Праблему будучыні вырашаць сёння

Важнае Грамадства

На важнасці прафілактыкі наркаманіі і барацьбы з незаконным абаротам наркотыкаў Генеральная Асамблея ААН засяродзіла ўвагу міжнароднай супольнасці яшчэ ў 1987 годзе, калі прысвяціла праблеме каляндарную дату 1 сакавіка.

Сёння не толькі дарослыя, але і падлеткі ведаюць, што наркаманія – сур’ёзная хвароба, таму ў соцыуме вядзецца актыўная прафілактычная работа. Разам з тым на тэрыторыі Дзятлаўскага раёна ўжо зарэгістраваны 3 злачынствы, звязаныя з незаконным абаротам наркотыкаў. Па крымінальных справах канфіскавана 58,4586 грама наркатычных сродкаў, 2 чалавекі прыцягнуты да адказнасці за ўжыванне адурманьваючых рэчываў і знаходжанне ў грамадскім месцы пад іх уздзеяннем, яшчэ адна асоба – за кіраванне транспартным сродкам у стане наркатычнага “ап’янення”.

Асноўныя прычыны, па якіх людзі пачынаюць прымаць наркотыкі – гэта імкненне да новых адчуванняў, жаданне “зняць стрэс”, уцячы ад шэрых будняў, аднак усяго за некалькі дзён наркотык можа зламаць волю чалавека і поўнасцю падпарадкаваць яго згубнай залежнасці, а за пару гадоў – “выпаліць дашчэнту”.

Варта ведаць прыкметы, якія сведчаць аб тым, што чалавек ужывае наркотыкі:

– вочы не рэагуюць на святло, рухаюцца міжволі, пачырванелі, ненатуральна блішчаць, моцна звужаны ці пашыраны зрэнкі;

– змяніўся колер скуры: яна занадта бледная або пачырванелая;

– мяняецца маўленне: яно становіцца паскораным, падкрэслена выразным, непаслядоўным, з пераскокваннем з тэмы на тэму ці запаволеным, незразумелым;

– змены настрою відавочна не адпавядаюць канкрэтным сітуацыям: з’яўляюцца апатыя, прыгнечанасць, дрымотнасць або беспадстаўная весялосць, смяшлівасць, зласлівасць, агрэсіўнасць;

– мяняецца рухальная актыўнасць, назіраюцца павышаная жэстыкуляцыя, няўседлівасць або млявасць, расслабленасць, імкненне да спакою, незалежна ад сітуацыі, страчваецца каардынацыя;

– павышаная патлівасць, слінааддзяленне ці, наадварот, сухасць у роце і вуснаў;

– нехарактэрныя пахі з рота, ад валасоў, адзення: лекамі, хімічнымі рэчывамі, клеем, растваральнікам або саладкаватыя, падобныя на кмен, мяту, благавоніі;

– зменена свядомасць.

Калі знаходзіцца ўсё больш фактаў і пацверджанняў, неабходна адшукаць у сабе сілы спакойна пагаварыць з чалавекам, пастарацца пераканаць яго звярнуцца па дапамогу да спецыялістаў. Атрымаць патрэбную інфармацыю можна і на інтэрнэт-рэсурсе POMOGUT.BY.

За дзеянні, звязаныя з незаконным абаротам наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналагаў прадугледжана крымінальная адказнасць з пазбаўленнем волі аж да 25 гадоў са штрафам ці без, прычым ў выпадках іх збыту адказнасць надыходзіць з 14 гадоў. Аднак ёсць заўвага, што асоба, якая добраахвотна здала наркатычныя сродкі і актыўна дапамагала выяўленню ці спыненню злачынства, звязанага з іх незаконным абаротам, выкрыццю асобаў, якія іх учынілі, выяўленню маёмасці, здабытай злачынным шляхам, вызваляецца ад крымінальнай адказнасці за гэта злачынства.

Прадугледжана і адміністрацыйная адказнасць (штраф у памеры ад 5 да 15 базавых велічыняў) за дзеянні, звязаныя з ужываннем наркотыкаў ці з’яўленне пад іх уздзеяннем у грамадскіх месцах і на рабоце. За такое ж паўторнае парушэнне на працягу года надыходзіць крымінальная адказнасць са штрафам, арыштам ці абмежаваннем волі да 2 гадоў.

Міліцыя просіць не заставацца раўнадушнымі да незаконнага абароту наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў, пра ўсе вядомыя факты абавязкова паведамляць у групу наркакантролю і супрацьдзеяння гандлю людзьмі АУС Дзятлаўскага райвыканкама па тэлефонах: 2-15-23 або 102. Ананімнасць гарантуецца.

Аляксандр БІЛЬ,
начальнік АУС Дзятлаўскага райвыканкама

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga