У Дзятлаве праходзіць выязное пасяджэнне Гродзенскага аблвыканкама (абноўлена)

Падзеі

Гродзенскі абласны выканаўчы камітэт выкарыстоўвае такую форму работы, як выязныя пасяджэнні ў рэгіёнах. Гэта дазваляе пабачыць рэальны малюнак справаў на месцах, дапамагчы ў вырашэнні існуючых праблем, даць слушныя парады.

27 ліпеня ўдзельнікаў выязнога пасяджэння з парадкам дня «Аб рабоце Дзятлаўскага раённага выканаўчага камітэта па комплексным сацыяльна-эканамічным развіцці раёна» сустракае Дзятлаўскі раён.  У выязным пасяджэнні прымаюць удзел памочнік Прэзідэнта-інспектар па Гродзенскай вобласці Сяргей Раўнейка, міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Леанід Заяц, член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Інэса Белуш, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Валянцін Міхневіч.

У раённым Цэнтры культуры і народнай творчасці разгорнута выстава дасягненняў прадпрыемстваў і арганізацый Дзятлаўшчыны, з якой госці мелі магчымасць пазнаёміцца, пакуль доўжылася рэгістрацыя.

— Напярэдадні выязнога пасяджэння аблвыканкама ў Дзятлаўскім раёне працавала абласная рабочая група, аналізавала сітуацыю ў эканоміцы, выпрацавала пэўныя прапановы. Мы павінны іх абмеркаваць. Таму спачатку азнаёмімся з шэрагам аб’ектаў вытворчай і сацыяльнай сферы Дзятлаўшчыны, затым сустрэнемся на пленарным пасяджэнні з удзелам кіраўнікоў усіх мясцовых прадпрыемстваў і арганізацый, а пасля невялікага перапынку абмяркуем пытанні сельскай гаспадаркі, — удакладніў парадак дня старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Краўцоў.

Удзельнікаў выязнога пасяджэння павітаў старшыня Дзятлаўскага райвыканкама Аляксандр Дубовік. Ён прапанаваў прагледзець відэафільм аб Дзятлаўшчыне.

Затым удзельнікі пасяджэння раздзяліліся на дзве групы і накіраваліся па вызначаных маршрутах. Першая рабочая група ў складзе членаў аблвыканкама і адказных асобаў з правам дарадчага голасу ў суправаджэнні старшыні Дзятлаўскага райвыканкама Аляксандра Дубовіка выехала найперш у аграгарадок Жукоўшчына. Тут аб рабоце Жукоўшчынскага сельвыканкама па сацыяльна-эканамічным развіцці падведамаснай тэрыторыі расказаў старшыня Валерый Верамейчык. Госці цікавіліся выкананнем сацыяльных стандартаў, у прыватнасці, наяўнасцю лазні, спартыўнай залы, забяспечанасцю медыцынскімі кадрамі Гезгалаўскай амбулаторыі, планамі на ўраджай КСУП «Жукоўшчына», падтрымкай прадпрымальніцкіх ініцыятываў.

Работу сектара па арганізацыі адпачынку «Жукоўшчынскі дом культуры» прадставіла начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Дзятлаўскага райвыканкама Наталля Калодка. Яна зазначыла, што работа ўстановаў культуры арганізавана з улікам запытаў і патрэбаў насельніцтва ў цесным узаемадзеянні з Цэнтрам культуры. Работнікі Жукоўшчынскага дома культуры ўваходзяць у склад тэатра-студыі «Прымакі», якім ганарыцца раён. «Прымакі» прадстаўлялі тэматычную пляцоўку Гродзенскай вобласці на «Славянскім базары» ў Віцебску і на фестывалі нацыянальных культур у Гродне. Адметным мерапрыемствам аграгарадка Жукоўшчына стала Свята яблыкаў, якое ладзілася ў рамках раённага сельскагаспадарчага праекта. Гасцям прадставілі выставу тэхнічнай творчасці, якую падрыхтавалі наведвальнікі гуртка мадэлізму, запрасілі на рэпетыцыю народнага фальклорнага калектыву вёскі Погіры.

Затым удзельнікі сустрэчы накіраваліся ў вучэбна-педагагічны комплекс «Жукоўшчынскі дзіцячы сад-базавая школа», дзе з работай установы іх знаёміла начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Дзятлаўскага райвыканкама Наталля Белаус. Цікавіліся школьным музеем, напаўняльнасцю дзіцячага садка. Затым удзельнікі рабочай групы вярнуліся ў Дзятлава. Тут азнаёміліся з работай таварыства з абмежаванай адказнасцю «Ізакам Пласт». Адзін з сузаснавальнікаў прадпрыемства Сяргей Дымовіч на прыкладзе прадпрыемства расказаў гасцям аб стварэнні новых рабочых месцаў, развіцці прадпрымальніцкай ініцыятывы на Дзятлаўшчыне. ТАА «Ізакам Пласт» было створана некалькі гадоў таму, займаецца вытворчасцю трубаў для гарачага і халоднага водазабеспячэння, працуе рэнтабельна, сёлета пачало вырабляць новую прадукцыю — гнуткія ізаляваныя трубы. Апошнім прыпынкам на маршруце стала адкрытае акцыянернае таварыства «Дзятлаўскі сыраробны завод», большая частка прадукцыі якога рэалізоўваецца на экспарт. Дырэктар прадпрыемства Вадзім Палюховіч расказаў аб рабоце па мадэрнізацыі завода, якая актыўна пачалася з 2008 года. У 2010 годзе быў уведзены ў эксплуатацыю цэх канцэнтравання сыроваткі, у 2011-ым — цэх па вытворчасці чэдарызаваных сыроў з паўаўтаматычнай лініяй, у 2013-ым — пачала працаваць станцыя абезжалезвання вады, у 2015-ым — запушчана лінія па вытворчасці мяккіх італьянскіх сыроў тыпу «Ricotta», «Capresi». За апошнія два гады назіраецца станоўчая дынаміка зніжэння затрат на вытворчасць прадукцыі, расце выручка, у планах — выканаць усе даведзеныя паказчыкі.

І. КАЎКЕЛЬ
Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *