“Букет віншаванняў” – для настаўнікаў Дзятлаўшчыны (+відэа)

Галоўнае Улада

Урачыстая праграма, святочны канцэрт і пажаданні да Дня настаўніка ад раённага кіраўніцтва і жыхароў Дзятлаўшчыны 29 верасня сабралі ў Цэнтры культуры і народнай творчасці тых, хто сее разумнае, добрае, вечнае.

На парозе ўстановы гасцей свята з віншавальнымі паштоўкамі, створанымі ўласнымі рукамі, сустракалі навучэнцы, працавала прыгожая фотазона, таксама была магчымасць абмяняцца з калегамі пажаданнямі і кветкамі.

– Вам уласцівы мудрасць, прафесіяналізм, мэтанакіраванасць, энтузіязм і самаадданасць, – павітаў удзельнікаў свята намеснік старшыні райвыканкама Дзмітрый Баравік. – Цяпер, як ніколі, важна вучыць дзяцей самастойна думаць, прымаць рашэнне і несці адказнасць за свой выбар, таму на педагогаў ускладзена важнейшая місія – дапамагчы вучням стаць годнымі грамадзянамі сваёй краіны. З ёй вы паспяхова спраўляецеся. Пацверджанне таму – паспяховы ўдзел у ІІІ этапе рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства “Настаўнік года-2023” педагогаў Жанны Цяцерынай з Казлоўшчынскай і Сяргея Карнэліка з Вензавецкай сярэдніх школ. Пераможцай абласнога і дыпламантам рэспубліканскага конкурсу “Педагагічны дэбют” стала малады дырэктар сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава Марына Нячай.

З найлепшымі пажаданнямі Ганаровыя граматы райвыканкама Дзмітрый Баравік уручыў педагогам Вользе Ківуля, Марыі Шавель, Тамары Буяк, Марыі Цімошка, Аляксандру Кучынскаму; Падзячныя лісты – Таццяне Ясюлевіч, Наталлі Ліцкевіч, Таццяне Сіўко, Святлане Навагран, Анатолю Куцко, Ларысе Гаўрош.

Эстафету віншаванняў людзей высакароднай прафесіі пераняў старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Бараноўскі, пажадаў шчасця, міру, дабрабыту і адзначыў Ганаровай граматай раённага Савета дэпутатаў Алену Гарановіч, Падзячным лістом – Вадзіма Палуносіка.

На гэтым узнагароджанне не скончылася. Ад вядучых урачыстасці Таццяны Ваніслаўчык і Валерыя Макарчыка прагучаў прыемны анонс: 5 кастрычніка ў рамках ушанавання лепшых прадстаўнікоў педагагічнай грамадскасці Гродзеншчыны нагрудным знакам Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь “Выдатнік адукацыі” будзе ўганаравана намеснік начальніка аддзела адукацыі райвыканкама Алена Жадзейка. Ганаровай граматы аблвыканкама за працоўныя заслугі ўдастоена настаўніца гісторыі гімназіі № 1 горада Дзятлава Алена Радомская. У Кнігу пашаны маладых спецыялістаў сістэмы адукацыі Прынёмання занесена імя педагога дадатковай адукацыі Дзятлаўскага раённага цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Роберта Асіпука.

Самыя цёплыя словы на адрас настаўнікаў раёна прагучалі ў час свята ад начальніка аддзела адукацыі райвыканкама Марыны Лашкоўскай. Ганаровай граматай Міністэрства адукацыі адзначана Марына Гуговіч, граматы міністэрства атрымалі Ігар Данільчык і Ала Шашко. Ганаровую грамату галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама – Анжэла Грыб, грамату ўпраўлення – Святлана Іода, Ларыса Ненартовіч, Ларыса Жэгалік, Наталля Карэйчанка.

Таксама былі ўручаны ўзнагароды ад абкама галіновага прафсаюза, аддзела адукацыі райвыканкама і, як знак глыбокай павагі, – кветкі ветэранам педагагічнай працы. Унеслі на раённую сцэну і вялікі букет для ўсіх педагагічных работнікаў Дзятлаўшчыны ад старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага. Каштоўныя падарункі настаўнікам ад раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” уручыла начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама, яна ж намеснік старшыні раённай арганізацыі Вольга Рагачова. Павіншаваў прадстаўнікоў высакароднай прафесіі благачынны Дзятлаўскай акругі іерэй Іаан Кісель і перадаў Марыне Лашкоўскай падарунак у знак супрацоўніцтва Царквы і педагагічнай грамадскасці раёна.

Добры настрой і творчыя нумары для прысутных у зале падрыхтавалі вучні і артысты Гродзенскай абласной філармоніі.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga