Чужых дзяцей не бывае

Важнае Грамадства

Так лічаць матулі, якія адкрылі свае сэрцы для дзяцей, якія засталіся па розных жыццёвых прычынах без апекі кроўных бацькоў.

Менавіта для гэтых шчодрых на дабрыню жанчын Дзятлаўшчыны напярэдадні Дня маці ў раённай бібліятэцы прайшло святочнае мерапрыемства.

Ініцыятарамі па-сямейнаму цёплай сустрэчы за кубачкам чаю былі аддзел адукацыі райвыканкама і сацыяльна-педагагічны цэнтр горада Дзятлава, а супрацоўнікі бібліятэкі падрыхтавалі для сваіх гасцей цікавую праграму. Пачалася яна з экскурсіі па бібліятэчных залах, у час якой дарослым расказалі, якія кнігі могуць зацікавіць дзяцей розных узростаў або скрасіць вольную хвілінку ім самім. Прысутныя даведаліся, што на бібліятэчных паліцах ёсць не толькі класіка і літаратурныя навінкі, але і краязнаўчыя кнігі пра нашу Дзятлаўшчыну і Гродзеншчыну, а таксама сабраны матэрыялы аб літаратурнай творчасці мясцовых аўтараў, працуюць інфармацыйна-прававы цэнтр, тэатр “Чытай-ка”, летам – гульнявыя пляцоўкі, ладзяцца і зменныя кніжныя выставы, адну з якіх разам з прыгожай фотазонай бібліятэкары падрыхтавалі да Дня маці і Дня бацькі.

З надыходзячым святам жанчын павіншавала галоўны спецыяліст аддзела адукацыі райвыканкама Алена Чайкоўская:

– Матчына любоў суправаджае чалавека на працягу ўсяго жыцця, а ў прыёмных бацькоў яна выражана яшчэ шырэй і глыбей, больш напоўнена станоўчымі эмоцыямі. Не ўсе могуць стварыць замяшчальныя сем’і, таму Ніна Млынарчык, Марына Шэлег, Ала Пратас, Людміла Асіпук-Фатон, Таццяна Сянчурына – самыя паважаныя матулі Дзятлаўскага раёна, бо ў іх хапае пяшчоты, цярпення і мудрасці, каб даць пуцёўку ў жыццё дзецям, якія засталіся без апекі кроўных бацькоў. Праца замяшчальных мам і татаў вельмі сур’ёзная і няпростая, патрабуе падтрымкі, якую і аказваюць такім сем’ям спецыялісты. Толькі разам мы можам даць дзецям тую шчаслівую будучыню, якой яны заслугоўваюць. Жадаю міру, радасці і дабрабыту вашым сем’ям.

Алена Чайкоўская ўручыла падзячныя лісты аддзела адукацыі за добрасумленную працу і неацэнны ўклад у выхаванне дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, Ніне Млынарчык, бацькам-выхавальнікам дзіцячага дома сямейнага тыпу Марыне і Аляксандру Шэлегам, такая ж узнагарода перададзена Таццяне Сянчурынай.

За кубачкам чаю прыёмныя матулі падзяліліся разважаннямі пра замяшчальнае бацькоўства.

– Сёлета 12 кастрычніка споўнілася 30 гадоў, як мы з мужам удачарылі першае наша дзіця – Юлію, – расказала Ніна Млынарчык. – І я ўдзячна Богу, што за гэтыя дзесяцігоддзі наша сям’я стала вялікай, што нас называюць “мамуля”, “татачка” і ўжо нават “бабуля” і “дзядуля”. Нашы сыны і дочкі выраслі годнымі людзьмі, стварылі ўласныя сем’і, некаторыя аднавілі кантакты з кроўнымі бацькамі, але нас прадаўжаюць лічыць роднымі людзьмі. Тым, хто мяркуе стаць замяшчальнымі бацькамі, я магу сказаць, што ім давядзецца адрачыся ад уласных інтарэсаў і прысвяціць сябе дзецям, да якіх, нягледзячы на юны ўзрост, лёс быў нялітасцівы. Спатрэбіцца шмат любові, пяшчоты, цярпення і разумення, каб іх “адагрэць”.

– Прыёмнае бацькоўства – гэта не прафесія, а справа ад Бога, – упэўнена Марына Шэлег. – Мы прысвяцілі ёй 9 гадоў. Разам з мужам заўсёды былі ўпэўнены, што годнае выхаванне павінна “ехаць” па дзвюх рэйках – любоў+дысцыпліна, толькі так можна вырасціць дастойнага чалавека. Тыя, хто хоча стаць прыёмнымі бацькамі, павінны прыслухацца да сябе: важна, каб жаданне ішло ад сэрца, а вера падмацоўвала ваша цярпенне, каб вы не спыняліся на абраным шляху.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga