Ва ўсіх справах дзейнічаць наступальна і абдумана

Важнае Улада

На пасяджэнні райвыканкама разгледзелі рэалізацыю ўказаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па фінансавым аздараўленні сельскагаспадарчых арганізацый Дзятлаўшчыны; дзейнасць суб’ектаў прафілактыкі і зацікаўленых ведамстваў па папярэджанні злачынстваў супраць жыцця і здароўя грамадзян, у тым ліку ў сферы хатняга гвалту.

У нарадзе прынялі ўдзел першы намеснік міністра ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь Юрый Назаранка, начальнік арганізацыйна-аналітычнага ўпраўлення МГБ МУС Рэспублікі Беларусь Вадзім Петыш, першы намеснік начальніка ўпраўлення ўнутраных спраў Гродзенскага аблвыканкама Андрэй Бакач.

Усе сямейна-бытавыя злачынствы ўчынены мужчынамі

У 2022 годзе, дзякуючы сумеснай зладжанай рабоце ўсіх суб’ектаў прафілактыкі Дзятлаўскага раёна, была на належным узроўні арганізавана прававая свядомасць і дасведчанасць грамадзян у галіне прафілактыкі і папярэджання правапарушэнняў.

Летась амаль удвая знізілася колькасць злачынстваў супраць жыцця і здароўя грамадзян, не было росту тых, якія адносяцца да катэгорыі цяжкіх і асабліва цяжкіх. З ліку злачынстваў, учыненых у сферы сямейна-бытавых адносінаў 6 здзейснена непрацуючымі грамадзянамі, 8 – у стане алкагольнага ап’янення, 6 – раней судзімымі асобамі. Усе яны ўчынены мужчынамі.

Ад рук сваіх блізкіх пацярпела 12 чалавек, з якіх адзін з’яўляўся бацькам, 2 – жонкамі, 6 – сужыцелькамі, 3 – сынамі.

– Гледзячы штодзённа ў міліцэйскія зводкі, адзначаю для сябе, што часта паводзіны бытавых злачынцаў не паддаюцца разумнай логіцы і розуму. Пры гэтым правапарушэнні ў сферы сямейна-бытавых адносінаў зараз ператварыліся ў адну з самых распаўсюджаных негатыўных сацыяльных з’яў. У гэтым сэнсе бытавая злачыннасць уяўляе сабой асаблівую сацыяльную небяспеку, якая, лічу, выклікае неабходнасць пастаяннага ўдасканалення работы па яе прафілактыцы з боку як праваахоўных органаў, так і іншых суб’ектаў прафілактыкі, нягледзячы на тое, што ў нашым раёне абстаноўка адносна спакойная, кантралюемая, – выказаў сваё меркаванне кіраўнік раёна Андрэй Садоўскі.

У 2022 годзе ў аддзеле ўнутраных спраў райвыканкама зарэгістравана значна менш паведамленняў па фактах сямейных скандалаў – 291 (летась – 345), больш за ўсё – у райцэнтры (68). Сур’ёзны рост зваротаў на нумар 102 па сямейных скандалах адзначыўся на тэрыторыі Парэцкага сельвыканкама. Як заўважыў начальнік аддзела ўнутраных спраў райвыканкама Аляксандр Біль, адсутнасць доўгі час участковага інспектара ў вызначаных населеных пунктах адбілася на агульнай абстаноўцы, аднак участак не заставаўся без кантролю праваахоўнікаў: рэгулярна прыёмы для мясцовых жыхароў праводзіў другі ўчастковы інспектар, неаднаразова комплексна адпрацоўваўся дадзены сельсавет. Кіраўнік раёна Андрэй Садоўскі звярнуў увагу старшыні сельвыканкама Аляксандра Ядэйкі на недастатковую работу іншых суб’ектаў прафілактыкі на месцы, паколькі не толькі міліцыя нясе адказнасць за недапушчэнне супрацьпраўных паводзінаў грамадзян.

Важным элементам пры арганізацыі папераджальнай дзейнасці з’яўляецца ізаляцыя грамадзян у лячэбна-працоўныя прафілакторыі і абмежаванне іх у дзеяздольнасці. У мінулым годзе ў ЛПП ізаляваны 41 жыхар раёна.

Першы намеснік міністра ўнутраных спраў Юрый Назаранка завастрыў увагу на тым, што ў справе прымусовага накіравання грамадзян у ЛПП, якія не жадаюць працаваць і злоўжываюць алкаголем, на каго ніяк не дзейнічаюць прафілактычныя меры, трэба быць больш настойлівымі.

– З гэтай катэгорыяй людзей дзейнічаць наступальна. Іншага механізма, каб людзі былі задзейнічаны ў эканоміцы і праходзілі лячэнне, проста няма. Хтосьці “перафарматуецца”, а хто не – зноў на год-паўтара ў ЛПП, – падкрэсліў Юрый Генадзьевіч.

Цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна ў 2022 годзе 173 дзятлаўчанам, якія пацярпелі ад хатняга гвалту, аказаны сацыяльныя паслугі і псіхалагічнае кансультаванне, 98 – псіхасацыяльная падтрымка, 92 – псіхалагічная дапамога. Паслугамі “крызіснага” пакоя летась скарыстаўся адзін грамадзянін.

Не застаюцца без увагі сем’і, якія выхоўваюць непаўналетніх дзяцей. Цяпер на Дзятлаўшчыне 11 сем’яў знаходзяцца ў сацыяльнаненадзейным становішчы, 43 сем’ям аказваецца кансультатыўная дапамога. Аддзелам адукацыі і праваахоўнікамі ажыццяўляецца пастаянны кантроль за імі. Пры неабходнасці дзяцей забіраюць з такіх сем’яў і змяшчаюць у сацыяльны прытулак, пакуль бацькі не выправяць свае паводзіны.

Юрый Назаранка пракаменціраваў тэму работы з сацыяльна ненадзейнымі сем’ямі:

– Жорстка працуйце, шкадуйце не бацькоў, а дзяцей. Калі супрацоўнікі аддзела ўнутраных спраў на камісіі па справах непаўналетніх агучваюць неабходнасць забіраць дзяцей, забірайце, інакш можа скончыцца трагедыяй, як у Слуцкім раёне, дзе бацька двума ўдарамі нагі забіў трохгадовага сына. Напярэдадні на камісіі там, на жаль, не пачулі супрацоўніка РАУС.

Увогуле сітуацыю ў Дзятлаўскім раёне намеснік міністра назваў спакойнай і кантралюемай па ўсіх пазіцыях.

Таксама акцэнтаваў увагу прысутных на такіх актуальных пытаннях у сферы грамадскай бяспекі, як папярэджанне наркаманіі ў непаўналетнім асяроддзі, выяўленне фактаў педафіліі, рэцыдыўная злачыннасць.

Ці дастаткова фінансаў для здароўя дзятлаўскіх гаспадарак?

Старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі па другім пытанні пасяджэння адзначыў, што дзяржавай створаны ўсе неабходныя ўмовы для фінансавага аздараўлення сельгасарганізацый. Тым не менш, некарэктна састаўленыя бізнес-планы не дазволілі нашым гаспадаркам поўнасцю іх выканаць.

Працэдура фінансавага аздараўлення сельскагаспадарчых арганізацый у рамках дзеяння ўказа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь праводзілася ў двух прадпрыемствах раёна: КСУП “Хвінявічы” і ААТ “Дварэц-Агра”.

За 2022 год у ААТ “Дварэц-Агра” вытворчыя і фінансавыя паказчыкі, устаноўленыя ў бізнес-плане фінансавага аздараўлення на 2020-2028 гады, выкананы ў няпоўным аб’ёме. Напрыклад, па надоях малака паказчык склаў 104,8 %, а па вытворчасці прадукцыі вырошчвання буйной рагатай жывёлы гаспадарка спрацавала з “мінусам”, “не дабрала” 18 тон. Пагалоўе буйной рагатай жывёлы за год зменшылася на 744 галавы, пры гэтым у вытворчасці прадукцыі раслінаводства выкананы паказчык валавога збору збожжавых і зернебабовых культур на 156,5 %.

Фінансавыя абавязацельствы ААТ “Дварэц-Агра” павялічыліся на 218,0 тысячы рублёў да запазычанасці па стане на 1 студзеня 2022 года, крэдыторская запазычанасць зменшылася на 3111,0 тысячы рублёў за кошт заліку грашовых патрабаванняў ААТ “Молочный Мир” і разлікаў з іншымі крэдыторамі. У сувязі з набыццём сельскагаспадарчай тэхнікі ў лізінг павялічылася запазычанасць па лізінгавых плацяжах на 2522,0 тысячы рублёў і па доўгатэрміновых бюджэтных пазыках на набыццё тэхнікі на 807,0 тысячы рублёў.

КСУП “Хвінявічы” таксама справілася не з усімі задачамі бізнес-плана фінансавага аздараўлення.

Рост вытворчасці малака перавысіў на 18,9 % планавы паказчык, а вытворчасць прадукцыі вырошчвання буйной рагатай жывёлы за 2022 год склала 90,1 %. Бізнес-план па вытворчасці бульбы са станоўчым вынікам – 101,7 %, цукровых буракоў з адмоўным –  97,4 %.

Разлікі па абавязацельствах гэтай гаспадаркай выкананы ў адпаведнасці з графікамі плацяжоў. Пратэрмінаванай запазычанасці па крэдытных абавязацельствах перад банкамі па стане на 1 студзеня 2023 года не маецца.

Ірына КАМАРОВА
Фота Вольгі ЮШКЕВІЧ

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga