Васілій Шпакоўскі: “Мы дорым людзям цяпло”

Галоўнае Эканоміка і сельская гаспадарка

Напярэдадні прафесійнага свята дырэктар Дзятлаўскага філіяла камунальнага ўнітарнага прадпрыемства “Гроднааблпаліва” Васілій Шпакоўскі расказаў аб поспехах, задачах і калектыве прадпрыемства.

– Мінула крыху больш за паўгода, як вы кіруеце раённым філіялам. Што паспелі зрабіць за гэты час?

– На пасадзе кіраўніка я працую са студзеня 2023 года, за гэты прамежак часу увесь наш калектыў правёў грунтоўную работу. У адносінах да справы імкнуся кіравацца двума прынцыпамі: пад ляжачы камень вада не цячэ, стукайце – і вам адчыняць. Калектыў мяне ў гэтым падтрымлівае, што пацвярджаецца вынікамі работы: з 15-га месца ў абласным рэйтынгу мы перамясціліся на 8-е, а па асобных пазіцыях – на 6 месца.

– На чым спецыялізуецца філіял?

– Асноўны напрамак дзейнасці – забеспячэнне насельніцтва раёна рознымі відамі паліва: дровамі, брыкетам – гэтым арганізацыя займаецца з 1972 года. Аднак, каб паспяхова існаваць і канкурыраваць на рынку, сёння гэтага недастаткова, таму мы паступова займаем нішу ў іншых напрамках дзейнасці. У прыватнасці, на базе філіяла працуе піларама: згодна з заяўкамі забяспечваем насельніцтва піламатэрыяламі высокай якасці, сыравіну для іх закупляем на біржы. Таксама пастаўляем пясчана-гравійную сумесь з кар’ера “Данілавіцкае”, шчыльна працуем з Новаяльнянскім КХП: маем на рэалізацыю свіны і курыны камбікармы. Дзякуючы правільна выбудаванай лагістыцы, мы можам паспяхова канкурыраваць нават з прыватным сектарам эканомікі. Актыўна супрацоўнічаем з Дзятлаўскім лясгасам, РУП ЖКГ, пры падтрымцы якога вырабляем пілавінне, запатрабаванае не толькі на Дзятлаўшчыне, але і ў суседніх раёнах.

– Хто вашы кліенты?

– У нашых паслугах маюць патрэбу найперш фізічныя асобы – пенсіянеры, усе жыхары раёна. Дзеля іх стараемся рабіць максімальна таннай нашу прадукцыю, аднак выніковы кошт усё адно залежыць ад дальнасці маршруту дастаўкі. Вельмі прыемна, што мы можам не толькі стабільна працаваць, але і аказваць дапамогу сельскагаспадарчым прадпрыемствам, установам адукацыі раёна.

– Васілій Іванавіч, у чым сакрэт эфектыўнай работы?

– Часта ўзгадваю, што калектыў філіяла нібы ансамбль, у якім я, дырыжор, кірую прафесіяналамі, кожны з якіх ведае сваю справу, але толькі разам мы можам сыграць патрэбную мелодыю. Вельмі радуе, што за апошнія паўгода наш “ансамбль” зайграў не толькі для душы, але і са стабільным эканамічным эфектам: у арганізацыі з’явіўся прыбытак, пастаўшчыкі і рынкі збыту, дастойны заробак. У канцы года выплацім “трынаццатую” зарплату. Таксама заканчваем рамонт даху на ўсіх збудаваннях участка, разам з кіраўніцтвам раёна да 525-годдзя горада Дзятлава заклалі яблыневы сад. Гэта заслуга ўсяго калектыву.

Як і ў кожнай арганізацыі, тут усё трымаецца на людзях. У нас працуе вельмі разнапланавы, зладжаны, унікальны калектыў. Ёсць вопытныя работнікі, наш надзейны тыл: спецыяліст па продажы Галіна Губко, якая працуе ў гэтай сферы 35 гадоў, заўжды на “перадавой”, на кантакце з кліентамі; эканаміст па збыце Наталля Мазура – нязменная на працягу 30 гадоў на гэтай пасадзе. Два гады таму іх каманда папоўнілася вядучым бухгалтарам Святланай Аўсянскай, якая ўжо карыстаецца заслужаным аўтарытэтам нават у абласнога кіраўніцтва. Паспяхова вырашаць надзённыя задачы мне дапамагае мой намеснік, майстар участка Руслан Саўрас – таленавіты арганізатар, які жыве інтарэсамі калектыву, выдатна спраўляецца з аб’ёмам разнапланавай работы. Са з’яўленнем піларамы да нас прыйшлі працаваць сапраўдныя прафесіяналы сваёй справы  – станочнікі Мікалай Блоцкі і Васіль Кавальскі. Дровамі, пілавіннем і іншай прадукцыяй участка насельніцтва забяспечвае трактарыст Сяргей Мілевіч – адказны да работы і беражлівы да даверанай тэхнікі чалавек. Прадукцыйна працуюць, пастаянна выконваюць план дрывакольшчыкі Сяргей Ёда і Доса Рышар Фатон. У нас ёсць два вадзіцелі – Браніслаў Ярмаловіч, які мае стаж у арганізацыі 3 гады, малады вадзіцель 1-га класа Аляксандр Вашко, які нядаўна прыйшоў да нас. Паважаем вопытных работнікаў, разам з тым стараемся амалоджваць калектыў.

– Што чакае арганізацыю наперадзе?

– Маем амбіцыёзныя мэты і планы на будучыню, якія будзем дасягаць паступова разам. Сярод бліжэйшых – абнаўленне аўтапарка: на наступны год узгоднена пакупка аўтамабіля МАЗ.  Таксама наладжваем супрацоўніцтва з арганізацыямі раёна па пастаўцы будаўнічых матэрыялаў, у будучым створым будаўнічую групу на базе філіяла. Задумак вельмі многа, галоўнае – не лётаць у аблоках, а рухацца па зямлі да намечанай мэты. У рэалізацыі планаў адчуваем два пляча падтрымкі – ад генеральнага дырэктара прадпрыемства «Гроднааблпаліва» Івана Крахмальчыка і старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага.

– Што пажадаеце калектыву?

– Напярэдадні прафесійнага свята хачу павіншаваць усіх калег, ветэранаў галіны, шчыра пажадаць калектыву нашага прадпрыемства, усяго аб’яднання далейшага развіцця, росквіту і дасягнення новых вышыняў на рынку паліўнай прамысловасці. Работнікам і іх сем’ям – моцнага здароўя, дабрабыту і мірнага неба.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga