Іван Грэсь: “Трэба шанаваць родны куток”

Свежыя навіны Хто крылы расправіў на роднай зямлі

80 гадоў – адметная дата, таму асабліва прыемна атрымаць шмат віншаванняў з такім важкім юбілеем.

Старасту аграгарадка Парэчча Івану Грэсю пашанцавала на добрыя словы, вясёлыя песні да дня нараджэння і ўвагу землякоў. У рамках праекта “Глыбінкай жыве Беларусь” да яго завіталі артысты сектара нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Ганна Харлінская, Ірына Бакшук і кіраўнік народнага хору ветэранаў “Ветэраны ў страі” Таццяна Шостка, а таксама бібліятэкар філіяла “Хвінявіцкая сельская бібліятэка-клуб” Алена Апанасік. Да іх з падарункамі далучыліся старшыні Парэцкага сельвыканкама Аляксандр Ядэйка і раённага савета ветэранаў Міхаіл Губар.

Пажаданні здаровага актыўнага даўгалецця, сямейнага ладу і дабрабыту, увагі блізкіх людзей, удзячнасці землякоў, светлых шчаслівых дзён і ажыццяўлення ўсіх жыццёвых планаў гучалі толькі для Івана Іванавіча.

Стараста вёскі – паважаны чалавек, а таму цікава было даведацца ў Івана Грэся не толькі яго жыццёвую гісторыю і сакрэты даўгалецця, але і ў якіх грамадскіх справах ён удзельнічае.

Як ні дзіўна, магло стацца так, што Іван Іванавіч ніколі не трапіў бы на Дзятлаўшчыну і не лічыў бы яе сваёй малой радзімай, каб не рэаліі гісторыі. Нарадзіўся ён у вёсцы Залукі Беластоцкай вобласці ў ваенным 1943 годзе. Як вядома, яшчэ ў 1939-ым, пасля ўключэння Заходняй Беларусі ў састаў БССР, Беласточчына стала адной з беларускіх абласцей, аднак пасля акупацыі немцы ўстанавілі там свой парадак. Ужо ў 1944 годзе, пасля вызвалення ад ворага, Беласток і яшчэ 17 навакольных раёнаў былі перададзены Польшчы, і з 1944 па 1946 гады краіна-суседка ажыццяўляла так званы “абмен насельніцтвам” з БССР. Менавіта ў гэты перыяд бацькі Івана Грэся і многія яго сваякі пераехалі ў Беларусь, канчатковы свой выбар спынілі на Дзятлаўшчыне. У тагачаснай вёсцы Парэчча перасяленцаў сустрэлі гасцінна і добразычліва, з часам у іх з’явілася сваё жыллё. Маленькі Іван усім сэрцам палюбіў гэты маляўнічы куток Беларусі, таму менавіта яго і лічыць сваёй Радзімай, хаця лёс яшчэ шмат “павадзіў” яго па белым свеце.

У пасляваенныя гады вясковая дзятва рана прывучалася да стараннай працы і не толькі на ўласным прысядзібным участку і па гаспадарцы, але і, як успамінае Іван Іванавіч, падлеткамі яны з мясцовымі юнакамі нярэдка наймаліся нарыхтоўваць дровы і брыкет для Парэцкага спіртзавода. А ў 1961 годзе Іван, як і многія тагачасныя маладыя беларусы, накіраваўся ў Заходні Казахстан на цаліну, там атрымаў спецыяльнасць – скончыў вучылішча механізацыі. Дамоў юнак вярнуўся, калі прыспеў час ісці ў армію. Служыць трапіў у ваенную часць у Смаленску, дзе быў вадзіцелем. Узгадвае, што служба яму падабалася: побач былі дружныя добразычлівыя хлопцы з розных куткоў вялікай краіны, усе падтрымлівалі адзін аднаго, сябравалі. Падарункам лёсу стала і тое, што ў першае ж звальненне на танцах Іван сустрэў дзяўчыну, каханне да якой затрымала яго на Смаленшчыне амаль на сорак гадоў. Валянціна Радзівонаўна (так звалі першую жонку) прывабіла Івана Грэся сваёй дабрынёй, сумленнасцю, праматой і ўменнем дагаворвацца. Пасля заканчэння службы наш зямляк вырашыў застацца на Смаленшчыне разам з жонкай. Працаваць пайшоў на вялікае прадпрыемства – авіяцыйны завод “Измеритель”, які выпускаў як наземныя прыборы, вузлы і комплексы для ракетна-зенітных войскаў, так і сістэмы прадстартавага кантролю для касмічнай прамысловасці, многую іншую важную для савецкай краіны стратэгічную прадукцыю.

Праблемы са здароўем перашкодзілі Івану Грэсю дапрацаваць да пенсіі, здарылася і яшчэ адно непапраўнае гора – пайшла з жыцця любімая жонка. Невядома, як бы склаўся далейшы лёс, каб не зямлячка з Дзятлаўшчыны, Тамара Віктараўна, якая працавала на пошце і з якой былі знаёмы з юнацтва. Яе падтрымка і разуменне дапамаглі справіцца з болем страты, а паколькі жанчына ведала даўні намер Івана Іванавіча вярнуцца на Дзятлаўшчыну, то ўгаварыла яго не адкладваць пераезд “у доўгі яшчык”.

І вось Івана Грэся зноў прытуліла малая радзіма, сагрэў бацькоўскі дом. Як чалавек, які не ўмее і не любіць сядзець склаўшы рукі, ён адразу ж пачаў яго добраўпарадкаваць, а клапатлівая Тамара Віктараўна стала для яго “другой палавінкай”, разам з якой ужо крочаць па жыцці амаль чвэрць стагоддзя.

Актыўнасць Івана Грэся даўно выйшла за межы прысядзібнага ўчастка.

– Не магу глядзець на безгаспадарлівасць, – прызнаецца мужчына. – Хочацца, каб у родным аграгарадку заўжды панавалі парадак і прыгажосць, а землякам жылося камфортна і ўтульна.

За гэту неабыякавую грамадзянскую пазіцыю Івана Грэся і выбралі старастам Парэчча, неаднаразова адзначалі ўзнагародамі.

– Ён ніколі не пройдзе міма, калі на ліхтары вулічнага асвятлення перагарэла лямпа і патрабуецца яе замена, заўсёды паведамляе пра аварыйныя дрэвы, якія неабходна спілаваць, каб не нарабілі бяды, падтрымлівае пастаянны кантакт з вяскоўцамі сталага ўзросту, заўсёды ў курсе іх клопатаў і праблем, а таму для сельскага савета ён надзейны памочнік, – характарызуе Івана Грэся старшыня Парэцкага сельвыканкама Аляксандр Ядэйка.

У свае шаноўныя 80 гадоў Іван Іванавіч стараецца “не здаваць пазіцый”, прызнаецца, што вельмі любіць хадзіць у лес, пагутарыць з землякамі, мае багатую хатнюю бібліятэку, у якой шмат кніг і падпісных выданняў. Менавіта актыўнасць і ўменне “трымаць сябе ў тонусе”, а таксама добрыя адносіны з людзьмі ён лічыць асабістымі сакрэтамі даўгалецця. Вось і ў юбілейны дзень нараджэння дачакаўся шмат віншаванняў, нават з Масквы і Смаленска.

– Прыемна, калі пра цябе не забываюць, калі ты пакінуў добры след у сэрцах многіх людзей, – зазначае Іван Грэсь.

Ён рады, што вярнуўся на малую радзіму, стараецца як мага болей паспець зрабіць для таго, каб яна прыгажэла.

Маладому пакаленню стараста аграгарадка Парэчча жадае таксама любіць родныя мясціны, а яшчэ моцнага здароўя, мірнага неба над галавой, жыць з розумам, берагчы адзін аднаго, тады, упэўнены ён, добра і шчасліва будзе ўсім.

Ірына СТЫРНІК
Фотаздымкі прадастаўлены сектарам нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: