Жыццё, напоўненае шчасцем

Галоўнае Хто крылы расправіў на роднай зямлі

Сёлетні багаты яркімі фарбамі і шчодрым ураджаем верасень стаў адметным для жыхаркі Гезгалаў Станіславы Васкель: жанчына адзначыла сваё 90-годдзе.

Павіншаваць  яе з юбілейнай датай прыехалі дырэктар Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Таццяна Нікіпорчык, старшыня раённай арганізацыі Таварыства Чырвонага Крыжа Галіна Касцюк, старшыня Жукоўшчынскага сельвыканкама Валерый Верамейчык, артысты горада Дзятлава Таццяна Шостка і Ірына Бакшук.

Юбілярцы адрасавалі шчырыя словы віншавання, уручылі памятныя падарункі і кветкі, якіх у імянінніцы набралася цэлая хатняя аранжарэя. А яшчэ падарылі добра знаёмыя песні, якія Станіслава Іосіфаўна таксама з задавальненнем падпявала.

Яна расказала гасцям аб сваім няпростым, але насычаным, поўным любові блізкіх і сямейнага шчасця жыцці.

– Мая радасць, мой гонар і суцяшэнне – наша вялікая дружная сям’я, – падзялілася жанчына. – Чацвёра дзяцей, сем унукаў, ужо таксама дарослых, дзевяць праўнукаў – гэта маё ўсё.

Некалькі дзён таму ўсе родныя сабраліся разам у рэстаране, каб павіншаваць з юбілеем любімую, дарагую мамачку, бабулю і прабабулю, па-сапраўднаму багатую жанчыну. Дачка Ірына з Гродна, якая ў адпачынку знаходзіцца ў гасцях у матулі, адкрыла сакрэт, што Станіслава Іосіфаўна, якая ўсё жыццё працавала ў калгасе паляводам, заўжды хацела, каб дзеці атрымалі добрую адукацыю, сталі дастойнымі людзьмі, каб у сям’і абавязкова з’явіліся медыкі. Яе мара была пачута Богам і рэалізавана спаўна: абедзве дочкі сталі медыцынскімі сёстрамі, сын – доктарам, у сям’і кожнага з чацвярых дзяцей таксама ёсць свае дактары – дзеці і нявестка.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga