Цікава, камфортна, з добрым настроем

Важнае Спорт і турызм

25 ліпеня на базе Дварэцкага сельскага савета пад кіраўніцтвам старшыні раённага Савета дэпутатаў Аляксандра Бараноўскага з удзелам старшыняў сельвыканкамаў адбылося выязное пасяджэнне раённага міжведамаснага каардынацыйнага савета па фізічнай культуры, спорце і турызме пры Дзятлаўскім райвыканкаме.

Аб турыстычным патэнцыяле дварэцкіх мясцін удзельнікам сустрэчы расказала старшыня сельвыканкама Вера Добыш. Яна адзначыла, што ў гэтай зямлі самабытная гісторыя, якая, па ўзгадванні ў пісьмовых крыніцах, бярэ свой пачатак з ХV стагоддзя. Буйнейшым мясцовым родам слылі Пратасевічы, з імёнамі якіх звязаны многія мясцовыя славутасці. Вера Анатольеўна пералічыла, што для захавання гісторыка-культурнай спадчыны сёлета было добраўпарадкавана пахаванне Апалінарыі Пратасевіч, пачышчаны і пафарбаваны “самотны анёл” на яе помніку, рэгулярна ажыццяўляюцца падкосы і ўборка смецця, дэманціравана струхнелая драўляная агароджа, зроблены масток для пераходу на могілкі, а на беразе Моўчадзі паставілі стол і лаўкі, па дарозе да капліцы спілавалі старыя аварыйныя дрэвы. Адным словам, цікавыя для турыстаў мясціны становяцца ўсё больш прывабнымі.

На актуальных аспектах развіцця турызму на тэрыторыі Дварэцкага сельсавета і агульных перспектывах яго развіцця на Дзятлаўшчыне спынілася галоўны спецыяліст сектара спорту і турызму райвыканкама Наталля Калодка. Адзначыла, што фармат выязнога пасяджэння быў абраны, каб паказаць прысутным на практыцы, наколькі цікавымі могуць быць розныя куточкі раёна, што яны павінны раскрываць свой турыстычны патэнцыял, прыносіць грашовыя сродкі, якія можна скіраваць як на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы, так і на далейшае развіццё тэрыторый. Дварэцкі сельсавет быў выбраны не выпадкова, і пра яго багатую гісторыю раскажа атэставаны экскурсавод Алена Абрамчык. Прысутныя ацэняць, якую якасць экскурсійных паслугаў можна атрымаць на законным узроўні. На Дварэччыне шмат цікавага: славутыя мясціны, рамеснікі, брэндавае свята лёну, ільнозавод, маляўнічая прырода, рака Маўчадка, а касцёл Божага Цела наогул уключаны ў рэспубліканскі маршрут “Нёманская нітка”. Сектарам спорту і турызму ў 2021 годзе для гэтых мясцін быў распрацаваны камбінаваны з элементамі анімацыі водна-пешаходны тур № 492 “Ад Цара да самавара”, а сёлета ён маркіраваны. Маршрут ў 2022 годзе стаў прызёрам абласнога конкурсу на званне лепшага на Гродзеншчыне, у 2023-м прэзентаваны на міжнародным вясновым кірмашы турпаслугаў “Адпачынак-2023”, затым – на турыстычным форуме прафсаюзаў “Адкрый Беларусь” і “Славянскім базары” ў Віцебску. Ён аб’ядноўвае прыемны сплаў на байдарках з пазнавальнай экскурсійнай часткай з элементамі нацыянальнай культуры.

Што тычыцца развіцця турызму на Дзятлаўшчыне ў цэлым, то створаны канкрэтныя віды паслугаў і маршруты, распрацаваны чэк-ліст на маршрут “Дарогамі Дзятлаўшчыны”. Стаўка робіцца на варыятыўны падыход, пабудову індывідуальных праграм вандровак пад запыты саміх турыстаў. Пастаянная ж задача раёна для канкурэнтаздольнасці на рынку турпаслугаў – падтрыманне парадку, добраўпарадкаванне і ўдасканаленне турыстычнай інфраструктуры і цеснае міжведамаснае супрацоўніцтва.

У якім аб’ёме выкананы работы па ўкараненні сістэмы дзяржаўных сацыяльных стандартаў у сферы фізічнай культуры і спорту па абслугоўванні насельніцтва раёна за першае паўгоддзе 2023 года, расказаў загадчык сектара спорту і турызму Дзмітрый Ёда і азнаёміў прысутных з ходам выканання ў 2023 годзе мерапрыемстваў Дзяржаўнай праграмы развіцця фізічнай культуры і спорту ў Рэспубліцы  Беларусь на 2021-2025 гады на тэрыторыі Дзятлаўскага раёна. Ён адзначыў, што ў сферы спорту выконваюцца 2 сацстандарты: забяспечанасць бюджэтных расходаў на фізічную культуру і спорт і забяспечанасць спартыўнымі збудаваннямі. На выкананне першага нарматыву сёлета выдзелена 368 тысяч рублёў, у тым ліку 142 тысячы на фізкультурна-спартыўны клуб і 225 тысяч на Дзятлаўскую ДЮСШ, іх асваенне ўжо склала 58, 9 %. Штогод у раёне праходзіць каля 150 мерапрыемстваў, сёлета было 19 абласнога ўзроўню, яшчэ 1259 нашых спартсменаў паўдзельнічалі ў выязных мерапрыемствах. Выканана ў раёне і забяспечанасць спартыўнымі збудаваннямі. У 2021-2022 гадах рэалізаваны ўсе мерапрыемствы дзяржпраграмы па спорце і турызме, у тым ліку па ахопе навучэнцаў спортпадрыхтоўкай і аздараўленнем. Да канца года мяркуецца выканаць і такі паказчык, як павышэнне майстэрства спартсменаў да ўзроўню ІІ і ІІІ юнацкіх разрадаў, а па колькасці тых, хто павысіў яго да ўзроўню І разрада і кандыдатаў у майстры спорту паказчык ужо выкананы.

Дырэктар Дзятлаўскай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы Святлана Лагута расказала аб функцыянаванні спецыялізаваных па спорце класаў. Такі клас на 12 вучняў працуе на базе сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава, трэніровачны працэс у ім ладзяць трэнеры ДЮСШ, сёлета 2 навучэнцы ўжо перадаюцца ў вучылішча алімпійскага рэзерву. З верасня там жа мяркуецца адкрыць яшчэ адзін клас на 9 вучняў.

Дырэктар раённага фізкультурна-спартыўнага клуба Вольга Васіленка вяла размову аб укараненні арганізацыйных і метадычных асноваў Дзяржаўнага фізкультурна-аздараўленчага комплексу Рэспублікі Беларусь у практыку арганізацыі правядзення раённых спартыўна-масавых мерапрыемстваў па выкананні і здачы нарматываў комплексу сярод арганізацый і ўстановаў раёна з прыцягненнем максімальнай колькасці насельніцтва.

Пагутарылі таксама аб стане аб’ектаў турыстычнай індустрыі, выкананні пратакола даручэнняў міжведамаснага савета і комплекснага плана мерапрыемстваў па развіцці турызму на Дзятлаўшчыне на 2023 год, задачах надалей.

Пасля афіцыйнай часткі ўдзельнікаў сустрэчы чакала знаёмства з турыстычнымі аб’ектамі дварэцкай зямлі. Спачатку яны наведалі Дом культуры, дзе пабывалі на майстар-класе па пляценні лазы Сяргея Балыкова і праз этнаграфічную экспазіцыю ад загадчыцы ўстановы Людмілы Баклушынай даведаліся пра побытавую культуру сялян. Затым гасцям прадставілі фрагменты тэматычнай экскурсіі “Дарогамі Дзятлаўшчыны”. Яны пабывалі каля касцёла Божага Цела, пабачылі “самотнага анёла”, на прычале ракі Моўчадзь, дзе стартуе водна-пешаходны тур № 492 “Ад Цара да самавара”, сустрэліся з Царом, азнаёміліся і з іншымі аб’ектамі аграгарадка.  На аграсядзібе “Каля дуба” гаспадар Сяргей Калпінскі прэзентаваў турыстычныя паслугі, якія тут аказваюцца. Наведалі ўдзельнікі выязнога пасяджэння і месца пахавання ахвяраў Вялікай Айчыннай вайны ў вёсцы Коцьткі, дзе аддалі даніну памяці і ўсклалі кветкі. На фінішы водна-пешаходнага тура ў гарпасёлку Наваельня “каля самавара” пабачылі яшчэ адзін фрагмент экскурсіі з элементамі анімацыі і гастранаміі, танцавалі, спявалі, ладзілі гульні. Напрыканцы зрабілі выснову, што адпачынак на Дзятлаўшчыне можа і павінен праходзіць цікава, камфортна, з добрым настроем і станоўчымі ўражаннямі.

Ірына СТЫРНІК  

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: