Для каго “загучалі” будынкі?

Важнае Грамадства Свежыя навіны

Новыя тэхналогіі прыходзяць на дапамогу чалавеку, каб зрабіць яго жыццё больш камфортным, а для некаторых яны становяцца проста неабходнымі.

Пра гэта ў Дзятлаўскай раённай бібліятэцы гаварылі ўдзельнікі раённай арганізацыі ГА “БелТІЗ”. Работнікі бібліятэкі наладзілі для гасцей прагляд кінастужкі “Белыя Росы” з ціфлакаментарыем. Ціфлакаментарый дапамагае слабавідушчым і невідушчым людзям атрымаць больш глыбокае ўражанне ад кіно, паколькі на працягу кінастужкі яны чуюць не толькі галасы герояў і гукі, але і словы каментатара з апісаннем падзеяў на экране. У Дзятлаўскай бібліятэцы ўжо сабрана невялікая кінатэка, якой могуць скарыстацца інваліды па зроку. Сюды ўвайшлі стужкі розных жанраў і плануецца, што яна будзе пашырацца.

Не менш цікава людзям з праблемамі зроку было паслухаць удзельніка раённай арганізацыі ГА “БелТІЗ” Віталя Крэйдзіча, які нядаўна пабыў у медыцынскім каледжы горада Гродна, дзе праходзіла прэзентацыя ячшчэ аднаго ноу-хау – моўных інфарматараў “Крокі на гукі”. Віталь расказаў прысутным, што гэта распрацоўка вучоных уяўляе сабой невялікую скрыначку, якая вешаецца на сацыяльна значны аб’ект у горадзе. Чым больш будынкаў абсталявана прыборамі, тым больш камфортным будзе горад для інвалідаў па зроку. Каб скарыстацца магчымасцямі моўных інфарматараў, невідушчы чалавек павінен закачаць сабе на смартфон спецыяльную праграму. З яе дапамогай пры набліжэнні невідушчага да будынка моўны інфарматар пасылае на тэлефон інфармацыю пра арганізацыю, якая размяшчаецца ў будынку, яе назву, адрас, графік работы, сферу дзейнасці, арыентуе інваліда ўнутры будынка (пасылае гукавы сігнал арыентавання) – адным словам, дае магчымасць невідушчаму чалавеку вызначыць дакладнае месцазнаходжанне аб’екта і атрымаць пра яго ўсю неабходную інфармацыю.

Віталь Крэйдзіч расказаў, што ў Мінску моўнымі інфарматарамі ўжо абсталяваны аўтавакзал, чыгуначны вакзал, некалькі банкаў. Прыборы праходзяць стадыю тэсціравання і хутка з’явяцца ў абласных цэнтрах.

 

Ірына КАЎКЕЛЬ