Хто тут паркуецца?

Здарэнні і бяспека Свежыя навіны

Праблема парковак у забароненых месцах не губляе сваёй актуальнасці.

Нярэдка ад паводзінаў эгаістычных вадзіцеляў, якія любяць ездзіць не па правілах, а так, як ім зручней, пакутуюць інваліды-вадзіцелі, чые парковачныя месцы аказваюцца занятымі. Разам з супрацоўнікамі міжраённага аддзела ДАІ па абслугоўванні Дзятлаўскага, Зэльвенскага і Слонімскага раёнаў мы разбіраліся, што прымушае здаровых людзей наязджаць на разметку “парковачнае месца для інваліда”.

Парушальнікаў не шукалі – “ліпавыя інваліды” быццам бы самі чакалі нас на стаянцы. Грамадзяне тлумачылі паркоўку свайго аўтамабіля на такіх месцах традыцыйна: “мне далёка ісці, паблізу месцаў няма і часу чакаць таксама няма” або “мне так зручней”. Асабліва непрыемна гэта гучала на стаянцы каля раённай бальніцы, дзе парушаліся правы людзей, у якіх акрамя праблем з паркоўкай, хапае іншых, больш важных жыццёвых пытанняў.

У выніку двое дзятлаўчан былі прыцягнуты да адказнасці.

Хочацца нагадаць людзям, што ў адпаведнасці з правіламі дарожнага руху паркоўка на месцах для інвалідаў дазволена толькі ў выпадку наяўнасці адпаведнай наклейкі на аўтамабілі. У адваротным выпадку вадзіцель можа быць прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці – парушальніку пагражае штраф у памеры 2 базавых велічыняў. Акрамя штрафу, аўтамабіль можа быць эвакуіраваны на штрафстаянку.

Ірына КАМАРОВА