Цёплая восень жыцця (+відэа)

Галоўнае Грамадства

У актавай зале гімназіі № 1 горада Дзятлава адбылося раённае свята-шанаванне людзей залатога ўзросту, якія не адно дзесяцігоддзе прысвяцілі рабоце ў працоўных калектывах Дзятлаўшчыны.

Павіншаваць іх з надыходзячым Днём пажылых людзей прыйшлі старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Бараноўскі, старшыня раённага савета ветэранаў Міхаіл Губар, старшыня Дзятлаўскай раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў АПК Уладзімір Казак, начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама, намеснік старшыні раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” Вольга Рагачова, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, старшыня раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын” Алена Васкель, першы сакратар раённай арганізацыі ГА “БРСМ” Кацярына Хілімончык.

У святочнай зале сабраліся сапраўдныя легенды, ветэраны працы калектываў Дзятлаўшчыны, іх стаж вызначаецца лічбамі – ад 40 да 50 гадоў. Практычна ўсе яны нават на пенсіі вядуць актыўны лад жыцця, узначальваюць ветэранскія аб’яднанні ў сваіх калектывах, некаторыя яшчэ працуюць і пераважная большасць спявае ў народным хоры “Ветэраны ў страі”.

Аляксандр Бараноўскі звярнуўся да гасцей свята са словамі ўдзячнасці за шматгадовую плённую працу і віншавання з надыходзячым святам:

– Віншую вас з днём вопытных, мудрых людзей. Ад імя раённых Савета дэпутатаў і выканаўчага камітэта шчыра вітаю вас. Нездарма ў добрай песні ёсць словы пра тое, што восень жыцця, як і пару года трэба прымаць з удзячнасцю. Ёсць у гэтай пары свае радасці і прывілеі: выраслі дзеці, у вас з’явіліся людзі, якіх вы любіце больш за ўсіх на свеце – гэта вашы ўнукі, поспехам якіх мы радуемся ад душы. Хачу пажадаць моцнага здароўя, дабрабыту вам і вашым блізкім, каб ніколі боль і бяда не прыходзілі ў ваш дом. Доўгіх гадоў жыцця, невычэрпнай энергіі, мірнага неба над галавой. Каб такая цёплая, лагодная восень, якая пануе сёлета ў прыродзе, прысутнічала ў вашым жыцці.

Да словаў віншавання далучыўся Міхаіл Губар:

– Ад ветэранскай арганізацыі раёна хачу шчыра павіншаваць вас са святам і пажадаць здароўя, удачы, цяпла, радасці, каб унукі вас любілі і паважалі, а вы іх да пенсіі датрымалі.

Уладзімір Казак, якому пашчасціла папрацаваць з выдатнымі прадстаўнікамі аграпрамысловага комплексу нашага раёна, узгадаў нямала прыемных момантаў і таксама павіншаваў ветэранаў працы.

– Жадаю вам душэўнай цеплыні, удзячнасці ад працоўных калектываў і блізкіх людзей, шчырай любові і каб заўсёды была нагода радавацца жыццю, – адзначыў Уладзімір Фёдаравіч.

Ён уручыў памятныя падарункі паважаным дзятлаўчанам ад галіновага прафсаюза.

Таксама з цёплымі словамі віншавання і сувенірамі ад “Белай Русі” на свята прыйшла Вольга Рагачова. Яна пажадала землякам моцнага здароўя, бадзёрасці духу і радасных дзён.

Ад раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын” павіншавалі прысутных і ўручылі падарункі Алена Васкель і Таццяна Нікіпорчык.

Кацярына Хілімончык павіншавала прысутных з надыходзячай святочнай падзеяй, падзякавала прадстаўнікам залатога ўзросту за ініцыятыўнасць, работу з моладдзю, якой сёння вельмі патрэбны мудрыя парады, актыўны ўдзел у раённых мерапрыемствах. Яна таксама ўручыла прыемныя сюрпрызы на памяць аб сустрэчы.

Са словамі віншавання і ўдзячнасці выступіла ганаровая старшыня Беларускага саюза жанчын, у мінулым – начальнік Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Галіна Чура, выказаўшы цвёрдае перакананне ў тым, што пенсійны ўзрост дзятлаўчан можа і павінен быць насычаным на справы, сустрэчы і ўдзел у грамадска-палітычным жыцці раёна.

У гэту ўтульную сяброўскую сустрэчу добрымі песнямі гасцей свята радавалі артысты Дзятлаўшчыны Сяргей Малышчык, Таццяна Шостка, Тамара Ступак, Аксана Кашляк, Ала Чарняўская і Чэслаў Свіб.

Наталля АВЯРЧУК