Рэалізацыя Дэкрэта № 18. Ведалі, дзе купацца, але парушылі

Важнае Здарэнні і бяспека

На чарговым пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама разгледжаны два адміністрацыйныя пратаколы на сяброў-падлеткаў, якія купаліся ў месцы, для гэтага не прызначаным, у суседнім Лідскім раёне.

Як расказалі самі хлопцы, у Ліду, дзе ў сярэдняй спецыяльнай навучальнай установе адзін з іх атрымлівае спецыяльнасць, вырашылі з’ездзіць, каб пагуляць па горадзе. Дзень быў спякотны, таму сябар-навучэнец прапанаваў наведацца на кар’ер-вадаём “Чэхаўцы”, які знаходзіцца каля аднайменнай вёскі. Для лідчан гэта вядомае і любімае месца адпачынку, “рэкламу” якога хлопец неаднойчы чуў ад мясцовай моладзі. На тое, што вадаём прамысловы і знаходзіцца на ім нельга, адпачывальнікі асаблівай увагі не звяртаюць, чаго не скажаш пра супрацоўнікаў адказных службаў.

На працягу купальнага сезона на кар’еры рэгулярна патрулюе міліцыя. Вось і на гэты раз праваахоўнікі заспелі тут адпачывальнікаў, у ліку якіх былі і юныя дзятлаўчане. На парушальнікаў забароны складзены адміністрацыйныя пратаколы. Пільная ўвага да гэтага месца абумоўлена найперш імкненнем зберагчы жыцці і здароўе людзей: берагі вадаёма тут спадзістыя, таму невядома, дзе пасля абмывання пяску ўтвараюцца яміны, а ў асобных месцах іх глыбіня дасягае і 20 метраў. Да таго ж кар’ер вытворчы, і пробы вады на аналізы ў ім ніхто не бярэ, што дадае рызыкі яшчэ і па мікрабіялагічных паказчыках. Адным словам, чаму купацца нельга, зразумела ўсім.

На пасяджэнні камісіі юныя парушальнікі і самі прызналіся, што разумелі ўзровень небяспекі, аднак іх “падкупіла” яшчэ і тое, што на вадаёме адпачывала нямала іншых людзей.

Паколькі характарыстыкі з навучальных установаў у юнакоў станоўчыя і парушэнне кожны з іх учыніў упершыню, члены камісіі на першы раз вынеслі абодвум афіцыйнае папярэджанне, аднак патлумачылі, што гэта таксама адна з формаў адміністрацыйнага ўздзеяння, і калі на працягу года будзе дапушчана новая правіна – адказнасці ў выглядзе штрафу ўжо не пазбегнуць. Таму на развітанне юным землякам пажадалі быць законапаслухмянымі і яшчэ раз нагадалі ім, ды і ўсім дзятлаўчанам таксама, што ў нашым раёне купанне афіцыйна дазволена толькі ў двух месцах: на пляжах у Дзятлаве і санаторыя “Радон”, дзе ўсё абсталявана па правілах, дзяжураць ратаўнікі, рэгулярна ажыццяўляецца забор вады на аналіз.

Святлана ЗАЛУЧАН,
намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама
Ірына СТЫРНІК,
карэспандэнт газеты “Перамога”, член камісіі

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga