Ад бібліятэчнай справы да моладзевага парламентарызму

Галоўнае Улада

18 ліпеня прайшло чарговае пасяджэнне сесіі Дзятлаўскага раённага Савета дэпутатаў 28 склікання пад кіраўніцтвам старшыні райсавета Аляксандра Бараноўскага.

Удзел у яе рабоце прынялі члены раённага выканаўчага камітэта, кіраўнікі аддзелаў і арганізацый, старшыні сельвыканкамаў, а таксама старшыня моладзевага парламента пры раённым Савеце дэпутатаў Анастасія Маскаль. На парадак дня было вынесена 8 пытанняў.

 

Аб бібліятэчнай справе на Дзятлаўшчыне ў разрэзе сённяшняга і перспектывах заўтрашняга дня расказаў загадчык сектара культуры райвыканкама Васіль Шыцько. Падкрэсліў, што ва ўмовах імклівага прагрэсу бібліятэка эвалюцыяніруе ва ўнікальную крыніцу захавання інфармацыі. На Дзятлаўшчыне функцыянуюць раённая, дзве гарпасялковыя, 7 сельскіх бібліятэк, тры з якіх – бібліятэкі-клубы. Штогод яны абслугоўваюць больш за 5,5 тысячы чытальнікаў, кнігавыдача складае каля 900 тысяч экзэмпляраў. На 2023 год на папаўненне фондаў запланавана 82 тысячы 703 рублі, за кошт падарункаў чытачоў сёлета дадалося 102 экзэмпляры. Бібліятэчная дзейнасць папулярызуецца праз супрацоўніцтва з раённай газетай “Перамога” і наведванне арганізацый у рамках праекта “Навіны друкаванага двара”. Значная ўвага нададзена абслугоўванню жыхароў аддаленых вёсак праз выезды бібліобуса па 10 маршрутах у 52 населеныя пункты, у тым ліку з далучэннем спецыялістаў сектара нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва Цэнтра культуры і народнай творчасці. На даму і ў сацыяльных установах абслугоўваюцца маламабільныя грамадзяне. На базе бібліятэк працуюць аматарскія аб’яднанні па інтарэсах, рэалізуюцца праекты па забеспячэнні пераемнасці культурнай спадчыны, раскрыцці творчага патэнцыялу. У рамках сацыяльна-культурнай дзейнасці за першае паўгоддзе праведзены 375 мерапрыемстваў па патрыятычным, духоўна-маральным выхаванні, здаровым ладзе жыцця, краязнаўстве, да святаў і юбілейных дат. Вядзецца работа з непаўналетнімі, ладзяцца тэматычныя і дыялогавыя пляцоўкі, актыўна асвойваецца інтэрнэт-прастора і сацыяльныя сеткі, ствараюцца не толькі відэарэсурсы, але і краязнаўчыя базы даных. Так, Казлоўшчынская гарпасялковая бібліятэка з інтэрнэт-праектам “Нашы землякі” заняла І месца ў рэспубліканскім конкурсе на лепшы культурны праект патрыятычнай тэматыкі. У 2023 годзе раённая бібліятэка наладзіла сувязь з беларусамі ў Расійскай Федэрацыі, было падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве з грамадскай арганізацыяй Рэспублікі Комі. У межах пазабюджэтнай дзейнасці бібліятэчнымі ўстановамі аказвецца 24 віды платных паслуг. Сярод запатрабаваных – карыстанне кнігамі звыш тэрміну, ксеракапіраванне, арганізацыя мерапрыемстваў па запытах чытачоў, экскурсіі з тэатралізацыяй. Сярод перспектыўных задач – прадоўжыць удзел у акцыях і конкурсах, папулярызаваць сваю дзейнасць, ствараць інфарэсурсы па гісторыі і сучаснасці Прынёмання, распрацоўваць і ажыццяўляць прафілактычныя мерапрыемствы.

Тэму дапоўнілі дырэктар Дзятлаўскай раённай бібліятэкі Вольга Бойка і старшыня Новаяльнянскага сельвыканкама Людміла Радзевіч, падрабязней спыніўшыся на рабоце канкрэтных бібліятэчных установаў.

З дзейнасцю моладзевага парламента пры раённым Савеце дэпутатаў за апошнія два гады прысутных азнаёміла начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Марына Лашкоўская. Яна падкрэсліла, што пошук і ўкараненне каардынатарамі эфектыўных практык спрыяе фарміраванню ў моладзі грамадзянскасці і патрыятызму як сістэмных якасцяў асобы і дазваляе парламенту быць вядучай пляцоўкай па рэалізацыі моладзевых праектаў і ініцыятываў. Усяго іх выканана 37, прычым 18 сталі пераможцамі абласных і рэспубліканскіх конкурсаў. Маладыя дэпутаты былі ініцыятарамі і актыўнымі удзельнікамі кампаній па захаванні гістарычнай памяці, прапагандзе здаровага ладу жыцця, праявілі цікавасць да заканадаўчай дзейнасці. Яркімі прыкладамі іх справаў, рэалізаваных у супрацоўніцтве з райвыканкамам, Саветам дэпутатаў, раённымі арганізацыямі грамадскіх аб’яднанняў, аддзеламі Следчага камітэта і па надзвычайных сітуацыях былі патрыятычныя акцыі па добраўпарадкаванні тэрыторый аб’ектаў культурна-гістарычнай спадчыны, азеляненне мікрараёнаў. Распрацаваны і комплекс мерапрыемстваў па папулярызацыі роднага краю, знаёмстве з біяграфіямі землякоў, якія зрабілі значны ўклад у развіццё Дзятлаўшчыны. Высокі матывацыйны эфект мела работа пляцоўкі “Моладзь Дзятлаўшчыны: вектары росту”, адным з важных вынікаў якой стала рэалізацыя сацыяльнай ініцыятывы “Моладзевае пасланне нашчадкам з Года гістарычнай памяці” з закладкай капсулы часу. Перадавы вопыт парламента і раённага валанцёрскага клуба “Мы разам” па прапагандзе здаровага ладу жыцця быў паспяхова прадстаўлены ў ходзе абласнога прафілактычнага марафону “Місія жыць” пад эгідай рэспубліканскага антынаркатычнага руху “ВЕК”. Значнай была роля парламента як ініцыятара дзейнасці па стварэнні моладзевага турысцка-краязнаўчага і гісторыка-культурнага брэнда свайго рэгіёна. У раёне рэалізуецца праект музейнага рэтрыта, высока адзначаны Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь на ХХ рэспубліканскай навукова-метадычнай выставе да Года міру і стварэння. У рамках турысцка-краязнаўчага кластара таксама ажыццяўлялася шырокае далучэнне моладзі раёна да рэалізацыі праектаў “Топ-10 турысцкіх аб’ектаў Дзятлаўшчыны ў фармаце 3D”, “Гістарычны хранограф Дзятлаўшчыны”, “Гастранамічны квэст “Бабка едзе ў госці”, раённага фестывалю музеяў установаў адукацыі “Нам ёсць чым ганарыцца, нам ёсць што захоўваць” і іншых. Адзначаюцца дасягненні ў фарміраванні прававой культуры моладзі. Як адзін з прыкладаў – перамога ў абласным і рэспубліканскім конкурсах “Права на дзяцінства-2023” Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь. Разам з тым работа па павышэнні прававой і палітычнай культуры, фарміраванні эканамічна граматнага тыпу мыслення патрабуюць далейшага ўдасканалення і павінны стаць першачарговымі задачамі ў рабоце моладзевага парламента 7 склікання, састаў якога будзе сфарміраваны ўжо ў сёлетнім кастрычніку. Моладзевы орган – гэта не дзелавая гульня, а сапраўдная школа вопыту і лідарства для актывістаў.

Аб узаемадзеянні з дэпутацкім корпусам, кіраўніцтвам, адказнымі службамі і грамадскімі аб’яднаннямі раёна, дзейнасці і дасягненнях, удзеле маладых дэпутатаў у грамадска-палітычных працэсах, вырашэнні сацыяльна значных задач, праектах і ініцыятывах расказала каардынатар дзейнасці моладзевага парламента пры раённым Савеце дэпутатаў, яна ж педагог-арганізатар Дзятлаўскага раённага цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Ірына Мішчанка. Былі разгледжаны і іншыя пытанні, вынесеныя на парадак дня работы сесіі, па ўсіх прыняты рашэнні.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: