“Сям’я для кожнага дзіцяці”

Важнае Грамадства

Абласная акцыя пад такой назвай праходзіць на Дзятлаўшчыне з 11 верасня па 15 кастрычніка.

Больш падрабязна пра мерапрыемства расказала галоўны спецыяліст аддзела адукацыі райвыканкама Алена Чайкоўская:

– У акцыі ўдзельнічаюць работнікі нашага аддзела, сацыяльна-педагагічнага цэнтра горада Дзятлава і ўсіх установаў адукацыі раёна, а таксама прыёмныя бацькі, бацькі-выхавальнікі дзіцячага дома сямейнага тыпу і іх выхаванцы.

– Якія мерапрыемствы адбудуцца?

– Установы адукацыі падрыхтавалі відэаролікі “Сям’я – гэта…” і размесцяць іх на сваіх сайтах і старонках у сацыяльных сетках. Пройдзе і аднайменны анлайн-марафон з меркаваннямі замяшчальных бацькоў і іх выхаванцаў аб значэнні сям’і. Для папулярызацыі прафесій “прыёмныя бацькі” і “бацькі-выхавальнікі” запланаваны выступленні ў працоўных калектывах, дзе будуць распаўсюджаны буклеты “Сям’я для кожнага дзіцяці”.

Дзеці з замяшчальных сем’яў прымуць удзел у конкурсе малюнкаў “Я і мая мара”, якія затым трапяць на абласную выставу ў гандлёвы цэнтр горада Гродна, а грамадскае аб’яднанне “Беларускі дзіцячы фонд” падрыхтавала падарункі для ўсіх удзельнікаў гэтага конкурсу.

– Ці актуальныя ў наш час пытанні ўладкавання дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў?

– На Дзятлаўшчыне жывуць 39 такіх дзетак. Яны гадуюцца ў дзіцячым доме сямейнага тыпу, 4-х прыёмных сем’ях, 20-і апякунскіх. У дзіцячым сацыяльным прытулку цяпер знаходзяцца 7 дзяцей, якія чакаюць сямейнага клопату і любові. Як бачым, у стварэнні новых прыёмных сем’яў ёсць патрэба.

Таму мы заклікаем усіх, у каго сэрца адкрыта для дзяцей, ёсць жаданне падарыць ім сям’ю і шчаслівае дзяцінства, звяртацца ў аддзел адукацыі райвыканкама (тэлефон 2-23-71) або сацыяльна-педагагічны цэнтр горада Дзятлава (тэлефон 2-71-18). Будзем рады бачыць у камандзе нашага педкалектыву новых прыёмных бацькоў.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga