Прыняты рашэнні з выпрацоўкай канкрэтных мераў, зацверджаны нагрудны знак

Важнае Улада

Прайшло сумеснае пасяджэнне райвыканкама і сесіі раённага Савета дэпутатаў.

Сумеснае пасяджэнне райвыканкама і сесіі раённага Савета дэпутатаў, на якіх былі разгледжаны вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця і як склаўся бюджэт раёна ў 2022 годзе, вызначаны прыярытэтныя напрамкі дзейнасці на 2023 год, правялі старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі і старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Бараноўскі. Асобна прагучала тэма падрыхтоўкі сельскагаспадарчых арганізацый Дзятлаўскага раёна да правядзення веснавых палявых работ.

 

Праводзячы кароткі аналіз мінулага года, старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі адзначыў, што, нягледзячы на санкцыйны ціск, пошук новых рынкаў збыту, удалося захаваць станоўчую дынаміку ў развіцці раёна. Па выкананні ключавых паказчыкаў наш раён увайшоў у тройку лідараў у вобласці. За 2022 год забяспечана выкананне: мэтавага паказчыка па тэмпе росту намінальнай налічанай сярэднямесячнай заработнай платы; інвестыцыях у асноўны капітал (у супастаўных цэнах); вытворчасці валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі; удзельнай вазе працаўладкаваных грамадзян, якія звярнуліся ў органы па працы, занятасці і сацыяльнай абароне; аб’ёме будаўніча-мантажных работ; заданні па ўводу ў эксплуатацыю агульнай плошчы жылых дамоў і іншыя.

Упэўнены тэмп росту валавой прадукцыі летась прадэманстравала сельская гаспадарка – ён склаў 119,4 %, пры чым больш за 100 % – усе сельскагаспадарчыя прадпрыемствы.

Найбольшы працэнт росту вытворчасці малака дасягнуты ў КСУП “Жукоўшчына”, ААТ “Дварэц-Агра, СГФ “АграМілк”.

У трох сельскагаспадарчых арганізацыях у 2022 годзе дасягнуты надой ад адной каровы звыш 6,0 тысяч кілаграмаў: ААТ “Граніт-Агра”, КСУПах “Жукоўшчына”, “Хвінявічы”.

Забяспечылі рост вытворчасці прадукцыі вырошчвання буйной рагатай жывёлы КСУП “Войневічы”, ААТ “Граніт-Агра”, КСУП “Жукоўшчына”.

Аграрыям шляхам вызначэння аптымальнай структуры пасяўных плошчаў, выканання тэхналогіі вырошчвання раслін, прымянення мінеральных і арганічных угнаенняў удалося атрымаць даволі істотныя вынікі ў раслінаводстве.

Усе сельскагаспадарчыя арганізацыі раёна забяспечылі рост прадукцыі раслінаводства за 2022 год, тэмп росту склаў 134,9 %.

Ва ўсіх катэгорыях гаспадарак выраблена 70 242 тоны збожжа ў вазе пасля дапрацоўкі, што складае 149,3 % да 2021 года, рапсу – 11 186 тон (277,4 % да 2021 года), ільновалакна – 1572 тоны (130,8 % да 2021 года), бульбы – 5262 тоны (93,9 % да 2021 года), цукровых буракоў 33 927 тон (101,3 % да 2021 года), агародніны – 227 тон (139,8 % да 2021 года).

Актыўна рэалізуюцца мерапрыемствы па насычэнні гандлёвых аб’ектаў раёна дастатковым асартыментам тавараў. За 2022 год аб’ём рознічнага тавараабароту гандлю праз усе каналы рэалізацыі склаў 102 431,4 тысячы рублёў або 100,6 % (пры сярэднеабласным паказчыку – 98,2 %). Продаж харчовых тавараў у структуры рознічнага тавараабароту займае 67,1 %.

Пэўныя поспехі дасягнуты ў перабудове таварных патокаў прамысловых прадпрыемстваў. Знешні гандаль ажыццяўляўся з 11 краінамі свету, асноўнымі гандлёвымі партнёрамі дзятлаўскіх вытворцаў з’яўляюцца Расійская Федэрацыя (удзельная вага ў экспарце раёна складае 76,2 %), Рэспубліка Польшча (8,6 %), Рэспубліка Нідэрланды (4,0 %), Кітайская Народная Рэспубліка (3,6 %).

Экспарт паслугаў па раёне за студзень-снежань 2022 года склаў 10 957,3 тысячы долараў ЗША або 176,2 % да аналагічнага перыяду 2021 года.

Што датычыцца інвестыцыйнай дзейнасці, прыцягнута 73 718,0 тысячы рублёў інвестыцый у асноўны капітал. Тэмп росту склаў 121,0 % у супастаўных цэнах да 2021 года, пры мэтавым паказчыку 103,5 %.

Перад суб’ектамі гаспадарання на 2023 год пастаўлены канкрэтныя мэты і напружаныя заданні па нарошчванні экспартнага патэнцыялу, імпартазамяшчэння.

Характарызуючы вынікі выканання бюджэту раёна ў 2022 годзе начальнік фінансавага аддзела райвыканкама Ірына Жэгала адзначыла, што выкананы ўсе планавыя паказчыкі па паступленні даходаў. На фінансаванне сацыяльнай сферы накіравана за справаздачны перыяд 38 509,7 тысячы рублёў, што складае 73,3 % ад удакладненых гадавых прызначэнняў. Гэты факт красамоўна дэманструе, што сацыяльная арыентаванасць бюджэту – не проста словы, а рэальныя справы.

Ключавая задача на 2023 год – павышэнне эканамічнай эфектыўнасці дзейнасці прадпрыемстваў і арганізацый.

Па пытанні пасяджэння па падрыхтоўцы да правядзення веснавых палявых работ першы намеснік старшыні райвыканкама-начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і храчавання Віталій Шулейка адзначыў, што ў сельскагаспадарчых арганізацыях забяспечанасць насеннем яравых збожжавых і зернебабовых культур складае 110 %. Для падсеву шматгадовых траваў аграрыі раёна маюць 38 тон насення або 93 % да патрэбы.

Забяспечанасць праатручвальнікамі насення складае 80 % да патрэбы. Зараз вядзецца іх дазакупка.

Пад яравую сяўбу ўраджаю 2023 года ўнесена і заарана 96 тысяч тон арганічных угнаенняў на плошчы 1600 гектараў. З восені пад зябліва ўнесены калійныя ўгнаенні ў аб’ёме 1213 тон дзеючага рэчыва на плошчы 8100 гектараў і 153 тон дзеючага рэчыва фосфарных угнаенняў на плошчы 3400 гектараў.

Па стане на 21 лютага ў наяўнасці гаспадарак 7500 тон дзеючага рэчыва мінеральных угнаенняў, або 75 % да патрэбы. Забяспечанасць азотнымі ўгнаеннямі складае 84 %, фосфарнымі – 32 %  і калійнымі – 85 %.

Назапашванне мінеральных угнаенняў працягваецца.

Таксама ва ўсіх сельскагаспадарчых арганізацыях Дзятлаўскага раёна вядзецца работа па нарыхтоўцы, вывазцы і ўнясенні на палі арганічных угнаенняў. Нарыхтавана 346 тысяч тон або 80 % да плана.

Гатоўнасць сельскагаспадарчай тэхнікі складае: трактароў, усяго – 91 %, у тым ліку энерганасычаных – 91 %; плугоў і глебаапрацоўчых машын – 91 %; камбінаваных глебаапрацоўчых і глебаапрацоўча-пасяўных агрэгатаў – 86 %; сеялак і бульбасаджалак – 86 %; машын для ўнясення угнаенняў – 87 %.

Пасля пасяджэння выканкама прайшла раённая сесія дэпутатаў, на парадак дня якой было вынесена некалькі пытанняў, у тым ліку спісання нерухомай маёмасці, змяненняў у нарматыўнай дакументацыі і іншыя. Самым адметным стала – зацвярджэнне новай узнагароды Дзятлаўскага райвыканкама – нагруднага знака (з выявай герба горада Дзятлава і надпісам “За заслугі”).

Ірына КАМАРОВА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga