Назапашваем вітаміны

Галоўнае Эканоміка і сельская гаспадарка

Сёлета кожная дбайная гаспадыня вырасцілі на сваім участку багата морквы, буракоў і бульбы.

Руплівыя і вопытныя аграномы КСУП “Жукоўшчына”, якое славіцца на ўвесь раён сваёй садавіной і агароднінай, таксама пастараліся на славу – і ўраджай парадаваў!

Яблыкі, беражліва сабраныя работнікамі гаспадаркі, ужо ў надзейным месцы, надышоў час морквы. Гэту капрызную паненку, тэрмін захоўвання якой залежыць ад шматлікіх умоваў, у сухое надвор’е актыўна ўбіраюць з палёў прадпрыемства.

– Згодна з планам упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама сёлета мы пасадзілі па 6 гектараў морквы і буракоў, – расказаў намеснік дырэктара КСУП “Жукоўшчына” Віктар Пастарняк. – Ужо ўбрана 2 гектары, задача – як мага хутчэй завяршыць работы. Морква вельмі добрая, штодзень збіраем каля 6-10 тон. Яна складваецца ў кантэйнеры, якія адпраўляюцца на агароднінасховішча, дзе створаны ўсе ўмовы для захоўвання. Сабраны ўраджай часткова будзе закладзены для стабілізацыйнага фонду, часткова пойдзе на рэалізацыю. Ужо сёння нашу моркву актыўна набываюць на сезонных кірмашах, таксама ажыццяўляем гандаль уласнай прадукцыяй у фірменным магазіне і на дзятлаўскім рынку. Акрамя таго, заключылі дагаворы на пастаўку нашай агародніны ва ўсе навучальныя ўстановы раёна для харчавання дзяцей.

Прагрэс далёка пайшоў наперад, але моркву па-ранейшаму ўбіраюць з вялікай доляй ручной працы. Напачатку барозны выгорвае капалка: тая самая, пры дапамозе якой капаюць бульбу, аднак механізатар наладжвае прычапное абсталяванне спецыяльна пад гэту культуру, каб не сапсаваць каштоўны караняплод. Далей кожная моркаўка з клопатам і любоўю ачышчаецца ад бацвіння і адпраўляецца ў вядро, а затым у кантэйнер.

Як расказала брыгадзір у раслінаводстве Алена Васюкевіч, ураджай радуе, але не хапае рук, каб хутка яго сабраць:

– Сёлета ўсё ўрадзіла някепска. Сабралі 177 тон яблыкаў, 88 з іх заклалі на захоўванне, астатнія здалі на лікёра-гарэлачны завод “Алгонь”. Морква выдатная, але малавата людзей. Убіраем сваімі сіламі, кожны дзень тут працуюць паляводы – ад 10 да 12 чалавек, так што запрашаем жыхароў раёна на дапамогу.

Нягледзячы на тое, што ўбіраць моркву – справа не з лёгкіх, усе ўдзельнікі працэсу ў добрым настроі, працуюць дружна, з жартамі. Палявод Вольга Казачок у КСУП “Жукоўшчына” без малога паўтара года, на моркве – другі сезон. Кажа, што тут ёй падабаюцца ўмовы працы і кампанія, з якой рабочы дзень пралятае хутчэй.

Яе калега Таццяна Бялятка паляводам працуе даўно, любіць свой няпросты занятак:

– Нам няма калі сумаваць, хапае клопатаў: то яблыкі збіраем, то моркву, то буракі, у міжсезонне даглядаем сад, падрэзваем, белім. Зімой сочым за захавальнасцю агародніны на сховішчы, сарціруем.

Па добрай традыцыі ў гарачы сезон уборкі гаспадаркам Дзятлаўшчыны дапамагаюць многія арганізацыі і прадпрыемствы раёна. У КСУП “Жукоўшчына” такіх партнёраў – каля 15. Напрыклад, на ўборцы морквы разам з аграрыямі заняты трактар “Беларус”, які належыць раённаму вузлу электрасувязі, і яго вадзіцель Уладзімір Багдзель.

– Ужо каля 10 гадоў прыязджаю на дапамогу КСУП “Жукоўшчына”, да гэтага быў у гаспадарцы “Русь-Агра” (цяперашні “АграМілк”), – расказвае ён. – Сёлета папрацаваў на ўборцы бульбы і яблыкаў.

Мужчына электраманцёр па пракладцы ліній сувязі, але заўсёды радуецца такім камандзіроўкам: сам родам з вёскі Яцвезь, працаваў 9 гадоў у сельскай гаспадарцы і цяпер з задавальненнем узгадвае тую пару.

А дружная каманда КСУП “Жукоўшчына” чакае энтузіястаў з раёна на сезонныя работы. Залатыя горы не абяцаюць, але добрыя ўмовы працы на свежым паветры, харчаванне і заработную плату па заслугах – абавязкова.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga