Працаваць нельга гультаяваць

Важнае Улада

Кожны вырашае сам, дзе паставіць знак прыпынку, але тыя, хто ставіць коску пасля слова “нельга”, частыя госці на пасяджэннях камісіі па садзейнічанні занятасці насельніцтва.

Чым сёння займаецца камісія?

На сайце Дзятлаўскага райвыканкама пад спецыяльнай рубрыкай “Дэкрэт № 3 “Аб садзейнічанні занятасці насельніцтва” размешчана інфармацыя аб тым, як можна знайсці сябе ў агульнай базе даных часова не занятых у эканоміцы людзей і ў выпадку неабходнасці пацвердзіць сваю занятасць. Зрабіць гэта можна, практычна не выходзячы з дому, з дапамогай электроннай пошты. Тут жа апублікаваны графік пасяджэнняў спецыяльнай камісіі па садзейнічанні занятасці.

З пачатку бягучага года камісіяй праведзена ўжо 19 пасяджэнняў, разгледжана больш за 200 заяваў. Але за гэты перыяд пацвердзілі сваю занятасць толькі 137 чалавек. Максімальна стараемся дапамагчы з працаўладкаваннем. Разглядаем складаныя сітуацыі, у якіх аказваюцца людзі. Напрыклад, калі ў чалавека жыццёвыя цяжкасці, камісія можа прыняць рашэнне аб выключэнні яго са спісаў не занятых у эканоміцы. У прыярытэце – чалавечы падыход да вырашэння ўсіх праблем.

Той, хто сапраўды хоча працаўладкавацца і не мае для гэтага ніякіх аб’ектыўных перашкодаў у выглядзе ўзросту або асаблівасцяў здароўя, зробіць гэта і самастойна – база даных аб вакансіях агульнадаступная. Наша задача – у першую чаргу дапамагчы тым, хто ў сілу тых ці іншых прычын не ў стане канкурыраваць з іншымі прэтэндэнтамі, а таксама мінімізаваць схаванае беспрацоўе, вымусіўшы выйсці з ценю ўсіх працаздольных грамадзян, якія свядома і на ўлік не становяцца, і работу не шукаюць, жывучы за кошт родных і блізкіх.

Часта людзі, якія трапляюць у спісы не занятых у эканоміцы, гэта тыя, хто сам не хоча працаваць. Ім камісія прапануе магчымыя варыянты. Калі чалавек на рынку занятасці так і не знаходзіць сабе прымянення, яму прапануем перанавучанне па спецыяльнасці, якую ён бы хацеў. Аднак, калі пасля многіх прапановаў органаў выканаўчай улады грамадзянін усё роўна адмаўляецца працаваць, ён трапляе ў гэты спіс. Аналагічная доля чакае людзей, якія вядуць асацыяльны лад жыцця. З такімі таксама працуем.

Прымусіць нікога мы не маем права. Шмат хто ў нас прапісаны, але з’ехалі за межы раёна, а то і краіны. Для пацверджання занятасці патрабуецца афармляць натарыяльна завераны пераклад, і чалавек не лічыць патрэбным на гэта марнаваць грошы. Тым больш што часта грамадзянін, які знаходзіцца ў базе, не з’яўляецца ўласнікам жылля, а толькі прапісаны ў сваіх бацькоў або іншых сваякоў. Норма аб стапрацэнтнай кампенсацыі выдаткаў на “камуналку” на іх не распаўсюджваецца. Тая ж тэма з уласнікамі жылых дамоў на сяле без выгодаў. За ацяпленне і водазабеспячэнне яны не плацяць, і зацікаўленасці нешта камусьці тлумачыць у іх няма.

Праводзім выязныя пасяджэнні камісіі, дзе разглядаем заявы ад грамадзян аб выключэнні іх са спісу не занятых у эканоміцы. Таксама запрошаныя на пасяджэнне могуць на месцы вывучыць прапановы працадаўцаў. Кагосьці адразу адпраўляем на субяседаванне да наймальніка. Камусьці раім звярнуцца ў паліклініку і прайсці медкамісію для атрымання групы інваліднасці, каб знізіць аплату за жыллёва-камунальныя паслугі.

Нагадаем, што пры налічэнні платы за жыллёва-камунальныя паслугі па субсідаваных тарыфах грамадзянам прадастаўляецца дзяржаўная льгота. Калі ж чалавек доўга не заняты ў эканоміцы, ён гэтай ільготы пазбаўляецца і будзе аплачваць поўны кошт паслугаў.

За чацвёрты квартал бягучага года колькасць грамадзян, не занятых у эканоміцы, якія аплачваюць камунальную паслугу па гарачым вода-, цепла- і газазабеспячэнні, павялічылася. Усе плацельшчыкі інфармуюцца лістамі і паведамленнямі ў жыроўках аб тым, што яны будуць аплачваць камунальныя паслугі па цэнах, якія забяспечваюць поўнае пакрыццё эканамічна абгрунтаваных выдаткаў на іх аказанне. Ім неабходна пацвердзіць сваю занятасць да 21 кастрычніка бягучага года, каб не патрапіць у спіс плацельшчыкаў па поўным тарыфе на чацвёрты квартал.

Важна разумець, што Дэкрэт № 3 “Аб садзейнічанні занятасці насельніцтва” дапамагае кожнаму чалавеку вызначыцца з працаўладкаваннем, знайсці сваё прымяненне ў грамадстве. Наіўна было б думаць, што людзі плынню ідуць у райвыканкам. Тут, хутчэй, усё наадварот – члены камісіі выяўляюць праблемныя месцы і такую ж аўдыторыю і робяць усё магчымае, каб людзі былі працаўладкаваны.

Аляксандр БАРАНОЎСКІ,
старшыня камісіі па каардынацыі работы па садзейнічанні занятасці насельніцтва

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga