Слава не даецца як дар, а заслугоўваецца руплівай працай

Галоўнае Хто крылы расправіў на роднай зямлі

28 верасня ў Дзятлаўскай раённай бібліятэцы ў рамках патрыятычнага праекта “Медаль за бой, медаль за працу з аднаго металу льюць” у фармаце адкрытага дыялога адбылася сустрэча з вядомымі землякамі, якія расказалі, як дасягнулі працоўных і службовых поспехаў, дзяржаўных і іншых заслужаных узнагародаў на сваім жыццёвым шляху.

Нагадаем, што праект скіраваны на патрыятычнае выхаванне і пераемнасць пакаленняў, ён закліканы знаёміць моладзь з людзьмі, якія шмат зрабілі для нашай Айчыны, і на станоўчых прыкладах дэманстраваць, як трэба жыць і працаваць на роднай зямлі. Ідэйнымі натхняльнікамі праекта сталі ветэраны працы Гродзеншчыны, якія ў Год міру і стварэння перанялі эстафету распаўсюджвання мудрага вопыту ў ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны.

На Дзятлаўшчыне ініцыятарамі адкрытага дыялога выступілі актывісты раённага савета ветэранаў і яго старшыня Міхаіл Губар пры падтрымцы работнікаў раённай бібліятэкі. Сустрэцца на дыялогавай пляцоўцы для абмену меркаваннямі яны запрасілі людзей сярэбранага ўзросту з нераўнадушнай грамадзянскай пазіцыяй, членаў моладзевага парламента пры раённым Савеце дэпутатаў пад кіраўніцтвам каардынатара дзейнасці Ірыны Мішчанка, актывістаў раённай арганізацыі ГА “БРСМ” на чале з прадстаўніком раённага камітэта моладзевага аб’яднання Наталляй Маркавай, гараджан. У якасці спікераў прыйшлі: заслужаны чалавек раёна і вобласці, у мінулым старшыня Воранаўскага райвыканкама, былы першы намеснік губернатара Гродзеншчыны Васіль Сцяпура, ваенны камісар Дзятлаўскага раёна Генадзь Суравец, дэпутат абласнога Савета дэпутатаў Аляксандр Ківуля, спецыяліст па турызме раённага турыстычнага інфармацыйнага цэнтра Алена Абрамчык. Мадэратарам размовы стала загадчыца аддзела абслугоўвання і інфармацыі раённай бібліятэкі Святлана Магера.

Кожны са спікераў расказаў пра сваю дарогу да поспехаў. Так, ураджэнец вёскі Раманавічы Васіль Сцяпура на роднай Дзятлаўшчыне прайшоў свае “жыццёвыя ўніверсітэты” ад ветфельчара да старшыні тагачаснага калгаса “1 Мая” (цяпер КСУП “Жукоўшчына”), каб затым “рухаць наперад” Воранаўскі раён, а пасля Гродзенскую вобласць і краіну. Падрастаючаму пакаленню дзятлаўчан Васіль Ігнатавіч прызнаўся, што ў скарбонцы яго працоўнай і грамадскай дзейнасці – ганаровае званне заслужанага работніка сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь, 4 ордэны і 13 медалёў, 2 з якіх – расійскія, што атрымаў у час дэпутацтва ў міжпарламенцкай асамблеі краін СНД. Сярод ордэнаў – “Знак почёта” часоў Савецкага Саюза і “Знак пашаны”, уручаны ўжо ў незалежнай Беларусі, а таксама ордэны Кірылы Тураўскага І і ІІ ступеняў. Аднак галоўнае нават не гэта, а тыя дасягненні, якія дзякуючы сумесным намаганням у цеснай звязцы з іншымі кіраўнікамі і простымі работнікамі сталі набыткамі нашага раёна, вобласці і краіны. Яны ўвасоблены ў форме дастойнай інфраструктуры, энерганасычанай тэхнікі, штогадовых шчодрых намалотаў – адным словам, таго надзейнага падмурка добрых спраў, на якім новаму пакаленню беларусаў належыць ствараць шчаслівую і незалежную будучыню нашай краіны. Лейтматывам усяго выступлення Васіля Сцяпуры стала думка, што ніколі слава не даецца чалавеку як дар, а заслугоўваецца руплівай працай.

Алена Абрамчык паразважала аб ролі ў лёсе Рэспублікі Беларусь простых працаўнікоў “ад зямлі”, якім уласцівы прыроднае сумленне, справядлівасць, народная мудрасць. Яны працуюць не за ўзнагароды, а з любові да роднай зямлі і ў паўсядзённых клопатах аб сваіх блізкіх. Звярнулася Алена Рыгораўна і да ролі ў грамадстве прадстаўнікоў творчай інтэлігенцыі, навукоўцаў, якія “рухаюць” наперад прагрэс, палягчаючы нам быт або проста радуюць і ўзнімаюць настрой сваімі новымі творамі. Яна прэзентавала падарачны альбом “Вабяць родныя прасторы” – сумесную работу з ураджэнцам Дзятлаўшчыны мастаком Іванам Козелам, да карцін якога пісала вершы. Расказала і аб даследчай рабоце ў рамках святкавання 525-годдзя горада Дзятлава. Напрыканцы выступлення заклікала разам падарожнічаць па раёне. А таксама прадставіла ўласную новую кнігу вершаў “Перепутье”, асобнік якой падарыла раённай бібліятэцы.

Як прыйшоў у ваенную прафесію і аддаў ёй больш за 35 гадоў, расказаў Генадзь Суравец – выпускнік Калінінградскага ваеннага авіяцыйна-тэхнічнага вучылішча 1990 года. У свой час на яго выбар паўплываў школьны ваенны кіраўнік. На Дзятлаўшчыну Генадзь Тадэвушавіч прыехаў у 2004 годзе, а ў 2011-ым узначаліў ваенны камісарыят, на гэтай пасадзе служыць і цяпер. У 2012 годзе указам Прэзідэнта ён адзначаны дзяржаўнай узнагародай – медалём “За бездакорную службу” ІІІ ступені. Звяртаючыся да моладзі, Генадзь Суравец падкрэсліў, што старанная і самаадданая праца абавязкова будзе заўважана, а цяжкасцяў баяцца не варта, бо без іх не бывае і дасягненняў.

Удзельнікі адкрытага дыялога змаглі задаць гасцям свае пытанні і атрымаць на іх адказы. Вынікі размовы падвяла Святлана Магера. Яна падзякавала спікерам за іх стваральную працу, дасягненні і змястоўныя аповеды, падкрэсліла, што падобныя сустрэчы спрыяюць рэалізацыі галоўнай мэты праекта: каб захоўваўся ланцужок пераемнасці пакаленняў і ўсё добрае, разумнае, вечнае перадавалася моладзі, каб юнакі і дзяўчаты не толькі ганарыліся сваёй краінай, але і імкнуліся зрабіць яе лепшай.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: