са сваім службовым сабакам Рэем.

 

– Падобныя сустрэчы – гэта хвіліны, у якія забываешся пра работу і сур’ёзныя справы, хочацца акунуцца ў казку, – адзначыў Генадзь Суравец. – Ад калектыву ваеннага камісарыята мы перадаём вашай установе цацкі і карысныя рэчы, якія спатрэбяцца ў час заняткаў і гульняў. Віншуем вас з каляднымі і навагоднімі святамі, жадаем здароўя і мірнага неба над галавой.

– Няхай 2024 год прынясе ўсё самае добрае, – прадоўжыў пажаданні Сяргей Кулеш. – Удачы вам, здароўя, пазітыву. Ад нашага аддзела мы ўручаем вам карысны падарунак – новы посуд для ваша ўстановы.

За віншаванні і патрэбныя падарункі гасцям шчыра падзякавала дырэктар цэнтра Марына Гуговіч:

– Мы ўпэўнены, што пад вашай абаронай і аховай мы будзем жыць спакойна і пад мірным небам.

Аднак якое ж свята без гульняў і карагодаў! Арганізаваць іх дзецям і дарослым дапамаглі вядучыя ўрачыстасці і вясёлая Баба-Яга, ролю якой выканала каардынатар раённага валанцёрскага клуба “Мы разам”, педагог-арганізатар раённага цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Ірына Мішчанка. Разам з гасцямі выхаванцы цэнтра, іх педагогі і бацькі танцавалі, весяліліся, гулялі ў імправізаваныя снежкі, фатаграфаваліся, уяўлялі сябе казачнымі героямі, а напрыканцы атрымалі салодкія падарункі ад Дзеда Мароза і Снягурачкі.

Толькі з дзятвой развіталіся першыя госці, як на парозе – новыя. У гэты ж дзень карэкцыйны цэнтр са сваімі завадскімі Дзедам Марозам і Снягуркай наведалі яго пастаянныя шэфы – сыраробы. Ад Дзятлаўскага філіяла ААТ “Молочный Мир” госці таксама прынеслі салодкія падарункі для ўсіх выхаванцаў установы.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga