Трэція ў вобласці па выніках работы

Важнае Грамадства

Да прафесійнага свята Дзятлаўскі філіял Гродзенскага аблспажыўтаварыства падышоў з абнаўленнямі, набыткамі і дасягненнямі.

Аб самым істотным у рабоце філіяла расказаў яго дырэктар Мікалай Гародка:

– За гады існавання спажывецкая кааперацыя заўсёды заставалася вернай галоўнай мэце – стварэнню дабрабыту людзей, забеспячэнню іх усім самым неабходным. Сёння над гэтым працуюць 375 работнікаў нашага калектыву, якія абслугоўваюць больш за 23 тысячы дзятлаўчан, 50 % з якіх – жыхары сельскай мясцовасці. Мы някепска спрацавалі ў 2022 годзе: праводзілася мэтанакіраваная работа па развіцці філіяла, мадэрнізацыя і ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы галін, на якую было накіравана 249 тысяч рублёў. Па выніках работы за 2022 год мы выканалі 5 з 8 прагнозных паказчыкаў, калектыву Дзятлаўскага філіяла прысуджана 3 месца ў вобласці.

– На чым трымаецца сучасная спажывецкая кааперацыя?

– Як і ва ўсе часы, вядучай у сістэме спажывецкай кааперацыі застаецца гандлёвая галіна. Сёння філіял з’яўляецца асноўным аператарам па гандлёвым абслугоўванні сельскага насельніцтва раёна. У сельскай мясцовасці размешчаны 25 магазінаў (больш за палову ад гандлёвых аб’ектаў раёна). Астатнія населеныя пункты згодна з графікам абслугоўваюць 8 аўтамагазінаў – гэта 175 вёсак.

Стараемся зрабіць гандаль даступным як у геаграфічным плане, так і ў цэнавым: рэгулярна праводзім акцыі са зніжэннем рознічных цэн, у нашых гандлёвых аб’ектах таксама можна бачыць жоўтыя і зялёныя цэннікі. У мінулым годзе гандлёвая галіна далучылася да агульнарэспубліканскай праграмы па прадастаўленні скідкі на тавары першай неабходнасці сацыяльна ўразлівым катэгорыям грамадзян. За 2022 год у гандлёвай сетцы прадастаўлена сацыяльных скідак на суму 73 тысячы рублёў (0,36 % ад гадавога тавараабароту). Важнай падзеяй мінулага года стала адкрыццё сумеснага з вытворцам фірменнага магазіна “Марк Фармэль” у горадзе Дзятлаве, які абсталяваны новым касавым і гандлёвым абсталяваннем.

Для паляпшэння абслугоўвання сельскага насельніцтва набыты спецыялізаваны аўтамагазін і хлебны аўтамабіль Газ-3302.

Актыўна праводзіцца работа па аўтаматызацыі гандлёвай сеткі. На 1 чэрвеня аўтаматызавана 27 магазінаў і гандлёва-размеркавальны склад (60 % гандлёвых аб’ектаў філіяла). Магазіны абсталяваны спецыяльнымі камп’ютарна-касавымі сістэмамі ўліку руху тавараў, што дазваляе праводзіць аналіз продажаў для абнаўлення асартыменту, кантроль за тэрмінамі прыдатнасці.

– Якія навіны ў сферы грамадскага харчавання і нарыхтовак?

– Вядзём работу па абнаўленні асартыменту ў адпаведнасці з перавагамі спажыўцоў – за год укаранілі 10 новых найменняў прадукцыі, у тым ліку стравы нацыянальнай кухні. Рэгулярна прымаем удзел у выязных мерапрыемствах, ва ўласных аб’ектах грамадскага харчавання арганізоўваем комплексныя абеды і фуршэты, абслугоўваем семінары, юбілеі, вяселлі. Калі вы чакаеце гасцей і не маеце часу гатаваць пачастункі, можна іх заказаць у нас на вынас. Таксама актыўна ўключаемся ў турыстычны рух, распрацоўваем нацыянальнае меню.

Стабільна працуе сфера нарыхтовак: закупляем лішкі сельскагаспадарчай прадукцыі ў насельніцтва, за 2022 год сума закупак склала амаль 5 мільёнаў рублёў. Таксама даём людзям магчымасць рэалізоўваць сельгаспрадукцыю самастойна на рынках, якія функцыянуюць у райцэнтры і гарадскіх пасёлках.

– Ці існуе прадукт, які можна назваць візітнай карткай раёна?

– Гэта дзятлаўскі хлеб, які даўно стаў папулярным не толькі ў раёне, але і за яго межамі. Сёння наш хлебны цэх выпускае каля 4 тон хлеба ў суткі: падавы, дыетычны, “кірпічык”, які найбольш любяць дзятлаўчане і не толькі яны. Наш хлеб “едзе” ў Слонімскі, Шчучынскі, Лідскі, Навагрудскі і Карэліцкі раёны Гродзеншчыны. Таксама забяспечваем магазіны вялікім асартыментам хлебабулачнай і кандытарскай прадукцыі.

Спецыяльна для вялікіх і маленькіх святаў выпякаем духмяныя караваі – імі сустракалі гасцей на “Зецельскім фэсце”, дастойна прадставілі Дзятлаўшчыну на тэматычным свяце “Бацькава булка” ў Свіслачы.

Яшчэ прамысловасць раёна прадстаўлена забойным цэхам і цэхам паўфабрыкатаў. Свежую мясную прадукцыю і стравы з яе можна набыць у магазіне “Родны кут” у Дзятлаве, істотную частку прадукцыі адпраўляем на экспарт.

– Што пажадаеце калегам з нагоды свята?

– Найперш хачу адзначыць усіх работнікаў спажывецкай кааперацыі за адказнасць і мэтанакіраванасць, адданасць абранай прафесіі і жаданне ўнесці асабісты ўклад у агульную справу. Асаблівыя словы ўдзячнасці хочацца выказаць на адрас ветэранаў галіны. Іх працавітасць і вернасць сваёй справе – яркі прыклад для маладога пакалення. Зададзеная імі планка прымушае нас сёння працаваць так, каб адпавядаць гэтаму высокаму ўзроўню. Усім калегам жадаю моцнага здароўя, дабрабыту, мірнага неба над галавой і стваральнай працы для сваёй сям’і, краіны.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga