13 жніўня – Дзень будаўніка. Будзе школе новы ўбор

Галоўнае Грамадства

Не сакрэт, што летам навучальныя ўстановы раёна праходзяць актыўную падрыхтоўку да новага навучальнага года: у адных гэта касметычны рамонт, у іншых – грунтоўная мадэрнізацыя.

Так, Новаяльнянская сярэдняя школа да верасня каардынальна зменіць сваё аблічча і ўзровень камфорту. Дапамагаюць ёй у гэтым работнікі ўпраўлення спецыяльных работ у горадзе Дзятлаве ААТ “Будкомплекс” за сродкі раённага бюджэту.

Пра тое, на якім этапе сёння ідуць будаўнічыя работы, расказаў намеснік начальніка ўпраўлення Аляксандр Кійко:

– З канца чэрвеня комплексная брыгада ўчастка працуе на мадэрнізацыі і капітальным рамонце з заменай даху над харчблокам і спартыўнай залай Новаяльнянскай сярэдняй школы. Агульны кошт работ – больш за 600 тысяч рублёў. Прадаўжаецца ўцяпленне фасада будынка, плошча работы складзе 1600 квадратных метраў (работы выкананы на 65-70 %), дах памяняем з дадатковым уцяпленнем на плошчы 760 квадратных метраў (зроблена 50 % задання). Пры ўмовах сухога надвор’я працуем тут кожны дзень, да пачатку навучальнага года аб’ект будзе ўведзены ў эксплуатацыю – дзеці прыйдуць вучыцца ў абноўленую школу.

– Ужо звыкла, што прафесійнае свята будаўнікі сустракаюць у клопатах. Дзе яшчэ паспелі папрацаваць сёлета?

– З найбольш буйных аб’ектаў – рамонт рэнтгенкабінета Рэспубліканскай туберкулёзнай бальніцы “Наваельня”, капітальны рамонт шматкватэрнага дома па вуліцы Перамогі, 28 у горадзе Дзятлаве. Папрацавалі на рамонце агароджы каля адміністрацыйнага будынка раённай пракуратуры, у Лідзе паўдзельнічалі ў сезонных работах на рамонце жылога дома.

На аб’екце працуе тэхніка прадпрыемства, а таксама комплексная брыгада па ўцяпленні фасадаў з 15 чалавек і брыгада страхароў з 6 чалавек. Большасць будаўнікоў раёна – людзі, якія ўсё жыццё прысвяцілі будаўніцтву, сярод іх – маляр-тынкоўшчык 4 разраду Яніна Жук. Адукацыю яна атрымала ў прафтэхвучылішчы № 119 горада Гродна (цяпер ліцэй № 1) і ўжо 32 гады працуе ў гэтай сферы. За гэты час разам з калегамі будавала і рамантавала дамы ў Дзятлаве і раёне, Лідзе, Гродне, Слоніме, Карэлічах і нават Барысаве.

– Брыгада ў нас комплексная, таму не дзелім работу на “мужчынскую” і “жаночую”, разам робім уцяпленне плітамі мінеральнай ваты, заводзім сетку, фарбуем, – расказвае жанчына. – Тое, што нам не па сіле, мужчыны дапамагаюць.

Усім будаўнікам Яніна Станіславаўна жадае моцнага здароўя, удачы і натхнення, а таксама вялікіх аб’ёмаў работы і добрых заробкаў.

Акрамя брыгадзіра, на будоўлі працуюць яшчэ дзве абаяльныя жанчыны – Лілія Аляксейчык і Алена Вашко. Яны ідуць у прафесіі разам: гадоў 9 працавалі вахцёрамі ў інтэрнаце “Будкомплекса”, у 2008-м прыйшлі ў будаўнічую брыгаду, заўжды разам, як нітачка з іголачкай, дапаўняюць адна адну і дапамагаюць.

– Нам вельмі падабаецца работа, дружны калектыў, спагадлівае начальства. Ды і справа такая, што не засумуеш, – дзеліцца Лілія Анатольеўна. – Праўду кажуць, што чалавек да ўсяго прызвычайваецца, вось і мы абвыкліся ў некалі новай прафесіі, цяпер іншай і не хочацца. Прыемна бачыць вынік працы, дома таксама прымяняем атрыманыя навыкі. Усім, хто працуе ў будаўніцтве, жадаем здароўя, дабрабыту і радасці.

Па волі лёсу на рэканструкцыі Новаяльнянскай школы працуе жыхар гарпасёлка аўтакранаўшчык Сяргей Кузьма. Прафесію ён атрымаў у Карэліцкім СПТВ-125, працуе ў ёй не адно дзесяцігоддзе з любоўю да сваёй справы, у “Будкомплексе” – ужо дзявяты год. Яму па душы работа з тэхнікай і раз’язны характар дзейнасці: за гэтыя гады аб’ехаў уздоўж і ўпоперак не толькі Дзятлаўскі раён, але і ўсю Гродзеншчыну. Тое, што рамантуецца школа ў родным пасёлку, выклікае ў мужчыны задавальненне і гонар за свой раён.

– Хоць мае дзеці даўно ўжо скончылі гэту школу, рады, што для новых пакаленняў навучэнцаў будуць створаны добрыя ўмовы і што я таксама ўдзельнічаю ў гэтым працэсе, – кажа Сяргей Іосіфавіч. – Сёлета ў першы клас у Астраўцы пойдзе мая ўнучка, таму мне блізкая гэта тэма. Хочацца, каб усе дзеці атрымлівалі веды ў цяпле і ўтульнасці. Калегам-будаўнікам жадаю мірнага неба, дастатку і моцнага здароўя, каб плённа працавалі яшчэ шмат гадоў.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga