Агнём не знішчыць памяці людской

Галоўнае Грамадства

Вялікая Айчынная вайна прынесла шмат трагедый на Дзятлаўшчыну. Асабліва трагічным для нашага раёна выдаўся 1942 год, менавіта снежань, калі праходзіла карная аперацыя “Гамбург” па знішчэнні партызанскіх лагераў у лясных масівах Ліпічанскай пушчы і насельніцтва навакольных вёсак, якое падтрымлівала партызан.

У памяць аб тых страшных падзеях сёлета 13 снежня адбыўся жалобны мітынг-рэквіем з удзелам прадстаўнікоў улады, дэпутатаў на чале са старшынёй раённага Савета дэпутатаў Аляксандрам Бараноўскім, лідараў і актывістаў грамадскіх арганізацый, прафсаюзаў, супрацоўнікаў сілавых структур, школьнікаў, работнікаў культуры, мясцовых жыхароў.

Удзельнікі мерапрыемства накіраваліся па двух маршрутах: першы пралягаў праз вёскі Дубраўка і Вялікая Воля з наведваннем месцаў пахавання загінулых ад рук ворагаў мірных жыхароў, другі – мемарыялаў у Трахімавічах і Гарадках.

– На тэрыторыі Дзятлаўскага раёна знаходзяцца 39 пашпартызаваных пахаванняў мірных жыхароў, знішчаных нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, – расказала начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Вольга Рагачова. – Паводле інфармацыі, што знаходзіцца ў кнізе “Памяць”, на тэрыторыі Дзятлаўскага раёна за ваеннае ліхалецце знішчана 23 населеныя пункты, з іх 7 цалкам, гэта Пушча Ліпічанская, Дубраўка, Гарадкі, Трахімавічы, Вялікая Воля, Малая Воля, Дубароўшчына, і 16 – часткова.

– Каля гэтых абеліскаў мы сабраліся, каб ушанаваць памяць трагічна загінулых землякоў, – адзначыў у час мітынгу старшыня Парэцкага сельвыканкама Аляксандр Ядэйка. – У жніўні 1942 года было забіта каля сотні жыхароў вёскі Дубраўка, разбураны і спалены дамы. Ранейшая стараста вёскі, удзельніцай тых страшных падзей, калі была жывая, паказвала, што на гэта поле нямецка-фашысцкія захопнікі і іх памагатыя сагналі людзей і расстралялі іх. А ў снежні 1942 года трагічны лёс напаткаў жыхароў вёскі Вялікая Воля, і толькі 9-і сяльчанам цудам удалося выбрацца з-пад мёртвых целаў, каб данесці праўду да нашчадкаў.

Страшную памяць аб зладзействах захоўваюць дакументы.

Вёска Дубраўка

Згодна з Актам учыненых злачынстваў нямецкімі войскамі ў Дзятлаўскім раёне па вёсцы Дубраўка Накрышскага сельсавета ад 29 снежня 1943 года: “30 жніўня 1942 года 8-м карным атрадам з удзелам мясцовай паліцыі і ўкраінцаў учынены злачынствы над мірным насельніцтвам вёскі. Расстраляна строем 28 чалавек, спалена ў агні 10 чалавек, астатнія расстраляны ў дамах, ямах і скляпах, дзе хаваліся. Усяго спалена 47 дамоў разам з хлявамі, гумнамі і ўсёй маёмасцю, забрана жывёла, за выключэннем той, якая згарэла. У выніку ўчыненага злачынства забіта 98 чалавек, вывезена ў Германію на катаржную працу 22”.

Вёска Вялікая Воля

Па звестках кнігі “Памяць” Дзятлаўскага раёна напярэдадні вайны тут было 104 двары, жылі 430 чалавек. Знішчана 104 двары і расстраляна 364 жыхары. У фашысцкае рабства трапіла 8, вярнулася 4.

Паводле пашпарта воінскага пахавання № 5959 у Вялікай Волі Парэцкага сельсавета ўстаноўлены помнік: скульптура жанчыны з падлеткам на пастаменце. Колькасць пахаваных – 364, дата гібелі – 14 снежня 1942 года.

Вёска Трахімавічы

Пашпарт воінскага пахавання № 5943 сведчыць, што ў Трахімавічах Казлоўшчынскага сельсавета Дзятлаўскага раёна ўстаноўлены помнік: дзве бронзавыя фігуры жанчыны і мужчыны на пастаменце. Колькасць пахаваных ахвяр вайны – 160, дата гібелі – 13 снежня 1942 года.

У актах інфармацыя адрозніваецца. Лічыцца, што больш дакладная яна ў рашэнні выканкама Падвялікаўскага сельскага Савета дэпутатаў Дзятлаўскага раёна ад 4 сакавіка 1970 года “Аб зацвярджэнні спісаў грамадзян і населеных пунктаў, знішчаных гітлераўскімі захопнікамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны”, дзе ў спісе пайменна пазначаны даныя 173 загінулых жыхароў вёскі Трахімавічы, з якіх 157 былі расстраляны, 15 знішчаны і выжылі, 1 франтавік.

Вёска Гарадкі

У адпаведнасці з пашпартам воінскага пахавання № 5942 у Гарадках Казлоўшчынскага сельсавета ўстаноўлены цэментны помнік вышынёй 3 метры, па баках ад якога стаяць драўляныя крыжы. Колькасць пахаваных тут – 367 чалавек.

Лёс вогненных вёсак Дзятлаўшчыны раздзялілі таксама Малая Воля (15 снежня 1942 года разбурана 58 дамоў, забіта 28 жыхароў), Пушча Ліпічанская (17 снежня 1942 года разбурана 106 дамоў, забіта 109 вяскоўцаў), Дубароўшчына (паводле кнігі “Памяць” знішчана 23 двары і 37 чалавек).

Памяць мірных жыхароў, загінулых у гады ваеннага ліхалецця, удзельнікі мітынгу ўшанавалі хвілінай маўчання і ўсклалі кветкі да мемарыялаў.

Ірына СТЫРНІК
Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga