На кірмаш – па зерне, мёд і прыемную размову

Галоўнае Падзеі Эканоміка і сельская гаспадарка

На Дзятлаўшчыне адкрыўся сезон кірмашоў-продажаў сельскагаспадарчай прадукцыі, на якіх жыхары раёна могуць набыць тавары па душы, зрабіць запасы на зіму, калі ў сваім агародзе нешта не ўрадзіла.Першы вялікі гандаль прайшоў у Дзятлаве на тэрыторыі гарадскога рынку і выклікаў вялікі ажыятаж.

Ён адзначыўся багатым асартыментам прадукцыі, сярод прапановаў – сезонная агародніна і садавіна ад дзяржаўных прадпрыемстваў і прыватных прадпрымальнікаў, збожжа і бульба – ад усіх гаспадарак раёна, ягады, арэхі, кветкі, жывая рыба (было некалькі прадаўцоў), мёд, саджанцы, сыры ад Дзятлаўскага філіяла ААТ “Молочный Мир”. Кожны, хто наведаў кірмаш, напэўна знайшоў прапанову для сябе і закупіўся ўсім неабходным. Як і кожны год, павышаны попыт быў на зерне, яго разабралі яшчэ да афіцыйнага пачатку мерапрыемства, аднак сельгаспрадпрыемствы абяцалі прывезці яшчэ. Бойкі гандаль ішоў на рыбных прылаўках, папулярнасцю карысталіся яблыкі КСУП “Жукоўшчына”, цыбуля, часнок, морква, буракі і грэцкія арэхі.

Прадаўцы і пакупнікі расказвалі, па што або з чым прыбылі на кірмаш, ахвотна дзяліліся сваімі ўражаннямі і настроем.

– Прывозілі сёння пераважна зерневыя культуры – пшаніцу, трыцікале, жыта, ячмень – амаль усё прадалі. Бульба гатунку “Скарб” не вельмі карыстаецца попытам, прадалі толькі тры сеткі. Відаць, ва ўсіх гаспадароў гэта культура добра ўрадзіла. Плануем удзельнічаць ва ўсіх далейшых кірмашах, дададзім у асартымент кукурузу, алейную рэдзьку, проса, насенне траваў, – дае кароткую справаздачу галоўны спецыяліст ААТ “Дварэц-Агра” Аляксандр Сачык.

Многа людзей з агароднінай спяшаюцца загрузіць яе ў аўтамабілі або хоць на веласіпеды, сярод іх – дзятлаўчанка Леакадзія Вайчык.

– Прыехала на кірмаш па проса, але не паспела купіць, разабралі. Хоць буракоў узяла, бо свае не ўрадзілі, вельмі люблю салату з іх. На кірмашы шмат усяго на любы густ, але іншай агародніны ў мяне хапае ў гэтым годзе, – расказвае яна.

Вельмі людна каля гандлёвага месца Ірыны Сокал, якая сёння прадае жывую рыбу разам з дачкой.

– Прывезлі на продаж амура, карпа, разам з мужам Сяргеем Уладзіміравічам гадуем яе з лічынкі на арэндаваным возеры ў “Карыцы-2” Данілавіцкага сельскага савета. Стараемся бываць на ўсіх кірмашах, сёння тут з дачкой. Гандаль ідзе вельмі добра, ужо амаль усё прадалі, — расказвае яна.

Багаты выбар не толькі мёду розных гатункаў, але і ўсемагчымых прадуктаў з яго прапануе Мікалай Глушкевіч, які прачытаў у інтэрнэце пра наш кірмаш і прыехаў паўдзельнічаць. Для яго мёд не хобі, а сямейны бізнес.

– Маем вялікую пасеку, працуем з сынам, качуем разам з пчоламі, атрымліваем розныя гатункі мёду. Акрамя таго, выпускаем мёд з куркумой, чарніцамі, мятай, праполісам. Сёння прывезлі сюды настойку праполісу, воск, свечкі, пяргу, мазь для загаення ўсіх паражэнняў скуры – ад невялікіх раздражненняў да пасляаперацыйных рубцоў, яе я вару па спецыяльным рэцэпце, які даведаўся на кангрэсе пчалаводаў. Для аматараў салодкага ёсць крэм-мёд з мяккай кансістэнцыяй, які можна намазваць на бутэрброд, – рэкламуе Мікалай Пятровіч. – Дзятлаўскі кірмаш радуе атмасферай і цікавасцю пакупнікоў, усе добразычлівыя, гандаль ідзе бойка.

Па суседстве свойскі лясны мёд прапаноўвае Аляксандр Макуца, жартам кажучы, што ён амаль таёжны: на малой радзіме ў Ганчарах і Калпінскіх нашага раёна, па словах мужчыны, ужо амаль дзікая прырода. Мёд пераважна ліпавы: больш за 20 дрэваў растуць на падворку бацькоўскага дома пчаляра, яшчэ столькі ж – па вёсцы.

– Літраў 200 мёду штогод прадаю, ён карыстаецца попытам у беларусаў і расіян, якія прыязджаюць на Дзятлаўшчыну адпачываць, – адзначае ён.

Пастаянныя наведвальнікі сезоннага кірмашу – Людвіг Варабей з жонкай, якія больш за 15 гадоў захапляюцца кветкамі, прапануюць свае тавары землякам. У асартыменце – хрызантэмы, бягоніі, пеларгонія.

– Сезонныя кветкі для дома і агарода вырошчваем у цяпліцы на прысядзібным участку, прадаём пакрыху на кірмашах і гарадскім рынку. Людзі цікавяцца, набываюць, параўноўваюць кошты: сёння вялікі выбар, канкурэнцыя. Мы ж займаемся гэтай справай для душы. Нездарма кажуць, што час, які ты бавіш з кветкамі, ва ўзрост не ўлічваецца. Сёння крыху надвор’е падкачала, але людзі не засмучаюцца, выкарыстоўваюць магчымасць нешта прадаць ці купіць на ўсе 100 %.

Яўгенія Цыгель прапануе прадукцыю, вырашчаную на ўласным прысядзібным участку. У яе ўсяго пакрыху: ігрушы, айва, памідоры, часнок, фасоля, маліна і кветкі.

– Стараюся не прапускаць такія мерапрыемствы: і папрацаваць, і з людзьмі пагутарыць прыемна, – кажа Яўгенія Іванаўна.

Да канца месяца па суботах сельскагаспадарчыя кірмашы будуць праходзіць у Казлоўшчыне, Наваельні, Гезгалах, заключны адбудзецца 28 кастрычніка на плошчы 17 Верасня ў Дзятлаве.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga