Падарожжа – гэта заўсёды цікава, нават захапляльна.
Новыя мясціны, новыя сустрэчы, новыя ўражанні. А калі яшчэ такое падарожжа з’яўляецца своеасаблівай узнагародай за працу, натхненне і крэатыўнасць, то тут ужо і гаварыць няма чаго – трэба ехаць і натхняцца на новыя “Эверэсты”, тым больш што паездка ў нязведаную і вельмі прывабную для падарожжа Гомельскую вобласць і ў сам знакаміты горад на Сожы.
І пашчасціла нашай камандзе ў складзе Наталлі Калодка, Дзінары Харошка, Алены Абрамчык, Людмілы і Аляксандра Баклушыных, Святланы Венскай і Андрэя Добыша трапіць у тую паездку не проста так, а за ўдзел у міжнароднай прафсаюзнай выставе “Пазнай Беларусь”, што праходзіла ў красавіку ў Рэспубліканскім палацы прафсаюзаў. Мы тады разам з прадстаўнікамі розных раёнаў і прадпрыемстваў абаранялі гонар Гродзенскай вобласці і занялі першае месца, за што Гродзенскае абласное аб’яднанне прафесійных саюзаў атрымала грашовую прэмію. Усім удзельнікам вырашылі падзякаваць вось такім цудоўным чынам.
Паездка на Гомельшчыну доўжылася два дні. Спачатку мы заехалі ў старажытны горад Бабруйск, пазнаёміліся з мясцовымі яўрэямі, патанцавалі з імі, пачаставаліся яўрэйскімі піражкамі з капустай, праехалі па самых цікавых месцах горада, пабылі ў адзіным гарадскім касцёле, дзе некалі хрысцілі класіка беларускай літаратуры, аднаго з яе пачынальнікаў – Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. А яшчэ пазнаёміліся з камендантам Бабруйскай крэпасці і сфатаграфаваліся з ім на памяць. І, безумоўна, мы не маглі абмінуць знакамітага Бабра Самуілавіча, які ганарова стаіць у цэнтры Бабруйска і ўсім сваім выглядам прываблівае турыстаў. І не дзіва – кожнаму ж хочацца пацерці яго лапу ці нос, а яшчэ лепей залаты ланцужок на поясе, тады і з грашыма пашанцуе, і з бізнесам, а можа, каму і скарб пашчасціць знайсці. А што? Напалеонаўскі ж яшчэ не выцягнулі са дна Беразіны.
Далей наш шлях ляжаў у Чырвоны Бераг, спачатку ў маёнтак Козел-Паклеўскіх, дзе ўсе былі проста ўражаны прыгажосцю пакояў, багаццем інтэр’ера, гісторыяй сям’і гаспадароў. Пагружэнне ў 19 стагоддзе адбывалася проста на вачах. Але дзіцячая трагедыя, якая адбылася ў сценах маёнтка ў гады Вялікай Айчыннай вайны, прымусіла забыць і пра гаспадароў, і пра прыгажосць, і пра багацце іх летняй рэзідэнцыі, бо менавіта тут, у Чырвоным Беразе, фашысты ператварылі нашых беларускіх дзяцей у донараў для нямецкіх салдат. Частка маленькіх вязняў загінула, але большасць нацысты пераправілі ў розныя месцы Германіі і акупіраваных ёй тэрыторый, дзе зрабілі іх донарамі ці рабамі нямецкіх баўэраў. Каля 2 тысяч непаўналетніх беларусаў прайшло праз нямецкі шпіталь, які знаходзіўся ў маёнтку.
Побач з вёскай Чырвоны Бераг, на лобным месцы, адкрытым усім вятрам, знаходзіцца мемарыял, пабудаваны па праекце Леаніда Левіна, аўтара Хатыні. Тут з вуснаў экскурсавода мы пачулі жудасную гісторыю здзекаў з беларускіх дзяцей. Было вельмі холадна, марозна, вільготна, дзьмуў моцны вецер, але група акружыла экскурсавода і лавіла кожнае яго слова са слязьмі на вачах. У Чырвоным Беразе немагчыма не плакаць, сэрца не вытрымлівае, слёзы проста самі льюцца з вачэй. І перад табой паўстаюць фігуркі галодных, з працягнутай рукой дзетак, якія згодны былі на ўсё, абы ім далі пасля забору крыві кавалачак цукру…
Вечарэла, і далей наш шлях ляжаў у Гомель. Раніцай наступнага дня група пачала знаёміцца з горадам. Сыпаў снег, дарогі не паспявалі чысціць, але мы паглядзелі ўсё самае цікавае і пераканаліся, што Гомель – вельмі прыгожы горад, адначасова і сучасны, і старажытны. Вельмі шмат на вуліцах незвычайных дамоў з ляпнінай, пафарбаваных у розныя колеры (яны адразу нагадалі Санкт-Пецярбург), гісторыя кожнага з будынкаў цікавая і бярэ пачатак з 19 стагоддзя. У гады Вялікай Айчыннай вайны Гомель быў амаль цалкам знішчаны, але ў пасляваенны час гараджане аднавілі яго, паднялі, можна сказаць, з руін. І сёння ганарацца і цудоўным паркам, і будынкамі, і сваімі знакамітымі землякамі. І безумоўна, палацам Румянцавых-Паскевічаў – дыяментам Гомеля і Гомельшчыны. Больш за дзве гадзіны хадзілі мы спачатку па парку над Сожам, а потым па пакоях палаца. Што сказаць? Бывае, што і слоў не хапае на выражэнне тых эмоцый, якія надоўга застаюцца ў душы. Трэба падарожнічаць – і тады вы ўсё адчуеце самі. Асабіста магу сказаць адно (думаю, што ўся група мяне падтрымае) – у Беларусі ёсць што паглядзець, беларусам ёсць чым ганарыцца і чым натхніцца на роднай зямлі.
І апошняй мясцінай, якую мы наведалі, была Ветка і яе ўнікальны музей стараверства і беларускіх традыцый. Нас падзялілі на дзве групы, і нашу павяла дзяўчына, моладзь сказала б пра яе “прыкольная”, з гумарам, але настолькі дасведчаная і паглыбленая ў тэму, што захацелася, прыехаўшы дахаты, прачытаць усю магчымую інфармацыю пра старавераў. Музей багаты, разнастайны, сабраны першым дырэктарам Фёдарам Шкляравым з такой любоўю і адданасцю, што немагчыма не ўразіцца. У экспазіцыі нават ёсць кніга, надрукаваная Іванам Фёдаравым, нашым земляком, які ў гісторыі лічыцца рускім першадрукаром. Уразілі і ручнікі, арыгінальныя строі Веткаўшчыны, пакой-майстэрня іканапісца і залатых спраў майстра, які рабіў аклады для ікон. Веткаўскі музей варта наведаць, бо такой калекцыі вы больш нідзе не ўбачыце і такой цікавай гісторыі пра старавераў больш нідзе не пачуеце.
Думаецца, што паездкай мы будзем жыць яшчэ доўга. Будзем разглядаць фотаздымкі, відэа на мабільным, успамінаць свае адчуванні. Такія падарожжы карысныя не толькі для розуму, але і для сэрца. І дзякуй яшчэ раз Гродзенскаму абласному аб’яднанню прафсаюзаў за цудоўную магчымасць пазнаць Беларусь.
Алена АБРАМЧЫК,
спецыяліст па турызме Дзятлаўскага ТІЦ
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga