Кацярына Будзько: “Я люблю дзяцей, і гэта ўзаемна”

Важнае Грамадства

Штогод вялікая педагагічная сям’я Дзятлаўшчыны папаўняецца маладымі кадрамі, якія прыходзяць у прафесію пакуль без вопыту, але са сваімі арыгінальнымі ідэямі, жаданнем вучыць, выхоўваць і вучыцца самім, з магутнай энергіяй да стваральнай дзейнасці.

Для выхавальніцы Кацярыны Будзько прафесійным дэбютам можна лічыць яе прамову на жнівеньскім педагагічным форуме, з якой яна звярнулася да будучых калег.

Аб чым гаварыла са сцэны малады спецыяліст? Гэта пытанне можна задаць ёй у дзіцячым садзе № 1 горада Дзятлава, дзе дзяўчына працуе выхавальніцай 10-й сярэдняй групы.

– На нарадзе я гаварыла аб дарагой сэрцу Дзятлаўшчыне, дзе нарадзілася, расла, зрабіла жыццёвы выбар, аб любові да прафесіі і жаданні развівацца ў ёй, а галоўнае – выказвала словы ўдзячнасці родным людзям і свайму працоўнаму калектыву – усім тым, хто паверыў у мяне і даў шанц ажыццявіць мару, – адказала Кацярына Ігараўна.

Да педагогікі ўраджэнка аграгарадка Раклевічы ішла паступова і мэтанакіравана. Прызнаецца, што на выбар прафесіі найбольш паўплываў аўтарытэт мамы – настаўніцы рускай мовы і літаратуры. У школьныя гады дзяўчына цікавілася тым, як матуля рыхтуецца да ўрокаў, сама актыўна ўдзельнічала ў школьных мерапрыемствах. З выбарам менавіта дашкольнай сферы вызначылася, калі нарадзіўся пляменнік.

З “першым” дзіцячым садам Кацярына Будзько пазнаёмілася ў час пераддыпломнай практыкі і захацела вярнуцца сюды ўжо часткай калектыву. Яе жаданне спраўдзілася, і выканаў яго не нейкі чараўнік, а загадчыца ўстановы Алена Лазоўская, якая аформіла запыт на маладога спецыяліста.

Першым працоўным месцам выхавальніцы стала ўжо знаёмая з практыкі група, дзе і сёння яна выхоўвае маленькіх дашкалят, вучыць іх важным ісцінам на вопыце старэйшых пакаленняў, але з прымяненнем сучасных тэхналогій.

– Пакуль яшчэ крыху страшна памыліцца, не апраўдаць аказаны давер, але я стараюся адпавядаць. Прыемна, што можна заўсёды спытаць параду ў калег, калі нешта не зразумела, – прызнаецца дзяўчына.

Кацярына Ігараўна працуе з дзеткамі, якія хутка стануць школьнікамі, а значыць, адукацыйны працэс павінен быць на дастойным узроўні: тут прысутнічаюць вывучэнне навакольнага асяроддзя, літаратуры, ліку, музыкі і абавязкова – размовы пра родную Беларусь.

Калектыў прыняў маладую выхавальніцу добра, і яна паступова ўваходзіць у сваю справу, але ўжо цяпер ведае, што прафесію выбрала “на дзясятачку”.

– Вядома, мне самой яшчэ шмат чаму трэба вучыцца на практыцы. Але ўсё атрымаецца, бо я люблю дзяцей і ведаю, што гэта ўзаемна. Вельмі ўдзячна бацькам сваіх выхаванцаў за тое, што з разуменнем адносяцца да маладога педагога, давяраюць мне самую вялікую каштоўнасць у іх жыцці.

– Дзе бачыце сябе праз год, пяць, дзесяцігоддзе?

– Адназначна ў дашкольнай педагогіцы, гэта мой лёс. У бліжэйшы час планую паступіць у ВНУ на больш вузкую спецыялізацыю лагапеда.

– Не баіцеся праз гады працы “перагарэць” да работы?

– Я думаю, у нашай прафесіі гэта проста немагчыма: дзеці выпраменьваюць такую магутную жыццёвую энергію, ад якой хочацца жыць і працаваць з новымі сіламі.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: